Месяц май з’яўляецца асабістым месяцам у многіх парафіяльных супольнасцях нашай дыяцэзіі. У першую чаргу таму, што ў Касцёле ў гэтым месяцы аддаем пашану Маці Божай Марыі падчас маёвага набажэнства. Для таго, хто з’яўляецца католікам толькі на Вялікдзень і на Божае Нараджэнне, гэты месяц нічым не адрозніваеца ад іншых. Аднак для таго, хто па-сапраўднаму перажывае сваю веру, ён іншы. І не толькі таму, што адбываюцца маёвыя набажэнствы, але таксама таму, што многія парафіі і многія вернікі ў гэты час перажываюць важныя падзеі ў сваім жыцці. Адной з такіх урачыстасцей з’яўляецца Першая Св. Камунія.
Паспрабуем паразважаць, чым з’яўляецца гэтая падзея ў жыцці тых, хто яе перажывае, і чаму яна адбываецца менавіта ў маі?
У першыя вякі хрысціянства сакрамант Хросту, Канфірмацыі і Першай Камуніі ўдзялялі адразу, адначасова. Пазней прыняцце гэтых сакрамантаў было раздзелена, і сёння яны ўдзяляюцца ў розным узросце. Такім чынам Касцёл жадае падкрэсліць важнасць кожнага з гэтых сакрамантаў, але таксама тое, што кожны сакрамант з’яўляецца па-свойму асаблівым і непаўторным.
Першая Святая Камунія ўводзіць хрысціяніна ў хрысціянскае жыццё. Сакрамант Эўхарыстыі звычайна прынімаецца ў дзіцячым узросце і прадугледжвае двухгадовую падрыхтоўку, падчас якой дзеці пазнаюць асноўныя праўды веры і атрымоваюць адказы на многія пытанні адносна Бога, чалавека, сусвету і г.д. Аб ранняй Св. Камуніі ўжо гаварыў св. Томаш з Аквіну, які падкрэсліваў, што калі дзеці ўжо могуць аддаваць пашану Найсвяцейшаму Сакраманту і разумець сэнс Эўхарыстыі, то можна ім удзяляць гэты сакрамант. У сваю чаргу папа Пій X сказаў, што калі дзеці могуць адрозніць звычайны хлеб ад эўхарыстычнага і вераць, што ў Камуніі прымаюць Цела Езуса, то могуць прыняць Найсвяцейшы Сакрамант.
Звычайна Першая Св. Камунія адбываецца ў маі. У гэты час Касцёл яшчэ перажывае перыяд пасхальнай радасці на працягу 50 дзён ад Нядзелі Змёртвыхпаўстання да Урачыстасці Спаслання Св. Духа. Падчас гэтай радасці адбываецца таксама радасць Першай Св. Камуніі. Прыняцце гэтага сакраманту ў гэты час дае магчымасць дзецям ўдзельнічаць ва Ўрачыстасці Божага Цела ўжо ўсведамляючы сабе яе сэнс.
Тое, наколькі важным днём з’яўляецца дзень Першай Св. Камуніі, можна заўважыць па той радасці, якую адчуваюць і перажываюць дзеці. Блізкія і родныя таксама перажываюць гэты дзень разам са сваімі дзецьмі, як асаблівы, але трэба памятаць, што радасць прыняцця Св. камуніі не павінна скончыцца ў жыцці дзяцей у той самы дзень. Трэба яе працягваць далей. Таму што лепшага госця, чым Езус, не атрымаецца знайсці.
Рэлігійнае жыццё дзяцей, якія прынялі Цела Езуса Хрыста, не можа скончыцца толькі на Першай Св. Камуніі. Такім чынам і пазнанне праўд веры таксама павіна працягвацца далей. А гэта ўжо залежыць ад бацькоў, ад іх прыкладу штодзённай малітвы, нядзельнай Св. Імшы, прыняцця святых сакрамантаў. Калі гэтага няма, то і Першая Св. Камунія стане толькі традыцыяй, якую трэба адбыць, бо так робяць іншыя.
Няхай заахвочваннем будуць словы самога Езуса: „Дазвольце дзецям прыходзіць да мяне”. Пазнаўшы адзін раз радасць прабывання блізка Пана, нельга яе страціць, бо так можна страціць жыццёвы компас і згубіцца ў жыцці.
Кс. Ян Раманоўскі