Своечасовасць. Святы Каталіцкі Касцёл на працягу сваёй гісторыі паступае згодна з Божай мудрасцю, што “на ўсё ёсць свой час” (параўн. Экл 3, 1).
Калі нараджаецца маленькае дзіцятка, Касцёл становіцца ля вытокаў яго духоўнага жыцця, удзяляючы сакрамант хросту. Калі дзіця падрастае і становіцца здольным адрозніваць дабро ад зла, Касцёл прыходзіць яму на дапамогу ў барацьбе са злом праз сакрамант пакаяння і паяднання, а праз сакрамант Эўхарыстыі дапамагае трываць у добрым і ўзрастаць у цнотах. Калі ж надыходзіць у жыцці юнака ці дзяўчыны час сталення, інтэнсіўнай працы над характарам, час будавання адносін з бліжнімі і пошуку месца ў свеце, Касцёл умацоўвае моладзь сямю дарамі Святога Духа праз сакрамант канфірмацыі.
Неабходнасць веры. Падчас цэлебрацыі сакраманту хрысціянскай сталасці на пытанне біскупа, якіх ласкаў кандыдаты чакаюць ад Бога, яны адказваюць: “Прагнем, каб Святы Дух, якога мы атрымаем, умацаваў нас для мужнага вызнавання веры і для жыцця паводле яе праўд”.
У жыцці хрысціяніна заўсёды стаіць пытанне аб веры: “А без веры немагчыма спадабацца, бо той, хто падыходзіць да Бога, павінен верыць, што Ён існуе і дае ўзнагароду тым, хто Яго шукае” (Гбр 11, 6). Вера як яднанне з жывым Богам з’яўляецца таксама фундаментальнай умовай удзялення канкрэтнаму чалавеку таго ці іншага сакраманту.
Каб дзіця было ахрышчана, неабходна вера яго бацькоў і хросных. Падчас цэлебрацыі хросту яны адказваюць на пытанні святара (дыякана): ці вераць у Бога Айца, ці вераць у Сына Божага, ці вераць у Святога Духа, ці вераць у Святы Каталіцкі Касцёл і праўды, якія ён атрымаў ад Бога і якім навучае? Таксама бацькі прымаюць на сябе абавязак выхоўваць сваё дзіця ў веры, а хросныя абавязваюцца дапамагаць бацькам у гэтым.
Падчас урачыстасці Першай св. Камуніі дзеці ўжо самі адказваюць на пытанні святара адносна сваёй веры – тыя самыя, на якія адказвалі іх бацькі і хросныя – і абяцаюць пры дапамозе Божай ласкі верна захоўваць Яго запаведзі і касцёльныя наказы.
Падчас канфірмацыі юнакі і дзяўчаты вызнаюць перад біскупам сваю веру, але адначасова просяць аб яе ўмацаванні, каб мець магчымасць дзяліцца ёю з бліжнімі і жыць паводле веры, даючы добры прыклад іншым.
Праблема слабой веры. Пытанне адносна неабходнасці і патрэбы прыняцця сакраманту канфірмацыі ўзнікае заўсёды як вынік слабой веры – дарослых і іх дзяцей. У галовах бацькоў, якія не жывуць верай, рэгулярна не практыкуюць яе ці зводзяць толькі да выканання на святы рэлігійных традыцый і абрадаў, якія на працягу шматлікіх гадоў пасля хросту сваіх дзяцей не давалі ім добрага прыкладу веры, не развівалі яе ў сваёй душы і не дапамагалі ў гэтым дзецям, пачынаюцца розныя падлікі: як зматываваць падлеткаў да гэтага сакраманту і як зрабіць, каб яны з найменшымі намаганнямі ўсё ж прынялі яго. Бо неканфірмаваным не ўдзеляць сакраманту шлюбу, яны не змогуць быць хростнымі бацькамі і г. д.
Як можна расказваць маладзёнам аб вызнаванні веры, аб патрэбе яе абароны, аб жыцці паводле яе ісцін, калі яны не пазналі жывога Бога, не моляцца, не прыступаюць рэгулярна да святых сакрамантаў? Можна, калі мы – катэхеты і святары – пачнём даваць ім і іх бацькам сведчанне нашай веры, дапаможам спачатку аднавіць жывую сувязь з Богам. Тады моладзь не будзе задаваць пытанне: “Ці абавязкова мне прымаць сакрамант канфірмацыі?”, але спытаецца: “А якія ласкі я атрымаю ад Бога ў гэтым сакраманце?” і “Як іх добра прыняць і імі жыць, каб быць веруючым чалавекам?”.
