Св. Валянцін вядомы не толькі ў супольнасці Касцёла, але і ва ўсім свеце. Асаблівую папулярнасць ён набыў у закаханых пар, бо лічыцца іх нябесным заступнікам. Пра тое, ці існуе “другая палоўка” і якую ролю займае Божы Провід у перасячэнні жыццёвых шляхоў дзвюх асоб, распавядаюць маладыя сужэнствы.
Бажэна і Максім Чарнецкія
Наша знаёмства з Максімам пачалося ў пілігрымцы. Калі ўзгадваю абставіны сустрэчы, разумею, што яна была наканавана звыш. У 2011 годзе я ўпершыню вырашыла пайсці ў паломніцтва Гродна–Рось, да цудадзейнай фігуры Езуса Журботнага. Аднак напярэдадні збораў аказалася, што ніводная з сябровак не можа саставіць мне кампанію, а адну мяне не пускалі бацькі, бо была непаўналетняя і здалёк – з Індуры.
Я засмуцілася, але літаральна ў апошні момант мяне выручыла адна дзяўчына. Так Езус Журботны здзейсніў цуд ужо на самым пачатку – насуперак абставінам я аказалася ўдзельніцай паломніцтва!
З будучым мужам пазнаёмілася ўжо пасля галоўных роскіх урачыстасцей, па дарозе на начлег. Была ноч, і з-за цемры мы амаль не разглядзелі твары адзін аднаго, але нягледзячы на гэта, адчулі ўзаемную сімпатыю. Раніцай, вяртаючыся ў Гродна на аўтобусе, ужо разам спявалі набожныя песні, а на наступны дзень танцавалі “бельгійку” падчас забаўляльнай сустрэчы для ўдзельнікаў паломнітцва. Так і пачалі кантактаваць. Максім прыязджаў да мяне ў Індуру. Амаль усе сустрэчы праходзілі на прыкасцёльнай тэрыторыі: там адбываліся першыя шчырыя размовы, там здарыўся і першы пацалунак… Праз паўгады ён прызнаўся ў любові, але я з прызнаннем вырашыла крыху пачакаць. Бо каханне – гэта штосьці вытрыманае, праверанае часам або выпрабаваннямі.
У гісторыі нашых адносін важнае месца займае адзін эпізод. Праз тры гады пасля таго, як мы з Максімам сталі парай, я пазнаёмілася з пэўнай манскай супольнасцю… і закахалася ў лад жыцця сясцёр. Яны заўсёды былі радасныя, свяціліся прыгажосцю, нястомна славілі Бога танцам і спевам. Мяне пачалі няспынна агортваць думкі, каб пайсці ў кляштар. Калі падзялілася з Максімам, ён заплакаў. Упершыню ўбачыла яго слёзы. Пачала шмат маліцца аб распазнанні жыццёвага шляху і аднойчы, молячыся Святым Пісаннем, вырашыла адкрыць старонку Бібліі наўгад. І трапіла на словы з Кнігі прарока Ераміі: “Ці доўга табе бадзяцца, адпалая дачка? Бо Гасподзь стварыў на зямлі нешта новае: жонка выратуе мужа” (Ер 31, 22). Усе сумнені адразу зніклі, а далейшы лёс быў вызначаны.
Трапяткія ўспаміны выклікае і момант, калі Максім рабіў прапанову. У той час я знаходзілася ў невялічкім мястэчку ў Польшчы на місіях, куды была запрошана сваім сябрам і духоўным настаўнікам дамініканцам а. Томашам Мікам OP. На працягу тыдня я давала сведчанні, арганізоўвала малітву, збірала ахвяраванні на адпачынак для моладзі. Пасярод усіх турбот прыехаў Максім і запрасіў мяне ў рэстаран. А. Томаш не пусціў мяне туды, бо была пад яго апекай, але я нават усцешылася. Адчувала, што Максім хоча прапанаваць руку і сэрца, а сустрэча ў рэстаране падавалася надта бальнай. У выніку спаткаліся мы ля касцёла: быў позні вечар, а на вуліцы пачынаўся ўраган. Ці не рамантыка? Максім працягнуў у падарунак фотаальбом, у якім павінны былі пачаць фіксаваць новы этап свайго жыцця, а з альбома выпаў пярсцёнак і пакаціўся… Напужаліся, але знайшлі.
Падчас шлюбу мы абодва былі шчаслівыя, бо ведалі: калі ў сужэнстве на першым месцы Бог, то і сямейнае жыццё будзе ўдалае. Сёння маем ужо супольны плён: цудоўнага сына Адрыяна і невялічкі бізнес. Праз інстаграм-старонку “Буцік БоБо” прадаём аўтарскія постэры, паштоўкі, календары і кубкі з хрысціянскай тэматыкай. Я займаюся распрацоўкай дызайна, а Максім – усімі арганізацыйнымі справамі. Усё на хвалу Пана!
Вікторыя і Міхаіл Петрусевічы
Нас пазнаёміў мой стрыечны брат. Гэта быў 2014 год. Я збіралася набыць сабе новую тэхніку і патрабавала кансультацыі, а брат параіў Мішу, свайго сябра, як добрага спецыяліста ў камп’ютэрнай сферы. Паступова пачалі больш актыўна перапісвацца ў сацсетках і зразумелі, што ўзнікла сімпатыя – мы былі “на адной хвалі”. Пасля знаёмства афлайн прыйшло і яно самае – каханне. У 2016 годзе паляшук Міхась упершыню ступіў на гродзенскую зямлю... і застаўся тут!
