Як казаць, як называць свае грахі, наколькі паглыбляцца ў дробязі - чытайце ніжэй.
Існуе вельмі шмат схемаў іспытаў сумлення, які мы праводзім, рыхтуючыся да споведзі. Нагадаем, што вызнанне цяжкіх (смяротных) грахоў абавязковае, вызнанне жа паўсядзённых (звычайных) грахоў пажадана. Няма нейкай адзінай схемы.
У споведзі неабходна пералічваць усе смяротныя грахі, якія мы памятаем, іх колькасць (хаця б прыкладная) і род. Казаць трэба вельмі ясна і без лішніх слоў, не паглыбляючыся ў дэталі, але паказваючы на тыя абставіны, якія змяняюць выгляд і цяжар граху. Напрыклад, недастаткова сказаць пра гнеў, калі ў гневе мы паднялі руку на чалавека. І калі гэты чалавек - маці ці, скажам, святар, то пра гэта таксама варта сказаць, паколькі гневаючыся мы грэшым супраць бліжняга, наносячы яму крыўду, а падымаючы руку, мы грэшым супраць яго недатыкальнасці, але ў выпадку маці мы грэшым яшчэ і супраць запаведзі аб шанаванні бацькоў, а ў выпадку святара - здзяйсняем і святатацтва.
Зноў жа, калі мы абгаварылі бліжняга, нашкодзіўшы яго рэпутацыі, то недастаткова сказаць «асуджаў», - трэба назваць грэх сваім імем, паколькі свядомы паклёп - гэта смяротны грэх. Нагадаем, што на споведзі абавязкова трэба каяцца ў такіх смяротных грахах (зробленых свядома і пры згодзе волі), як: удзел у спірытычных сеансах, зварот да варажбітак, чараўнікоў і шаптушак; блюзнерства; пропуск Святой Імшы без важнай прычыны ў нядзелю і прадпісаныя святы; прыняцця Святой Камуніі без папярэдняга вызнання смяротных грахоў; замоўчванне смяротных грахоў на Споведзі; здзяйсненне аборту або савет зрабіць аборт; ужыванне наркотыкаў, п'янства; грахі супраць чыстасці - сам-насам з сабой або з іншымі людзьмі (пералік гэтых грахоў можна знайсці ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла); наўмысны прагляд амаральных відовішчаў і часопісаў; паклёп на бліжняга.
Пры рахунку сумлення несмяротных грахоў варта адказаць сабе на такія пытанні:ці не ўхіляўся я ад малітвы? Ці надаю я ўвагу свайму духоўнаму жыццю, ці імкнуся да святасці? Ці выконваю абяцанні, дадзеныя Богу? Ці быў я прычынай слёз для маіх бацькоў, мужа, жонкі, дзяцей? Ці бяру адказнасць за сваю сям'ю? Ці стаўлюся з павагай да бацькоў, да старэйшых, ці выконваю свае абавязкі ў вучобе і на працы? Ці стаўлюся з любоўю да сваіх блізкіх? Ці дарую крыўды, пазбягаючы помсты? Ці змагаюся я з нячыстымі намерамі і фантазіямі? Ці цнатлівая мая мова? Ці з павагай стаўлюся да чужой маёмасці? Ці не прагну несумленнага прыбытку? Ці асуджаю я іншых, ці з’яўляюся прычынай разнагалоссяў і сварак? Ці не падманваю, не даю фальшывых сведчанняў? Ці не стаўлюся да людзей з падазронасцю і прадузятасцю? Ці быў я сціплым і цнатлівым ў сваіх паводзінах? Ці не глядзеў на іншых людзей з пажадлівасцю? Ці не зайздрошчу я чужым выгод? Ці не стаўлюся да іншых з пачуццём перавагі і ганарыстасцю?
Нагадаем таксама парадак здзяйснення сакрамэнту паяднання. Спачатку неабходна сказаць святару, колькі часу прайшло з апошняй Споведзі. Затым неабходна пералічыць усе смяротныя грахі і потым - усе астатнія, наколькі дазваляе памяць. На прыканцы спавядаючыся прамаўляе акт скрухі. У любым выпадку, калі мы не ведаем, як падыходзіць да Споведзі, дастаткова папрасіць святара аб дапамозе, і ён сам задасць неабходныя пытанні і падкажа парадак здзяйснення гэтага сакрамэнту.
Жадаем, каб кожная Споведзь была для вас сапраўдным святам прабачэння і прымірэння.
Паводле deon.pl