Некалькі дзён таму, Яго Эксцэленцыя кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі прызначыў кс. д-ра Мікалая Ціхановіча адказным за фармацыю маладых святароў Гродзеншчыны. Сам кс. Мікалай ставіцца да гэтага новага служэння, даверанага яму Касцёлам, з вялікай адказнасцю і спадзяецца, што з Божай дапамогай гэтая дзейнасць прынясе чаканы плён.
Кс. Мікалай, не так даўно Гродзенскі ардынарый прызначыў Вас адказным за фармацыю маладых святароў. Што гэта за працэс і якая будзе Вашая роля ў гэтым?
Касцёл ад самага пачатку клапаціўся пра тое, каб людзі, якія атрымалі ад Бога ласку служэння Яму ў святарскай паслузе не спыняліся ў самавыхаванні. Яшчэ святы Павал заахвочваў свайго вучня Цімафея: “… Ты ж трывай у тым, чаму навучыўся і што даручана табе, бо ведаеш ад каго навучыўся (…) пільнуйся ва ўсім, працуй, выконвай справу евангеліста, службу тваю спаўняй” (Цім 3, 14; 4,5). Таксама і наш біскуп Аляксандр клапоціцца пра тое, каб маладыя святары згодна з касцёльным правам (пар. КПК 279 і 521) працягвалі духоўную і тэалагічна-пастаральную фармацыю. Мая роля заключаецца ў тым, каб у сумеснай працы з маладымі святарамі: паглыбляць сувязь з Найвышэйшым Святаром - Езусам Хрыстом, пашыраць тэалагічна-пастаральныя веды і будаваць адзінства ў супольнасці Гродзенскіх святароў.
Кандыдаты да святарства перад прыняццем святарскіх пасвячэнняў абавязкова павінны прайсці 7-мі гадовую фармацыю,ці сапраўды патрэбныя сустрэчы маладых святароў і наколькі?
Па першае гэтыя сустрэчы будуць мець не толькі педагагічна-адукацыйны характар. Асаблівае мейсца будзе прысвечана супольнай малітве і дыялогу, які я лічу неабходны ў тым, каб будаваць ўзгаданае адзінства. А што датычыць тэалагічнай фармацыі, то мы ўсе ведаем, каб быць добрым спецыялістам ў любой галіне працы, не можна спыняцца на тым, што ўжо здабыў. Тым больш у працы над чалавечымі душамі неабходнасць фармацыі спецыяліста падвойваецца. Чалавек –цялесна-духоўная асоба. Ён па сваёй сутнасці накіраваны на дынамізм. Таму тыя, хто павінны працаваць над чалавекам і яго збаўленнем маюць нават абавязак няспынна павышаць кваліфікацыю сваёй паслугі.
У гэтай адказнай місіі на што вы звернеце перш за ўсё сваю ўвагу?
Усе веруючыя людзі пакліканы да святасці: “Будзьце святымі, бо святы Я Госпад, Бог ваш.” (Св 19,2б). Для нас святароў гэта асаблівая ласка і заданне. Далей у Святарскай кнізе ідзе пра гэта мова: “Сказаў Бог Маісею: Гавары святарам, сынам Аарона, і кажы ім: (…) Святымі будуць яны перад Богам сваім і не будуць паганіць імя Яго, бо складаюць агнявыя ахвяры Госпаду і ахвяру хлебную Богу свайму, і таму будуць яны святымі.” (Св 21, 1а,6). Мне здаецца, што ў першую чаргу трэба каб усе святары глыбока разумелі не толькі саму місію служэння Богу, да якой Ён нас паклікаў, але перад усім тое, якімі мы павінны быць ва ўзаемаадносінах з Ім. Калі ўважліва паназіраць за служэннем прарокаў ці апосталаў у св. Пісанні, то можна заўважыць, што праведнасць і вернасць Богу была фундаментальным прынцыпам іх дзейнасці. Гэта гварантавала слугам Божым перш за ўсё асабісты кантакт з Богам, а потым і эфектыўнасць у служэнні, якое абапіралася на жывым сведчанні. Думаю, што нікога не трэба пераконваць у тым, што свет патрабуе сведкаў жывой веры. Вось на патрэбу святасці нашага ўласнага жыцця трэба звярнуць увагу на самым пачатку фармацыі і часта пра гэта прыпамінаць.
Як часта будуць праводзіцца гэтыя сустрэчы і наколькі абавязковым будзе ў іх удзел маладых святароў Гродзеншчыны?
Плануецца, што сустрэчы будуць адбывацца чатыры разы ў год. Прысутнасць вядома што абавязковая, бо які сэнс іх тады ладзіць. Сустрэчы не павінны мець характару “спец. курсаў” каб іх хутчэй адбыць ці залічыць. Яны павінны быць карыснымі і плённымі. А гэта залежыць не толькі ад кіраўніка, але ад усіх хто будзе прымаць у іх удзел.
Ад таго, якім будзе новае пакаленне святароў залежыць будучыня нашага мясцовага Касцёла, будучы духоўны стан парафіяльных супольнасцей, таму фармацыя святароў гэта таксама сумеснае намаганне калегаў святароў і таксама нашых вернікаў. Якую ролю іншых людзей вы бачыце ў гэтым важным працэсе?
Несумненна так. Святар – гэта ўласнасць Бога , але і супольнасці Касцёла. Таму ўвесь мяйсцовы Касцёл павінен спрыяць фармацыі маладых святароў. Так, як пакліканні да святарства маюць малы шанс на адкрыццё і рэалізацыю ў неспрыяючым гэтаму дару асяроддзі, таксама святасць і плённасць паслугі маладых святароў мае слабы шанс калі ўся супольнасць не будзе ім ў гэтым дапамагаць. Я вельмі ўдзячны Богу, што на пачатку маёй святарскай паслугі я меў некалькі добрых прыкладаў з жыцця старэйшых святароў. Гэта таксама дапамагло мне перажыць крызісны момант. Таму сведчанне старэйшых святароў вельмі важнае. А свецкія хрысціяне павінны таксама ўмацоўваць малалых святароў малітвай за іх і дапамагаць ім узрастаць у свядомасці таго, што яны вельмі патрэбныя людзям.
Якія словы вы б хацелі скіраваць да пачынаючых сваю святарскую паслугу святароў?
Паводле слоў Папы Францішка, “святару і таму, хто рыхтуецца да святарства, трэба культываваць “кантэмпляцыйнае вымярэнне”, нават у віхуры абавязкаў і надзённых праблем. Чым больш місія заклікае ісці на перыферыі існавання, тым больш сэрца павінна яднацца з Хрыстом, поўным міласэрнасці і любові”. Таму я заклікаю маладых святароў, каб перш за ўсё яны прабывалі на малітве з Езусам, а занадта не разлічвалі на ўласныя сілы ці магчымасці касцёльных структураў. Святарства – гэта Божая справа і святар – гэта ўласнасць Бога. Толькі блізкія, асабітыя ўзаемаадносіны святара з Богам зробяць вашае святарскае жыццё шчаслівым і плённым.
Размаўляў кс. Юрый Жэгарын