Цукеркава-букетны перыяд цалкам апраўдаў сваю назву: кожная хвіліна была напоўнена рамантыкай. Букет валошак пры першай сустрэчы, парныя вышымайкі (адмысловыя майкі з беларускім арнаментам – заўв. аўт.), экскурсіі па Гродне і шмат чаго іншага зрабілі нашы сустрэчы вельмі ўзнёслымі.
Зразумела, што з асаблівым трапятаннем я ўзгадваю момант, калі Міхась зрабіў прапанову рукі і сэрца. Быў цёплы травеньскі вечар. Мы адправіліся на шпацыр пасля прагляду тэатральнай пастаноўкі “451° па Фарэнгейту”, дзяліліся ўражаннямі ад убачанага. Дайшлі да Каложскай царквы, і раптам Міхась становіцца на адно калена і просіць стаць яго жонкай. Быццам пад замову над намі вельмі голасна спяваў салавейка...
Праз два месяцы мы зладзілі вяселле. Першапачаткова вельмі важнае значэнне надавалі не рэгістрацыі ў ЗАГСе, але шлюбу ў касцёле. Папярэдне папрасілі ў арганіста сыграць на св. Імшы “Магутны Божа” – духоўны гімн Беларусі. Ён гучаў надзвычай урачыста, і я дагэтуль маю мурашы на скуры ад успамінаў. Сама клятва вернасці атрымалася вельмі ўзнёслай. Я пасля доўга не магла адысці ад эмоцый, а многія фотаздымкі са святыні атрымаліся з нявестай-плаксай.
За нашу гісторыю кахання я ўдзячна Нябеснаму Айцу. Яшчэ да знаёмства з Міхасём даведалася пра малітву да св. Юзафа аб добрым мужы. На працягу года з поўным даверам старанна адгаворвала яе. І на маім шляху ўзнік хлопец, вобраз якога мела ў галаве – менавіта такі, аб якім прасіла. І як не паверыць у Божы цуд пасля гэтага? Дарэчы, муж таксама заўсёды маліўся аб тым, каб Бог дапамог яму сустрэць добрую жонку.
Пра падзяку святому заступніку мы таксама не забыліся. У нас нарадзіўся сын, якога назвалі Міхаіл-Юзаф. Ён таксама ўжо паспеў стаць хрысціянінам праз прыняцце сакраманту хросту. Жыццё ідзе сваёй чаргой. І мы верым, што без Божай дапамогі ўсё было б па-іншаму.
Бажэна і Дзяніс Трусевічы
Наша гісторыя кахання пачалася ў пілігрымцы Гудагай–Будслаў у 2011 годзе.
У паломніцтве я амаль нікога не ведала, бо дагэтуль заўсёды хадзіла ў Будслаў з Баранавічаў. Таму мы з сяброўкай вырашылі пакрысе знаёміцца з удзельнікамі. Я прапанавала пачаць з хлопца-рэгуліроўшчыка, а калі падышла да яго, убачыла, што сяброўкі побач няма. Прывіталася, але хлопец аказаўся негаваркім – назваў толькі імя ды адкуль паходзіць. Зрабіўшы яго фота (бо заўсёды здымала ў пілігрымках), вярнулася да сяброўкі. Да апошняга дня паломніцтва мы больш не перасякаліся.
Аднак на заканчэнне Будслаўскіх урачыстасцей, калі развітваліся, Дзяніс сказаў, што знойдзе мяне ў сацыяльных сетках. Так і пачалі кантактаваць анлайн. Праз два тыдні сустрэліся зноў на Гудагайскім фэсце, дзе вельмі хутка прыйшло ўсведамленне, што мы закахаліся адзін у аднаго. Прызналіся ў любові адразу ж, і цяпер, гледзячы на нашу сям’ю, разумеем, што не паспяшаліся.
Падчас цукеркава-букетнага перыяду было шмат рамантычных момантаў. Улічваючы, што жылі на адлегласці (я з Брэста, а ён з Гудагая), Дзяніс часта рабіў сюрпрызы з прыездам і заўсёды прывозіў безліч маіх любімых слодычаў. А самы важны момант – калі мы заключылі маленькую дамову ў самым пачатку адносін: папрасілі аб узаемнай сумленнасці. Мяркую, гэта і стала залогам моцнай сям’і, нягледзячы на ўсе цяжкасці.
Дзяніс зрабіў мне прапанову ва ўрачыстасць Маці Божай Шкаплернай праз пяць гадоў пасля знаёмства. Гэта было вельмі сімвалічна, бо атрымалася, што Маці Божая Будслаўская нас “пазнаёміла”, а Маці Божая Гудагайская – “ажаніла”. Бралі шлюб з поўным даверам Божаму плану, прамаўляючы клятвы і гледзячы адзін аднаму ў вочы.
Без Бога не было б нічога ў нашым супольным жыцці – толькі Ён мог усё так геніяльна прадумаць. У тым далёкім 2011 годзе ані я, ані Дзяніс не збіраліся ў паломніцтва Гудагай–Будслаў, аднак амаль у апошні момант усё склалася інакш. І ў выніку атрымалася цудоўна!
Цяпер мы штогод ходзім у пілігрымку ў санктуарый Маці Божай Будслаўскай з падзякай за нашу сустрэчу, часта наведваемся туды і без асаблівай нагоды, бо адчуваем, што там месца нашай моцы! А апошнім часам крочылі туды з нашымі маленькімі цудамі – дочкамі Эліянай і Арыянай.
Паводле "Слова Жыцця", Ангеліна Марцішэўская