Св. Францішка Рымская – адна з нешматлікіх жанчын, якім удалося сумясціць тры пакліканні.
Італьянская арыстакратка Францішка (нарадзілася ў Перыёнэ недалёка ад Рыма), якая жыла на мяжы XIV і XV стагоддзяў, – адзін з нешматлікіх прыкладаў жанчын, якім удалося сумясціць тры пакліканні – жонкі, маці і манахіні. Самаадданасць, з якой яна прысвячала сябе хатнім абавязкам, а таксама любоў да мужа і дзяцей сведчаць аб сапраўднай святасці, зразуметай як вернасць Божай волі ва ўсім, асабліва ў абавязках, што вынікаюць са стану.
Франчэска Буса дэ Леоні была надзвычай рэлігійным дзіцём. Яна добраахвотна прыступала да частай споведзі, бо разумела, што кожны наш грэх быў прычынай таго, што мука Збаўцы станавілася ўсё цяжэйшай. Ужо ў шасцігадовым узросце дзяўчынка задавала сабе невялікія ўтаймаванні (напрыклад, устрыманне ад мяса). Ідучы так да дасканаласці, была перакананая, што ёй няма месца сярод свецкіх, а толькі ў нейкім жаночым манастыры.
Але Бог захацеў інакш. Аднойчы бацька дванаццацігадовай дзяўчынкі паведаміў, што яна заручана з вельмі багатым арыстакратам Лаўрэнціем Панцыяні і што гэтае рашэнне не аспрэчваецца. Яна мусіла пагадзіцца. Спачатку рабіла так толькі з паслухмянасці, прызнаючы ў гэтым Божую волю, але з часам высветлілася, што сямейнае жыццё складваецца надзвычай гарманічна. Муж не меў нічога супраць інтэнсіўнага духоўнага жыцця Францішкі і яе аддаленасці ад свецкіх забаў. Яна ж аддзячвала шчырай любоўю і сур’ёзным стаўленнем да сваіх абавязкаў. Францішка ўзяла на сябе нават больш, чым жанчыны яе стану.
У якасці ўзнагароды за бязмежную адданасць Бог надзяліў Францішку бачаннямі і дарам экстазу, прарочым пачуццём, сілай аздараўлення і нават уваскрашэння памерлых.
Пры ўсіх хатніх справах яе духоўная і дабрачынная дзейнасць была проста нечалавечай. Св. Францішка не толькі падтрымлівала патрабуючых усімі даходамі, якія выпадалі на яе, але таксама, калі іх не хапала, дадавала з працы ўласных рук. Развозіла дровы ў бедныя дамы і нават збірала грошы на вуліцах горада. У той жа час святая шмат гадзін – часта да позняй ночы – прысвячала малітве. А калі яе размову з Богам альбо чытанне псальмаў перарывалі, звычайна гаварыла: “Замужняя жанчына павінна, калі яе клічуць сямейныя абавязкі, пакінуць Бога перад алтаром і знайсці Яго ў хатняй мітусні”.
Аднак яе бласлаўлёнае жыццё не абышлося без крыжоў і цярпення. Двое з трох дзяцей заўчасна памерлі, да таго ж у выніку вайны караля Неапаля супраць Папы Рымскага муж і сын, якія падтрымалі Наступніка Пана, былі высланы з горада, а іх маёмасць разрабавалі войскі, якія акупіравалі Рым. У адсутнасць мужчын Францішцы даводзілася спраўляцца з усім самастойна, і яна яшчэ больш паглыбіла ўнутранае жыццё. Пасля іх вяртання святая пераканала мужа з гэтага часу жыць у цноце.
Вакол Францішкі пачалі збірацца жанчыны, якія жадалі пераймаць яе стыль жыцця. Святая вырашыла заснаваць для іх манаскую кангрэгацыю, у якую сама не магла ўступіць. Толькі пасля смерці мужа яна рэалізавала сваё жаданне, далучыўшыся да заснаванага ёю ордэна. Так Кангрэгацыя Бенедыктынак-Аблатак з Аліўнай гары была створана ў 1425 годзе і зацверджана папам Марцінам V у 1433 годзе.
Апошнія гады жыцця Францішка правяла пры касцёле Санта-Марыя-Нуова (цяпер пад яе тытулам), перажываючы мноства містычных станаў, сярод якіх найбольш цікавым быў дар бачання Анёла-ахоўніка.
У пэўным сэнсе ён быў адлюстраваннем сумлення святой, бо кожны раз, калі яна здзяйсняла нейкі нязначны грэх, твар апекуна станавіўся сумным, і праясняўся толькі тады, калі выконвала адпаведную пакуту. Знясіленая шматгадовай самаадданасцю, Францішка адышла да Пана 9 сакавіка 1440 года, і яе ўспамін быў усталяваны менавіта ў дзень яе нараджэння для неба. Папа Павел V далучыў манахіню да ліку святых у 1609 годзе.
Касцёл успамінае св. Францішку Рымскую 9 сакавіка.
Жыццё св. Францішкі паказвае нам, што не кожнае набожнае жаданне абавязкова павінна быць воляй Божай. Уся складанасць у тым, каб магчы гэта мудра распазнаць. Дапамагчы можа добрая размова, а Анёлам-ахоўнікам можа аказацца муж, жонка, брат, сястра, сябар ці спаведнік.
Няхай падчас Вялікага посту св. Францішка Рымская дасць нам узор святога жыцця, каб пры любых абставінах мы настойліва служылі Богу, пазнавалі Яго волю і ішлі за Ім.
Паводле "Слова Жыцця", кс. Юрый Марціновіч