Скарбы бываюць розныя. Для адных людзей скарб – гэта матэрыяльныя каштоўнасці, для іншых – духоўныя.
Для мяне асабіста, а таксама для маёй сям’і важнейшыя скарбы духоўныя. І адным з іх з’яўляецца памяць. Памяць сям’і…
Мы часта не разумеем каштоўнасць памяці. Але яна – важны падмурак кожнай асобы, нацыі, народа, чалавецтва….
Чалавек, які ў выніку нейкага выпадку страчвае памяць, не адчувае сябе паўнавартасным, цэлым. Ён не забывае, як гаварыць, думаць, чытаць, камунікаваць з іншымі людзьмі, але частка яго страчана… Хто ён? Адкуль? Знаходзячыся сярод іншых людзей, такі чалавек увесь час адчувае сябе нібыта па-за асяроддзем, грамадствам, дзесь збоку…Ён не можа знайсці сябе, ён што лісток, адарваны ад галіны і пакінуты ў адзіноцтве сваёй жальбы, птушка, якая не мае свайго гнязда, дрэва без карэнняў і сілы.
Памяць сям’і – гэта памяць пра нашых продкаў, якая захоўваецца ў гісторыях, лістах, фотаздымках, а таксама традыцыях і звычаях. Гэта вялікі скарб кожнай сям’і, жыватворная сіла, якая дае нам упэўненасць і гонар, каштоўная жамчужына ў пацерках стагоддзяў. Няма аднолькавых сем’яў, як і няма аднолькавых гісторый. Кожная сям’я ўнікальная, і ў кожнай свая памяць, свае скарбы.
Хтосьці можа сказаць, што большасць традыцый аднолькавыя для народа, бо звязаны з тым ці іншым гістарычным часам, пэўным геаграфічным становішчам, вераваннямі. Канешне, гэта ў пэўнай ступені так. Але варта толькі больш уважліва прыгледзецца да гэтых агульных традыцый, як з іх адразу пачынаюць выступаць выразныя адметнасці, характэрныя для кожнай канкрэтнай сям’і.
Задумаўшыся над духоўнымі каштоўнасцямі нашай сям’і, я сапраўды заўважыла злучэнне нацыянальных асаблівасцяў і адметных рысаў майго роду.
Для нас хрысціянская духоўнасць з’яўляецца цэнтральным пунктам, вакол якога круціцца ўсё жыццё. І, па гэтай прычыне, большасць традыцый, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, звязаны з хрысціянствам. Гэта і бацькоўскае благаслаўленне перад тым, як класціся спаць, благаслаўленне перад доўгай дарогай, супольная штодзённая малітва, сямейныя вечарыны і канешне, сумеснае святкаванне розных падзей і рэлігійных святаў.
Самым сямейным і, напэўна, самым чаканым з усіх святаў з’яўляецца ў нашай сям’і Божае Нараджэнне. Таму і традыцый з ім звязана нямала. Большасць з іх перадалі мае бабуля і дзядуля, якім у сваю чаргу перадалі іх бацькі.
Святкаванне Божага Нараджэння пачынаецца з грунтоўных прыгатаванняў і выходзіць далёка за межы самога свята, якое адзначаецца 25 снежня.
Яшчэ ў канцы лістапада – пачатку снежня распачынаецца Адвент – так званы час чакання, які працягваецца да Вігіліі свята. У гэты перыяд мы ўсёй сям’ёй тры разы на тыдзень удзельнічаем у Раратах – спецыяльных набажэнствах, якія пачынаюцца ў прыцемненым касцёле працэсіяй з запаленымі ліхтарыкамі ў руках. Памятаю, як дзяўчынкай я вельмі любіла Рараты, якія асаблівым чынам хвалявалі мае сэрца сваім чароўным хараством і таямніцай чакання нечага цудоўнага і велічнага. З якім творчым запалам я рыхтавала кожны год ліхтарыкі, упрыгожвала іх малюнкамі! А цяпер назіраю, як мае дзеці робяць гэтаксама, і разумею, што змагла перадаць ім кавалачак свайго маленькага шчасця.
Асаблівым чынам адбываюцца прыгатаванні і ў хаце. На працягу снежня ўвесь дом старанна прыбіраецца, у кожны пакой рыхтуюцца асаблівыя ўпрыгажэнні, вокны аздабляюцца выцінанкамі, выкананымі, дарэчы, малодшымі членамі сям’і.
У куце каля абраза на століку размяшчаецца сасновы вяночак з чатырма свечкамі, якія паслядоўна запальваюцца кожную нядзелю па адной. Такім чынам, у канцы гараць ужо ўсе разам. Свечкі нагадваюць пра тое, што людзі вельмі доўга чакалі прыходу Збаўцы. А побач з вяночкам ставіцца невялікі збанок, у які штодня кожны з нас кладзе запісачку з добрымі ўчынкамі. Гэта дарунак сэрца для маленькага Езуса, бо не можа быць дня нараджэння без падарункаў!
