Свята св. евангеліста Лукі адзначаецца 18 кастрычніка.
Св. Лука не ўваходзіць ні ў лік дванаццаці апосталаў, ні ў лік сямідзесяці двух вучняў Езуса. Паходзячы з паганскай сям’і, становіцца паслядоўнікам Хрыста, далучаецца да св. Паўла і суправаджае яго ў місіянерскіх падарожжах. Пад пільным вокам апостала Лука – як вучань і доктар – рыхтуецца абвяшчаць Добрую Навіну аб збаўленні. І хоць ён ніколі не сустракаўся з Езусам асабіста, Дзеі Апосталаў і Евангелле паводле св. Лукі дайшлі да канцоў свету, да ўсіх народаў, куды Езус хацеў і хоча дайсці.
І мы закліканы абвяшчаць Евангелле
Усе мы пасля хросту, а тым больш пасля прыняцця сакраманту хрысціянскай сталасці, пакліканы несці Добрую Навіну. Як і Лука, які разам з апосталам Паўлам прапаведаваў у розных месцах, кожны з нас ёсць і павінен быць вучнем-місіянерам у асяроддзі, у якім жыве, а таксама выконваць гэтае заданне ў адпаведнасці з дарамі, якія дае Бог.
Вучні, пасланыя Езусам, з’яўляюцца Яго вестунамі. Яны пакліканы ісці ў гарады і вёскі, дзе Настаўнік пазней мае намер тварыць цуды і прапаведаваць Добрую Навіну аб збаўленні чалавека. Вучні павінны сведчыць, што Божае Валадарства ўжо сярод нас – у Езусе, нашым Месіі. Гэтая пасланасць сведчыць аб місійным характары Касцёла, які заснаваў Хрыстос.
Езус пасылае сваіх вучняў па двое, што зразумела, бо сведчанне двух праўдзівае і больш яснае. Два вучні з’яўляюцца таксама пачаткам супольнасці сведкаў, г. зн. Касцёла. Супольнасць абвяшчае Евангелле, і гэта надзвычай важна. Гаворка ідзе пра асабісты досвед каштоўнасці Божага Валадарства і ў той жа час пра яго ўсеагульны характар.
Даверыцца і засяродзіцца на важных справах
Але перш чым Езус адправіць вучняў на асаблівую місію, як работнікаў на жніво, Ён дае ім падрабязныя інструкцыі. Можна сказаць, што гэта першая семінарыя. Менавіта тыя вучні ў будучыні будуць рыхтаваць іншых да місіі абвяшчэння Добрай Навіны аб Божым Валадарстве.
У інструкцыях Хрыста ёсць засцярогі, спецыяльныя рэкамендацыі, розныя каментарыі аб тым, як сябе паводзіць, як ставіцца да жыхароў наведваемых гарадоў, чаго ад іх чакаць, на што разлічваць.
Езус не абяцае, што гэтая задача будзе лёгкай – давядзецца прыкласці шмат намаганняў. Вучні будуць падвяргацца разнастайным небяспекам: “Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў” (Лк 10, 3). Аднак Езус таксама дае ім сваю моц, каб у Яго імя аздараўлялі хворых і выганялі дэманаў з апантаных. Хоча, каб яны былі цалкам адданыя місіі і, што яшчэ больш важна, патрабуе даверыцца Яму і заняцца толькі абвяшчэннем Яго Евангелля, не клапоцячыся надта пра ежу ці вопратку.
Кожны год, адзначаючы свята евангеліста Лукі, які ўсім сваім жыццём прапаведаваў Хрыста, мусім нанова ўзгадаць словы: “Ідзіце, вось Я пасылаю вас” (Лк 10, 3), якія з’яўляюцца вельмі важным арыенцірам. Гэты заклік Хрыста скіраваны да кожнага з нас. Павінны ісці і абвяшчаць: “Наблізілася да вас Валадарства Божае” (Лк 10, 9). Таму не будзем “рассейвацца”, а засяродзімся на самым галоўным. Адновім у сабе свядомасць выбранасці і пасланасці Езусам, свядомасць таго, што Ён нас адорвае і падтрымлівае на шляху абвяшчэння Евангелля.
Паводле “Слова Жыцця”, Кс. Юрый Марціновіч