Святы Айцец Францішак у сваім навучанні вельмі моцна падкрэслівае важнасць сакрамэнту пакаяння і паяднання. Папа адзначае, што ўдзельнічаць у сакрамэнце паяднання – значыць быць аточаным сардэчнымі абдымкамі: “гэта абдымкі бясконцай міласэрнасці Айца”.
Сакрамэнт пакаяння і паяднання быў устаноўлены Езусам, які даў апосталам уладу адпушчэння грахоў, а тыя перадалі яе святарам. Езус сказаў апосталам: “Прыміце Духа Святога, каму адпусціце грахі, будуць ім адпушчаны, а на кім затрымаеце, будуць ім затрыманы” (пар. KKK 1461-1462).
Мы можам пачуць розныя назвы споведзі, якія ўводзяць нас ва ўсё багацце гэтага сакрамэнту. Можна сказаць, што споведзь – гэта:
- сакрамэнт навяртання, бо ажыццяўляецца сакрамэнтальным чынам заклік Езуса да навяртання, шлях вяртання да Айца, ад якога чалавек аддаліўся праз грэх;
- сакрамэнт пакаяння, бо ён указвае асабісты і эклезіяльны шлях навяртання, скрухі і кампенсавання з боку грэшнага хрысціяніна;
- сакрамэнт споведзі, бо самаабвінавачванне – споведзь з грахоў перад святаром – з’яўляецца важным элементам гэтага сакрамэнту; гэты сакрамэнт таксама з’яўляецца “вызнаннем”, прызнаннем і захапленнем святасцю Бога, Яго міласэрнасцю да грэшнага чалавека;
- сакрамэнт прабачэння, бо праз сакрамэнтальнае адпушчэнне грахоў, якое выражаецца праз словы святара, Бог удзяляе пэнітэнту “прабачэнне і супакой”;
- сакрамэнт паяднання, бо ў ім грэшніку ўдзяляецца любоў Бога, якая прыносіць паяднанне: “Паяднайцеся з Богам” (2 Кар 5, 20); той, хто жыве міласэрнай любоўю Бога, гатовы адказаць на заклік Пана: “Ідзі спачатку памірыся з братам сваім” (Mц 5, 24) (KKK 1423-1424).
Як добра падрыхтавацца да сакрамэнту пакаяння?
Пачаць з малітвы – няма нічога прасцей: знак крыжа і кароткае закліканне Духа Святога, напр.: “Духу Святы, прыйдзі і дапамажы мне падрыхтавацца да споведзі”.
Найперш падзякаваць – пошук нагодаў для удзячнасці з’яўляецца звычайна нашмат больш цяжкім, чым абвінавачванне самога сябе.
Захапленне Богам – вельмі дапамагаюць фрагменты з Бібліі. Гэта можа быць прыпавесць аб марнатраўным сыне або фрагмент аб Езусе, які абмывае ногі апосталам.
Паперка і асадка (смарфтон) – запіс уласных натхненняў, добрых учынкаў і грахоў вельмі ўпарадкоўвае сумленне. Тады відаць усё, як на далоні.
Формулы не самыя важныя – праблема з’яўляецца ў час падрыхтоўкі да Першай святой Камуніі. Мы вучым формулы споведзі на памяць, быццам бы гэта была малітва “Ойча наш”. Многія людзі перажываюць, што памыліліся ў словах перад святаром. На самой справе падбор выразаў мае другаснае значэнне. Галоўнае – сэнс.
Цяжкія грахі могуць аказацца ласкай – гэты пункт добра разумеюць многія грэшнікі пасля навяртання. Для іх большае цярпенне прыносіць раскрыццё перад спаведніком, тым больш можна спазнаць Божую любоў.
Уявіць сабе Езуса – калі надыходзіць паралізуючы страх перад спаведніком, падчас вызнавання грахоў, варта прыгадаць, напрыклад, сустрэчу Езуса з жанчынай, абвінавачанай у чужаложстве. Цяжка ўсумніцца ў міласэрнасці такога Бога.
Ты не здзівіш спаведніка – усе найбольш шакіруючыя і сорамныя грахі былі ўжо апісаны ў Старым Запавеце.
Знайсці сталага спаведніка – тое, каб патрапіць да адпаведнага спаведніка, можа выклікаць большасць клопатаў са споведдзю. Часамі дастаткова назіраць за святаром і рэгулярна наведваць яго ў канфесіянале. Для больш смелых: можна нейкім разам прадставіцца – тады ён, напэўна, запомніць.
Богу не надакучвае прабачаць – вядомыя словы Папы Францішка. Можна іх зрабіць больш радыкальнымі: Усемагутны адпусціў бы грахі найбольшым злачынцам свету, калі б яны толькі папрасілі. Ці можна не паверыць такой міласэрнасці?
Апрацаваў кс. Юрый Марціновіч