Хоць святыя апосталы Пётр і Павел былі вельмі рознымі ў сваіх паводзінах і ўчынках, Касцёл, тым не менш, ушаноўвае іх у адной урачыстасці. Яны адрозніваюцца багажом досведу, маюць розныя канцэпцыі абвяшчэння Добрай Навіны. Адзінае, што іх аб’ядноўвае, што маюць агульнага, што характэрна для іх абодвух – гэта любоў да Хрыста і да іншага чалавека, імкненне да адзінства і дыялогу, часам вельмі складанага.
Св. апостал Пётр пакінуў два лісты, якія належаць да кніг Святога Пісання Новага Запавету. Ён з’яўляецца апекуном бляхароў, будаўнікоў мостаў, кавалёў, каменшчыкаў, маракоў, рыбакоў і гадзіннікавых майстроў.Св. апостал Павел – аўтар 13-ці лістоў, уключаных у кнігі Новага Запавету, і заступнік шматлікіх ордэнаў, а таксама маракоў, канатчыкаў і ткачоў.
Урачыстасць святых Пятра і Паўла адзначаецца 29 чэрвеня.
Св. Пётр прайшоў школу Езуса, вандраваў з Ім, слухаў Яго вучэнні, быў сведкам цудаў, ацаленняў і ўваскрашэнняў. У яго былі і ўзнёслыя моманты, і моманты падзення, і нават момант адрачэння ад Хрыста. Наколькі ж важнай для св. Пятра была сустрэча з Уваскрослым Хрыстом, дзе мог сказаць, што любіць Яго, хоць гэтая любоў яшчэ не дасканалая, хоць падводзіць, каб пачуць: “пасі ягнят маіх, пасі авечак маіх...” (параўн. Ян 21, 15–16).
За мужнае абвяшчэнне Добрай Навіны св. Пётр перажыў ганенне, але і асаблівае ўмяшанне Бога. У сваім першым лісце ён пісаў хрысціянам: “Сярод язычнікаў паводзьце сябе добра” (1 П 2, 12). Вернікі павінны весці прыгожае, добрае і святое жыццё па вобразе жыцця Езуса. Іх не павінна здзіўляць, што іх будуць праследаваць, бо Хрыстос паказаў узор, які яны павінны пераймаць. У гісторыі нельга застацца нейтральнымі: ты альбо ахвяра, альбо праследавацель.
Св. Павел (Саўл з Тарса), хутчэй за ўсё, не сустракаў Хрыста падчас Яго зямнога жыцця. Таму такое вялікае значэнне мела навяртанне Паўла ў Дамаску. Ён быў фарысеем, рабіў упор на належным выкананні Закона, дадзенага Майсею. Фарысеі бачылі ў няшчасцях вынік невыканання Закона, нявернасці Богу. У сваю чаргу, Езус і Яго паслядоўнікі былі менш руплівымі, таму Павел не мог іх прыняць. Ён чакаў прыходу палітычнага Месіі. Хрыстос памёр ганебнай смерцю, бо не выконваў Закон – вось чаму Павел пачынае змагацца з гэтай новай сектай.
Па дарозе ў Дамаск Павел перажыў навяртанне. Падзея была настолькі важнай, што св. Лука тройчы згадвае аб гэтым у Дзеях Апосталаў (параўн. Дз 9, 1–20; 22, 1–16; 26, 12–18). Апісанні адрозніваюцца дэталямі. Аднак кожны раз зададзенае пытанне гучыць аднолькава. Яно важнае, таму што ў ім знаходзяцца карані большай часткі тэалогіі св. Паўла.
Першапачаткова св. Павел не ведае, з кім мае справу. Калі Хрыстос дае яму сябе пазнаць, усё пачынае бачыцца ў новым святле. Раз Езус размаўляў з ім, значыць павінен быць жывы. Калі Павел сутыкнуўся з гэтай праўдай, зразумеў, што стаўленне да Закона і зневажальная смерць Хрыста не мелі значэння. Усё змянілася з-за таго, што Ён вярнуўся да жыцця. Гэта прымусіла Паўла прызнаць: “А калі Хрыстос не ўваскрос, то марная вера наша” (параўн. 1 Кар 15, 14). Калі дзейнасць супраць вучняў Хрыста азначала дзейнасць супраць Пана, то гэтыя рэчанасці павінны быць аднолькавымі. Затым у Паўла паўстала канцэпцыя Касцёла як Цела Хрыста (Рым 12, 4–5; 1 Кар 12, 12–27). Распачынаючы сваю місіянерскую дзейнасць, ён усведамляе сваю абранасць і пасланне да язычнікаў, якія павінны быць уключаны ў Цела Хрыста.
Дзве постаці – св. Пётр і св. Павел – такія розныя і такія падобныя. Св. Пётр у сваёй асобе паказвае нам, да чаго вядуць паводзіны, заснаваныя на даверы да Божай ласкі, і які вынік паводзін, заснаваных толькі на веры ў чалавечыя магчымасці. Св. Павел вучыць нас усімі сіламі прытрымлівацца Хрыста, з якім спачатку змагаўся, але пасля таго, як быў Ім “заваяваны”, стаў Яго адважным абаронцам і папулярызатарам. Яны абодва вучаць нас, што мы можам ісці да Госпада рознымі шляхамі.
Паводле "Слова Жыцця", кс. Юрый Марціновіч