Сёння пагаворым пра нормы права, якія рэгулююць цэлебрацыю сакрамэнта намашчэння хворых. Менавіта праз гэты сакрамэнт Касцёл даручае небяспечна хворых вернікаў церпячаму і праслаўленаму Пану, каб Ён падтрымаў і збавіў іх. Адразу варта некалькі слоў сказаць аб назве гэтага сакрамэнта.
Яшчэ зусім нядаўна перад Другім Ватыканскім Саборам (старэйшыя людзі памятаюць) гэты сакрамэнт называўся астатнім намашчэннем. Падкрэсліваўся той факт, што гэты сакрамэнт удзяляецца паміраючаму чалавеку і ўжо няма ніякай надзеі на фізічнае аздараўленне. Але гэта назва была не зусім добрая.
Сакрамэнт намашчэння хворых – гэта не сакрамэнт памірання, а сакрамэнт аздараўлення, і аб гэтым варта памятаць. Гэта азначае, што сакрамэнт намашчэння хворых можна і патрэбна ўдзяляць не тады, калі чалавек ужо памірае, а на многа раней – аб гэтым пагаворым пазней. Што ж датычыць паміраючага чалавека, то мы ўжо казалі, што для такога чалавека Касцёл прыходзіць з дапамогай праз Святую Камунію, якая ўдзяляецца ў якасці Віятыка.
Намашчэнне ўдзяляецца праз памазанне хворых алеем і вымаўленне слоў, прадпісаных у літургічных кнігах. Звычайна алей для ўдзялення сакрамэнту намашчэння хворых асвячаецца біскупам падчас Святой Імшы Хрызма ў Вялікі чацвер, але могуць здарыцца сітуацыі, калі ў святара няма такога алею, тады такі святар можа асвяціць алей для намашчэння непасрэдна падчас цэлебрацыі сакрамэнту.
Намашчэнне трэба выконваць дакладна, прытрымліваючыся слоў, парадку і спосаба, прадпісаных у літургічных кнігах; сёння літургічныя кнігі патрабуюць здзейсніць намашчэнне на ілбе і на далонях хворага, аднак могуць здарыцца такія сітуацыі, калі гэта немагчыма зрабіць. У такім выпадку дастаткова намасціць толькі лоб або нават іншую частку цела, але заўсёды з вымаўленнем поўнай фармуліроўкі. Намашчэнне павінен выканаць распарадчык уласнай рукой, хіба што паважная прычына прымусіць скарыстацца іншым інструментам.
Хто ж з’яўляецца распарадчыкам сакрамэнту намашчэння хворых?
Кодэкс гаворыць, што намашчэнне хворых сапраўдным чынам удзяляе кожны святар і толькі святар. Нажаль мне некалькі разоў прыходзіла мець дачыненне з сітуацыяй, калі ў шпіталях свецкія прадстаўнікі іншых хрысціняскіх канфесій прыходзяць да хворых і намашчаюць іх алеямі, кажучы, што гэтыя алеі цудадзейныя, лячэбныя, можа прывезеныя са Святой Зямлі і г.д. Трэба быць вельмі асцярожнымі з такімі практыкамі, таму што і ў Каталіцкім Касцёле і ў Праваслаўнай Царкве толькі святар мае права ўдзяляць сакрамэнт намашчэння хворых.
Каму ўдзяляць сакрамэнт намашчэння?
У нашых Касцёлах у астатнія гады даволі моцна распаўсюдзілася практыка цэлебрацыі Святой Імшы для хворых і пры гэтай аказіі ўдзяляецца для іх сакрамэнт намашчэння. Гэта вельмі добрая і патрэбная практыка, толькі трэба заўсёды захоўвацца ад злоўжыванняў. Не можа кожны вернік падчас такой Святой Імшы прыступаць да сакрамэнту намашчэння, тлумачачы сабе, што напэўна гэта не зашкодзіць, а абсалютна здаровых людзей няма. Існуюць канкрэтныя патрабаванні да кандыдата да сакрамэнту намашчэння – па-першае, сакрамэнт удзяляецца вернікам, якія дасягнулі ўжывання розуму, г.зн. што ў практыцы лацінскага Касцёла няма практыкі ўдзялення сакрамэнту намашчэння дзецям.
Па-другое, сакрамэнт удзяляецца верніку, які апынуўся ў небяспецы смерці з-за хваробы або сталага ўзросту. Гэта азначае, што хвабора сапраўды павінна быць паважная – нельга прыступаць да сакрамэнту намашчэння хворых калі толькі баліць галава ці зуб. Натуральна, што можна і патрэбна ўдзяляць сакрамэнт намашчэння перад аперацыяй. Патрабаванне сталага ўзросту таксама не з’яўляецца канкрэтным, а залежыць ад сітуацыі і чалавека. Але мы павінны памятаць, што гэты сакрамэнт удзяляецца ў канкрэтных сітуацыях, і нельга ні занядбоўваць удзяленне гэтага сакрамэнту, асабліва для людзей састарэлых і хворых, а таксама і злоўжываць сакрамэнтам намашчэння. Трэба таксама ведаць, што гэты сакрамэнт можна паўтарыць, калі хворы, выздаравеўшы, зноў стане пакутаваць цяжкай хваробай або калі на працягу той самай хваробы небяспека стане больш паважнай.
Існуюць таксама сітуацыі незразумелыя, калі невядома, ці чалавек яшчэ жывы, ці ўжо памёр, ці мае ўжыванне розуму ці не, у такіх непаразуменнях заўсёды трэба ўдзяліць гэты сакрамэнт. Але павінна быць упэўненасць, што чалавек ахрышчаны – сакрамэнт намашчэння нельга ўдзяліць умоўна (як напрыклад, сакрамэнт хросту), таму таксама вельмі важна клапаціцца, каб пры чалавеку заўсёды быў нейкі знак прыналежнасці да Хрыста – крыжык, медальён, абразік і г.д.
Аутар Кс. Дзмітрый Пухальскі
Паводле старонкі Ватыканскага радыё