Урачыстасць святых Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала перажываем 29 верасня.
Мы часта забываемся пра апекуноў, дадзеных нам Богам. Часам, можа, яны больш атаясамліваюцца з міфічнымі істотамі, чым з рэальнымі. І хоць шмат разоў сустракаюцца ў Бібліі, мы, хутчэй, ставімся да іх як да персанажаў, да якіх звяртаюцца дзеці – чаму іх і вучым, – чым самі просім іх аб дапамозе.
Мы забываемся, што анёлы не толькі дапамагаюць нам, клапоцяцца ў кожную хвіліну жыцця, але і перадаюць Божую волю, бо такое заданне атрымалі ад Усемагутнага. Да таго ж маем добрыя асацыяцыі з анёламі. Калі нехта робіць нам штосьці добрае, часта на вусны просяцца словы: “Ты мой анёл”, – гэта значыць нехта добры, клапатлівы, які бескарысліва дапамагае.
Варта, можа, спытаць сябе, ці веру я, што анёлы абараняюць нас ад небяспек: як фізічных, так і, найперш, духоўных. Кожнаму з іх Бог даручыў выконваць асаблівую задачу. Арханёлы Міхал, Габрыэль і Рафал з’яўляюцца ў розных сітуацыях на старонках Бібліі. Яны абвяшчаюць волю Бога і спецыяльна дзейнічаюць на карысць людзей, да якіх былі пасланыя на дапамогу. Імёны арханёлаў дапамагаюць нам зразумець іх асаблівую місію.
Арханёл Рафал заахвочвае дзейнічаць
Св. Рафал, чыё імя азначае “Бог ацаляе”, “Божае ацаленне” або “Божыя лекі”, – гэта арханёл, які з’яўляецца князем анёлаў, заўсёды гатовым дзейнічаць. Ён паказвае нам Госпада, які аздараўляе ад фізічнага і духоўнага зла. Дзякуючы яму даведваемся, што сапраўднае аздараўленне паходзіць ад Усемагутнага. Нам таксама патрэбны ў жыцці правадыры, асабліва духоўныя, каб не паддацца хваробе душы, якой часта з’яўляецца слепата, самаўпэўненасць, эгаізм, адмова ад Бога і Яго дапамогі.
Рафал сваёй апекай, суправаджэннем, палёгкай у цярпеннях як пасланнік Госпада паказвае, наколькі гэтага патрабуем ад Яго. Ён таксама вучыць нас быць людзьмі, здольнымі ўспрымаць пакуты іншага і, наколькі зможам, станавіцца для гэтых людзей спадарожнікамі і прыносіць ім суцяшэнне ды палёгку ў пакутах, якія яны перажываюць. Арханёл Рафал лічыцца заступнікам пілігрымаў, хворых і хірургаў, яго часам заклікаюць на дапамогу падчас эпідэмій.
Арханёл Габрыэль вяртае да Бога
Св. Габрыэль, чыё імя азначае “чалавек Божы” або “Бог – мая сіла”, неаднаразова як пасланнік перадаваў людзям вестку ад Госпада. Ён з’яўляецца веснікам магутнага Божага дзеяння ў сітуацыях, якія мы звычайна называем бязвыхаднымі. Гэта ён прыходзіць да Захарыі і кажа, што дзякуючы моцы Божай у яго будзе жаданы нашчадак. Габрыэль таксама абвяшчае Марыі, што Яна стане Маці Езуса Хрыста праз звышнатуральнае ўздзеянне Святога Духа.
Такім чынам, ён паказвае, хто павінен быць нашай моцай. Нагадвае, што не павінны спадзявацца толькі на ўласныя сілы, але перадусім звяртацца да Госпада і ў Яго шукаць дапамогі ды вырашэння сваіх праблем. Таму такой важнай з’яўляецца місія св. Габрыэля, які дэманструе, што Бог хоча дапамагчы нам нават насуперак логіцы, але мы гэтага не заўважаем. Арханёл Габрыэль апекуецца паштальёнамі, радыё і тэлебачаннем.
Арханёл Міхал абараняе ад зла
Cв. Міхал носіць імя, якое тлумачыцца “Хто як Бог”, што азначае пакланенне, праслаўленне і захапленне дабрынёй і веліччу Бога. Постаць гэтага арханёла нагадвае нам, каб заўсёды памяталі пра ўдзячнасць Стварыцелю за дар існавання, каб хвалілі і праслаўлялі Яго за ўсё, што атрымалі ад Яго. Каб закахаліся ў Яго веліч.
Св. Міхал з’яўляецца таксама асаблівым памочнікам людзей у барацьбе са злом. Заступаючыся, ён дае нам падтрымку і моц для перамогі над злом, якое занявольвае чалавека і нішчыць яго годнасць. Касцёл звяртаецца да арханёла Міхала – апекуна паміраючых, мечнікаў, залатароў, гравёраў і могілкавых капліц – асаблівым чынам просячы дапамогі ў супрацьстаянні пасткам, якія рыхтуе сатана, каб падмануць чалавека.
Маючы такіх вялікіх абаронцаў, не забываймася, што Бог не пакідае людзей адных у цяжкасцях жыцця. Ён дае нам у якасці памочнікаў сваіх анёлаў, аб чым нагадвае свята арханёлаў Габрыэля, Рафала і Міхала. Дык будзем давяраць Богу, старацца заўважаць пасланых да нас з дапамогай святых арханёлаў і, безумоўна, нягледзячы на цяжкасці, якія заўсёды будуць, здолеем ісці па жыцці, славячы Бога за Яго дабрыню.
Паводле “Слова Жыцця”,Кс. Юрый Марціновіч