Каб зразумець, што адбываецца падчас святой Камуніі, неабходна мець хаця б агульнае ўяўленне пра сакрамэнт Эўхарыстыі і Ахвяру св. Імшы. Спачатку ўзгадаем, што Эўхарыстыя — гэта адзін з сямі сакрамэнтаў (бачных знакаў нябачнай дзейнасці Бога). У сакрамэнце Эўхарыстыі мы перажываем матэрыяльную сустрэчу з жывым і сапраўдным Хрыстом, прысутным у постацях Эўхарыстычнага хлеба і віна.
Падчас св. Імшы пры малітоўным удзеле вернікаў праз служэнне святара Сын Божы дае нам магчымасць бяскроўным і містычным чынам удзельнічаць у Яго Крыжовай Ахвяры, якую Ён складае з самога сябе Нябеснаму Айцу дзеля збаўлення людзей. Вернікі ў сваю чаргу злучаюцца (communio) з прысутным у гэтай Ахвяры Езусам, прымаючы Яго Цела і Кроў у святых постацях (хлеба і віна). Такім чынам хрысціяне ўдзельнічаюць у надзвычай цесным з’яднанні чалавека з Богам.
Увогуле Эўхарыстыю можна разглядаць у трох значэннях:
1) як таямніцу Боскага ператварэння хлеба і віна ў сапраўднае Цела і Кроў Хрыста;
2) як таямніцу містычнай прысутнасці Хрыста ў постацях хлеба і віна;
3) як прыняцце (спажыванне) Цела і Крыві Хрыста. Мы найчасцей называем Эўхарыстыю ў трэцім значэнні святой Камуніяй, бо лацінскае слова "communio" азначае "з’яднанне", "прыманне ўдзелу".
Эўхарыстыя не толькі ўвасабляе цуд матэрыяльнай прысутнасці Хрыста, але і дае магчымасць з’яднання з Ім праз спажыванне святых постацяў. Усё гэта спараджае пытанне пра тое, наколькі важна для хрысціяніна прыняцце святой Камуніі? Што яна дае? У адказ тэолагі — даследчыкі веры і Св. Пісання — нагадваюць нам пра шэраг практычных пладоў (наступстваў) прыняцця Камуніі:
- цеснае злучэнне верніка з Хрыстом;
- узмацненне дзеяння Божай ласкі;
- вызваленне ад лёгкіх грахоў;
- умацаванне перад пагрозай цяжкіх грахоў;
- умацаванне ўмення утаймоўваць сферу інстынктаў;
- задатак вечнага шчасця;
- абуджэнне духоўнай радасці, любові, жадання добрых учынкаў;
- зарука ўваскрашэння;
- з’яднанне з супольнасцю вернікаў Касцёла.
Усе плады святой Камуніі становяцца магчымымі для верніка толькі пры ўмове, што ён годна прыступае да прыняцця гэтага сакрамэнту. Годным прыняцце Камуніі можна назваць тады, калі выкананыя наступныя ўмовы:
1) Трыванне ў стане асвячальнай ласкі.
Гэта значыць, што вернік павінен быць вольным ад цяжкага граху (ад якога вызваляецца праз споведзь), мець чыстае сумленне, быць шчыра паяднаным з Богам і бліжнімі.
2) Адпаведная падрыхтоўка да святой Камуніі.
У духоўным сэнсе гэта праяўляецца ў святочнай радасці і шчырым жаданні з’яднацца з Богам праз таямніцу Эўхарыстычнай Ахвяры. У фізічным сэнсе гэта праяўляецца ў захаванні эўхарыстычнага посту — устрымання ад спажывання ежы на працягу гадзіны перад св. Камуніяй (пост не датычыць ужывання вады і лекаў).
3) Адпаведная інтэнцыя (намер).
Веруючая асоба павінна мець жаданне (намер) злучыцца з Богам у святой Камуніі з нейкай мэтай. Гэтая мэта (намер) можа датычыць асабіста самога прымаючага, нейкай іншай асобы (жывой ці памерлай) або нейкай справы.
Разважанні пра інтэнцыю прыняцця святой Камуніі падводзяць нас да адказу на пытанне, пастаўленае на пачатку. Справа ў тым, што ўдзел у сакрамэнце Эўхарыстыі прыносіць вельмі багатыя духоўныя плады, якія не толькі умацоўваюць нас у зямным жыцці, але і даюць упэўненасць у дасягненнні вечнага шчасця ў небе з Богам. Плады святой Камуніі настолькі багатыя і шматлікія, што нават даюць магчымасць выкарыстаць іх не толькі для ўласнага ўзбагачэння, але і для таго, каб памагчы іншым.
Паводле "Ave Maria"