Неаднойчы мы чулі пра аб’яўленні Найсвяцейшай Панны Марыі, якая з’яўлялася людзям у розных кутках свету – ад Мексікі да Японіі, – амаль кожны раз пакідаючы вернікам заўсёды актуальнае пасланне. Разам з тым, гісторыя Касцёла ведае выпадкі аб’яўленняў самай маўклівай постаці Евангелля – св. Юзафа, які таксама пакінуў тым, хто яго бачыў, такое чаканае слова.
Аб’яўленне св. Юзафа ў Катыньяку ў Францыі
Першае аб’яўленне св. Юзафа адбылося ў невялікім мястэчку ў Правансе. Менавіта там 7 чэрвеня 1660 года св. Апякун Марыі і Езуса з’явіўся перад французскім пастухом. Гаспард Рыкард пасвіў статак на ўзгорку Бесіён. Было горача, і малады чалавек быў надзвычай стомлены і знясілены ад смагі. У нейкі момант ён убачыў мужчыну, які ўказаў на скалу і прамовіў толькі некалькі слоў: “Я Юзаф. Падымі камень і будзеш піць”.
Гаспард завагаўся. Камень быў цяжкі, і каб яго перамясціць, трэба было некалькі чалавек. Тым не менш ён выканаў наказ і адсунуў камень. Убачыў крыніцу, з якой лілася вада. Праз некалькі гадзін пасля гэтай сустрэчы крынічка ператварылася ў фантан з вялікай колькасцю вады. З тых часоў у гэтае месца сталі прыходзіць людзі, і пачаліся шматлікія выздараўленні.
19 сакавіка 1661 года да месца аб’яўлення Абранніка Марыі прыбыў Людовік XVI, які абвясціў свята св. Юзафа дзяржаўнай урачыстасцю.
Праз гады на месцы цуду быў пабудаваны араторый, гаспадарамі якога сталі ксяндзы з Кангрэгацыі Араторыя св. Філіпа Нэры, якія служылі ў Катыньяку.
Пасля выбуху Французскай рэвалюцыі 1789–1799 гадоў і ў выніку наступных сацыяльных і рэлігійных змен ксяндзы філіпіны былі высланы з капліцы і манастыра, пабудаванага побач. Капліца не была разбурана, але кляштар з гадамі прыйшоў у заняпад. З 1977 года ў манастыры служаць сёстры бенедыктынкі.
Цяпер да месца аб’яўлення св. Юзафа цягнецца паломніцкі шлях, які ахвотна наведваюць натоўпы вернікаў. Крыніца да гэтага часу не перасохла, нягледзячы на тое, што ад цудоўнай сустрэчы прайшлі ўжо вякі.
Падчас аб’яўленняў у Катыньяку св. Юзаф зноў быў немнагаслоўны, але тым не менш, як звычайна, аказаўся красамоўным. У яго сціплым пасланні бачым заклік не баяцца зрабіць першы крок, нават калі ўся задача здаецца непасільнай. Абраннік Марыі падкрэслівае, што простыя дзеянні пацягнуць за сабой простыя шляхі вырашэння праблемы, а ад нас патрэбны толькі цярплівасць і паслядоўнасць ва ўласных учынках. А калі глыбей зазірнуць у простыя словы св. Юзафа, бачым у іх той самы сэнс, які ён надае ўсім сваім выказванням і дзеянням: давярайце Божаму плану.
19 сакавіка Каталіцкі Касцёл адзначае свята св. Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі. Святы Айцец Францішак таксама абвясціў аб пачатку асаблівага Года св. Юзафа, адзначэнне якога скончыцца 8 снежня 2021 года.
Аб’яўленне св. Юзафа ў Ітапіранзе ў Бразіліі
Св. Юзаф аб’яўляўся разам з Езусам і Марыяй у невялікім гарадку Ітапіранга на рацэ Амазонка на поўначы Бразіліі ў перыяд ад 1994 да 1998 года.
У першую сераду сакавіка 1994 года 22-гадовы Эдсан Глаўбер, студэнт мясцовага эканамічнага ўніверсітэта, атрымаў пасланне, у якім Марыя, Каралева Ружанца і Свету, прасіла аб навяртанні, ружанцовай малітве і частым выкарыстанні сакрамантаў Эўхарыстыі і паяднання. Марыя таксама звярнула ўвагу на набажэнства да Найчысцейшага Сэрца св. Юзафа.
За чатыры гады аб’яўленняў Святой Сям’і св. Юзаф таксама даў Эдсану некалькі абяцанняў: “Як я справядлівы і верны ў вачах Бога, так і тыя, хто аддаецца набажэнству да майго сэрца, будуць чыстымі, праведнымі і святымі ў Яго вачах. Я напоўню вас ласкамі і цнотамі, падтрымліваючы на штодзённым шляху да святасці”.
Св. Юзаф таксама абяцаў, што “ўсе, хто будзе рабіць дабро найбольш патрабуючым, асабліва хворым і паміраючым, якіх я суцяшаю і абараняю, атрымаюць у апошні момант жыцця ласку добрай смерці. Я сам буду прасіць за душы [дабрачынцаў] майго Сына Езуса і маю жонку Найсвяцейшую Марыю. Мы суцешым іх у апошнія гадзіны на зямлі, будзем побач з імі, і яны спачнуць у спакоі нашых сэрцаў”. У пасланні таксама абяцалася, што ўсе грэшнікі, “нават тыя, хто ўчыніў найгоршыя грахі, могуць верыць у Божую любоў і прабачэнне, а таксама ў мяне, у маю падтрымку”.
У пачатку 2010 года, пасля шматлікіх даследаванняў – вывучэння, малітваў і назіранняў – мясцовы біскуп Карыла Грыці афіцыйна прызнаў Ітапірангу месцам аб’яўленняў Святой Сям’і. 19 чэрвеня 2013 года Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамантаў увяла імя св. Юзафа ва ўсе эўхарыстычныя малітвы.
Бразільскія аб’яўленні Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі нагадваюць нам пра апякунскую ролю гэтага святога ў гісторыі хрысціянства. Св. Юзаф клапаціўся пра Езуса і Марыю, а цяпер просіць нас маліцца да яго сэрца, каб ён мог увайсці ў наша жыццё і старанна, ва ўсякай маленькай і ўсякай вялікай справе клапаціцца пра кожнага з нас. Абяцаючы нам сваё заступніцтва, ён просіць у нас таго ж для самых патрабуючых.
Паводле "Слова Жыцця", Ангеліна Марцішэўская