З вопыту катэхетычнай дзейнасці магу сказаць, што моладзь, якая хадзіла на ўрокі рэлігіі цягам усіх гадоў навучання ў школе, удзельнічала ў розных набажэнствах, характэрных для пэўных перыядаў літургічнага года, якая рэгулярна (раз на месяц) прыступала да споведзі і кожную нядзелю ўдзельнічала ў св. Імшы, прымала сакрамант канфірмацыі больш свядома і з большай верай, чым тыя, хто рэгулярна не наведваў катэхезы ды набажэнствы і не прыступаў да сакрамантаў. Падрыхтоўка да канфірмацыі пачынаецца ўжо ад моманту хросту. І гэта супольны шлях усёй сям’і, у якой узрастае малады чалавек.
Каб дапамагчы тым, хто мае занядбанні ў развіцці сваёй веры, каб яны маглі аднавіць свае адносіны з Богам, можна прапанаваць іх бацькам і самой моладзі рыхтавацца да канфірмацыі на год больш, чым звычайна. Знайсці такую занядбаную моладзь раней і першы год прысвяціць паўтарэнню фундаментальных праўд веры і маральнасці, аднаўленню малітоўнага і сакраментальнага жыцця маладога чалавека.
Ласкі сакраманту канфірмацыі. Што ж дае маладому чалавеку сакрамант канфірмацыі? Фундамент, апору, стрыжань, сталасць духоўнага і маральнага жыцця. Дары Святога Духа асвятляюць розум чалавека (каб шукаў заўсёды праўду) і ўмацоўваюць яго волю (каб выбіраў заўсёды дабро).
Мы жывём у свеце, дзе дабро існуе побач са злом. Дар мудрасці дапамагае юнаку і дзяўчыне адрозніваць іх і любіць Божую праўду; вучыць, што наша найвышэйшая мэта – збаўленне душы, а не каб нам заўсёды добра і прыемна было на гэтай зямлі, нават цаной граху. Жывём у свеце, дзе праўда перамешана з хлуснёй. Дар розуму дапамагае адрозніваць іх, не рабіць трагічных памылак і дастаткова добра разумець ісціны веры.
Сустракаемся з сітуацыямі, калі трэба зрабіць правільны выбар. Дар рады дазваляе ў складаны момант выбіраць тое, што падабаецца Богу, і пазбягаць тым самым непатрэбных цярпенняў з-за нашага глупства. Дар мужнасці вельмі патрэбны моладзі, каб у сучасным свеце перамагаць боязь і страх перад іншымі ў выкананні рэлігійных абавязкаў. Паколькі мэтай чалавечага жыцця і паклікання з’ўляецца Неба, то патрабуем дару ўмеласці, каб выкарыстоўваць усё для нашага вечнага збаўлення. Нам неабходна паўната жыцця, а не марнага існавання. Дар набожнасці дапаможа палюбіць малітву, рэгулярны ўдзел у Эўхарыстыі, частую споведзь і св. Камунію, якія даюць Божае жыццё душы чалавека. Каб весці ўпарадкаванае і цнатлівае жыццё, належыць паставіць Бога на першае месца. Дар боязі Божай дазваляе зразумець веліч Усемагутнага, каб любіць Яго поўнай павагі любоўю і не абражаць цяжкімі грахамі і дабравольнымі лёгкімі. І мець Божае бласлаўленне.
У час эпідэміі наша моладзь тым больш патрабуе моцы Божай і дзеяння Яго дароў у сваім жыцці. Таму тыя, хто ішоў усе гэтыя гады нармальным шляхам духоўнай і інтэлектуальнай падрыхтоўкі да сакраманту канфірмацыі, няхай ў свой час яго плённа прымуць. А тыя, хто бачыць свае занядбанні ў падрыхтоўцы і слабую веру, няхай перапросяць Бога і спачатку зоймуцца аднаўленнем ўласнага сакраментальнага і малітоўнага жыцця. Таму што Божая ласка патрабуе добрай волі і дзейнічае на натуры чалавека.
Паводле "Слова Жыцця",кс. Павел Раманоўскі