8 жніўня ў Касцёле адзначаецца ўспамін святога Дамініка, заснавальніка Ордэна Братоў Прапаведнікаў. Зазірнем у мінулыя стагоддзі, каб крыху пазнаёміцца з жыццём гэтага вялікага святога. Паблукаем у думках па сонечных вуліцах Балоньі, дзе ён распачынаў сваю апостальскую дзейнасць...
Глыбокая цішыня ахоплівае кожнага, хто пераступае парог касцёла святога Дамініка, пакідаючы пульсуючыя гарадскім жыццём вуліцы Балоньі. Размешчаная на аднайменнай плошчы базыліка San Domenico з’яўляецца адным з найважнейшых месцаў культу ў сталіцы рэгіёна Эмілія-Раманья. Менавіта тут захоўваюцца астанкі св. Дамініка, заснавальніка Ордэна Братоў Прапаведнікаў і апостала Ружанца.
У студзені 1218 г. св. Дамінік прыбыў у Балонью і пасяліўся разам з братамі ў кляштары пры касцёле Ачышчэння Найсвяцейшай Панны Марыі, які ў той час знаходзіўся за сценамі горада. Маючы патрэбу ў большым памяшканні, у 1219 г. св. Дамінік пасяліўся ў кляштары San Nicolo delle Vigne, на месцы якога ў наш час стаіць базыліка дамініканаў. Тут св. Дамінік кіраваў дзвюма першымі агульнымі сходамі, якія мелі на мэце фармулёўку асноўных законаў Рэгулы. Тут жа 6 жніўня 1221 г. святы памёр і быў пахаваны. Папа Грыгорый IX кананізаваў яго 13 ліпеня 1234 г.
Місійная дзейнасць
Св. Дамінік нарадзіўся паміж 1171 і 1173 гг. у г. Калеруэга (цяпер Іспанія). Ён паходзіў з багатай сям’і Гусманаў. Атрымаўшы ўсебаковую адукацыю, Дамінік распачаў паглыбленае вывучэнне філасофіі і тэалогіі пры катэдры ў Паленсіі. Праз дзесяць гадоў прыняў святарскае пасвячэнне. Каля 1206 г., калі Каталіцкаму Касцёлу на тэрыторыі паўднёвай Францыі пагражала ерась альбігойцаў і вальдэнсаў, Дамінік, бачачы гэтую пагрозу, узяўся за місійную дзейнасць. На жаль, безвыніковую, нягледзячы на вялікія намаганні. Вандраванне ад горада да горада, ад вёскі да вёскі, палымяныя казанні, у якіх ён абвяшчаў Добрую Навіну, не прыносілі вынікаў. Ерэтыкі насамрэч дзівіліся аскетызму і стараннасці Дамініка, але стаялі на сваім.
Адданне сябе Марыі
Сваю місійную дзейнасць св. Дамінік дапаўняў нястомнаю малітваю да Маці Божай. Пашырэнне Яе культу ён учыніў цэнтрам сваёй прапаведніцкай працы. Таму калі апостальская праца здавалася яму бессэнсоўнаю, ён пачаў шукаць дапамогі ў Маці Божай і цалкам аддаў сябе Ёй. Св. Дамінік адправіўся ў адасобленае месца, каб там маліцца. Згодна з традыцыяй Касцёла, менавіта тады, у 1214 г., Маці Божая аб’явіла св. Дамініку набажэнства Святога Ружанца як сродак выратавання Еўропы ад ерасі. Пра гэтую падзею св. Людвік Марыя Грыньён дэ Манфор пісаў наступным чынам: «Св. Дамінік, бачачы, што з-за цяжару сваіх грахоў альбігойцы не могуць навярнуцца, пайшоў у лясы паблізу Тулузы, дзе бесперапынна маліўся тры дні і ночы <...>. Тады яму аб’явілася найсвяцейшая Панна Марыя і сказала: „Дарагі Дамінік, ці ведаеш, якую зброю хоча выкарыстаць Благаслаўлёная Тройца, каб змяніць гэты свет? <...> Я хачу, каб ты ведаў, што ў барацьбе такога роду таранам заўсёды застаецца анёльскі Псалтыр, які з’яўляецца вуглавым каменем Новага Запавету. Таму, калі хочаш здабыць гэтыя зацвярдзелыя душы і прывесці іх да Бога, абвяшчай мой Псалтыр“».
Цуд Ружанца
Пасля аб’яўлення Дамінік адразу скіраваўся да катэдры ў Тулузе. Там, як піша св. Людвік Марыя Грыньён дэ Манфор, ён «так горача і пераканальна тлумачыў значэнне і каштоўнасць святога Ружанца, што амаль усе жыхары Тулузы прынялі яго і адракліся ад фальшывых вераванняў». З таго часу Дамінік цалкам прысвяціў свае казанні тлумачэнню паасобных праўдаў веры, заключаных у форме ружанцовых таямніцаў, а таксама навучанню ружанцовай малітве. Такім чынам у хуткім часе ён навярнуў усю паўднёвую Францыю, пасля чаго скіраваў свае крокі ў Іспанію і Італію, дзе навяртаў, вызваляў апантаных ад дэманаў, чыніў цуды і аздараўляў. Толькі ў Ламбардыі ён навярнуў больш за 100 тысяч альбігойцаў. Апостальскія поспехі Дамініка лічацца першым цудам, які адбыўся дзякуючы ружанцовай малітве.
San Domenico
Каля балонскай базылікі San Domenico знаходзіцца калона Маці Божай Ружанцовай. Створаная ў 1632 г. мастаком Гвіда Рэні, яна была пастаўленая на памяць пра заканчэнне эпідэміі чумы, што ахапіла горад, і нагадвае пра моц ружанцовай малітвы. Перад базылікаю стаіць таксама калона з фігураю св. Дамініка, які нібы запрашае ў святыню.
З правага боку галоўнай навы знаходзіцца капліца San Domenico. У ёй знаходзіцца каштоўны Каўчэг св. Дамініка з парэшткамі святога. Першапачаткова грабніца была пабудаваная ў 1267 г. скульптарам Нікала Пізана і яго вучнямі. Ён зрабіў на мармуровым саркафагу 6 панэляў, на якіх былі адлюстраваныя найважнейшыя падзеі з жыцця святога. За Каўчэгам знаходзіцца рэліквіярый са змешчанаю ў ім галавою св. Дамініка. Гэты рэліквіярый носяць падчас працэсій па вуліцах горада ў дзень успаміну святога — 8 жніўня. На чатырох палотнах, што аздабляюць бакавыя сцены капліцы, паказаныя цуды, здзейсненыя св. Дамінікам.
Насупраць капліцы San Domenico знаходзіцца Ружанцовая капліца. Пабудаваная як капліца сям’і Гвідоцці, у другой палове XVI ст. яна была аддадзена Брацтву Святога Ружанца. Позірк абавязкова спыняецца на абразе Маці Божай Ружанцовай, які знаходзіцца ў цэнтры алтара і карыстаецца асабліваю пашанаю. Перад ім амаль заўсёды можна сустрэць людзей, заглыбленых у малітву.