У сярэдзіне V стагоддзя жыла ў Італіі сумленная, шляхетная сям’я. Доўгі час сужэнцы не мелі дзяцей, але нарэшце Пан Бог блаславіў іх і ў сям’і нарадзілася двое дзяцей – блізняты, якія заклалі ў Касцёле падмурак манаскіх структур. Гэта былі святыя Бенедыкт і Схаластыка.
Літургічны ўспамін св. Схаластыкі, панны, адзначаецца 10 лютага.
Мы мала ведаем пра жыццё св. Схаластыкі, бо яна жыла ў цені свайго брата – св. Бенедыкта, які ўвайшоў у гісторыю Хрыстовага Касцёла як заснавальнік і фундатар манаскага жыцця ў Заходняй Еўропе са знакамітай лацінскай максімай бенедыктынцаў: “Ora et labora” (Маліся і працуй).
Святыя Бенедыкт і Схаластыка нарадзіліся каля 480 года ў багатай хрысціянскай сям’і ў Нурсіі (Умбрыя, Італія). Жыццё Схаластыкі было адзначана своеасаблівым захапленнем і перайманнем учынкаў брата-блізнюка. Спачатку яна суправаджала яго ў падарожжах, наследуючы яго адданасці Богу. Калі Бенедыкт заснаваў першы кляштар у Субіяка, яго сястра заснавала жаночы ордэн, які грунтаваўся на той жа рэгуле. Да сёння ў Пломбарыоле ў ваколіцах Субіяка існуюць два манастыры: мужчынскі св. Бенедыкта і жаночы св. Схаластыкі. У гэтай мясцовасці таксама можна ўбачыць грот, дзе сустракаліся святыя.
Яны сустракаліся, каб падзяліцца сваімі заўвагамі адносна рэгулы і манаскага жыцця, а таксама паразмаўляць пра “справы неба і зямлі”. І звычайна бывала так, што калі ўжо адбылася сустрэча, то дыялог паміж імі мог цягнуцца нават некалькі дзён. Яны не змянілі сваю звычку таксама пасля пераезду ў Касіна, дзе – па традыцыі – Схаластыка таксама заснавала жаночы манастыр побач з мужчынскім.
У паданнях пра жыццё Схаластыкі і Бенедыкта захавалася апісанне іх апошняй сустрэчы. Сястра, усведамляючы надыходзячую смерць, зацягнула сустрэчу з братам. Калі нарэшце наблізілася ноч і Бенедыкт сабраўся сыходзіць, яна папрасіла яго застацца яшчэ. Калі брат рашуча адмовіўся, сястра Схаластыка папрасіла Бога паслаць лівень, які перашкодзіў бы Бенедыкту вярнуцца ў кляштар. Калі была выслухана, яна сказала: “Я прасіла цябе, а ты адмовіўся мяне слухаць. Таму я звярнулася да Бога і была пачута”.
Святая памерла праз некалькі дзён, 10 лютага 547 года, у сваім манастыры ў Монтэ-Касіна. Як распавядае св. Рыгор Вялікі, які запісаў жыціе св. Бенедыкта, праз тры дні Бенедыкт убачыў яе душу ў бачанні ў выглядзе белай галубкі, якая ўздымалася ў неба. Ён паслаў за целам сваёй сястры і паклаў яго ў падрыхтаваную для сябе магілу. Сам Бенедыкт памёр 21 сакавіка таго ж года – яго пахавалі разам з сястрой.
Да св. Схаластыкі звяртаюцца як да абаронцы ад навальніц, бур і ўраганаў.
Схаластыка лічыцца духоўнай маці ўсіх жаночых бенедыктынскіх кляштараў і тых, якія выходзяць з бенедыктынскіх галін. Акрамя таго, яна з’яўляецца заступніцай гарадоў Ле-Ман і Субіяка.
Іканаграфія часцей за ўсё паказвае яе святую з голубам, а рэлігійнае мастацтва перадае яе ў бенедыктынскім хабіце, а атрыбутамі з’яўляюцца крыж, кніга або посах абатысы.
Дык папросім св. Схаластыку, каб – як і яна – мы ўглядаліся ў добрыя прыклады і ўмелі ім наследаваць, пераймаць. Папросім, каб яна ахоўвала нас ад ураганаў і іншых стыхійных бедстваў, якія наносяць сур’ёзны ўрон. Няхай падтрымлівае нас сваёй малітвай, каб мы ў сваім жыцці пераймалі яе прастадушны, надзейны давер да Бога.
У месцы, дзе з’явіліся на свет Схаластыка і Бенедыкт, сёння знаходзіцца касцёл, у падвале якога можна паглядзець на частку іх роднага дома.
Паводле "Слова Жыцця", кс. Юрый Марціновіч