А за некалькі дзён да свята ў нашай хаце збіраюцца ўсе дарослыя жанчыны сям’і (мая матуля і сёстры) і пачынае рыхтавацца самая смачная страва: вушкі. Гэта маленькія піражкі з начыннем з маку. Вушкі робяцца выключна на Божае Нараджэнне, таму ўсе іх вельмі чакаюць. Рэцэпт захоўваецца ў нашай сям’і некалькі пакаленняў і перадаецца старэйшай дзяўчыне з роду. Мне перадала яго мая бабуля. Некалькі год яна паступова ўводзіла мяне ў працэс прыгатавання гэтай цудоўнай стравы: спачатку вучыла асаблівым чынам закручваць цеста, каб атрымлівалася прыгожая касічка, потым падрабязна паказвала прыгатаванне маку, а толькі пасля гэтага чарга дайшла непасрэдна да цеста. Рэцэпт мае свае таямніцы, таму цеста заўсёды атрымліваецца пышным, а вушкі вельмі смачнымі.
Калісьці мы ўсе збіраліся ў бабулі: рабілі вушкі, спявалі песні. Рабілі заўсёды шмат, каб кожны мог прынесці дадому вялікі кошык. Сам працэс займаў амаль цэлы дзень. Бабуля казала, што трэба старанна выконваць усе дзеянні, інакш нічога не атрымаецца. Напрыклад, нельга было прыступаць да гатавання з дрэнным настроем, бо тады цеста не падымецца добра або вушкі раскрыюцца падчас смажання і ўвесь мак выцячэ. Аднак усё пачыналася з благаслаўлення цеста, якое затым старанна вымешвалася. Цікава, што заўсёды рабіў гэта мой дзядуля (а цяпер – мой муж). Можа, таму цеста было такое пышнае. А яшчэ важнай часткай прыгатавання быў падлік колькасці вушак, якая заўсёды параўноўвалася з папярэднім годам. Пасля таго, як усе вушкі гатовыя, можна было нарэшце паспрабаваць, але толькі па адным. Рабілася гарбата, і кожная з гаспадынь частавалася прысмакам. Астатнія вушкі раскладваліся па кошыках і адносіліся ў халоднае месца, дзе захоўваліся да Вігіліі.
Напярэдадні свята – 24 снежня – гаспадар прыносіць елачку, дастае з паліцы скрыначкі з цацкамі, і пачынаюцца ўспаміны… “А памятаеш, мы гэты маленькі шарык купілі падчас падарожжа ў Варшаву?” “А вось гэта, паглядзі! Я была ўпэўнена, што яна згубілася, але ж не, знайшлася”. “ Ой, наша шкляная балерына! Мая любімая, бо ад бабулі!”
Кожную цацку мы дастаем з вялікай пашанай, уважліва разглядаем, прыгадваем людзей і гісторыі, звязаныя з імі, і толькі потым акуратна вешаем цацкі на елачку. А пад ёй робім дэкарацыю: невялічкія яслі з гіпсавымі фігуркамі Дзіцяткі Езуса, анёлаў і жывёл (авечак, бычка і шчанятаў).
І, канешне, менавіта ў гэты дзень рыхтуюцца святочныя стравы. Ужо з раніцы на кухні ўсё варыцца, парыцца, запякаецца, ажно горача! Трэба паспець да вячэры, на якую звычайна збіраецца ўся наша вялікая сям’я. Колькасць страваў павінна быць роўнай 12 (па ліку апосталаў). Сярод іх перш за ўсё куцця, якую мы рыхтуем з рысу з даданнем маку. Таксама рыба некалькіх відаў, кампот з яблыкаў або груш, капуста з грыбамі. Мяса на Вігілію не рыхтуецца, бо захоўваецца пост. Яно падаецца толькі 25 снежня. Апрача гэтага, мы робім бліны. Іх вельмі любіў мой дзядуля, і бабуля заўсёды ставіла на святочны стол талерку з пышнымі блінамі. Дзядулі ўжо шмат гадоў няма, але кожны год на нашым стале абавязкова ёсць яго любімая страва.
Стол таксама старанна рыхтуецца. Пад белы абрус мы кладзем трошкі саломы як сімвал ясляў, дзе нарадзіўся Езус. Ставім запаленую свечку. Яе заўсёды набываем у Caritas, бо грошы ад яе продажу ідуць на падарункі для дзяцей – сірот і для хворых у шпіталях. Кожны павінен адчуць радасць. Ніхто ў такі дзень не можа заставацца самотным і нешчаслівым.
Пад вечар пачынаюць збірацца госці. Некалі мы вось так разам з усімі братамі і сёстрамі, дзядзькамі і цёткамі, з іх дзецьмі збіраліся ў бабулі як старэйшай жанчыны роду. У двух пакоях месца ўсім хапала. Паўсюль былі чутны вясёлыя размовы і смех. А цяпер усе прыходзяць да нас.
За стол садзяцца са з’яўленнем першай зоркі на небе. Спачатку гаспадар дому чытае з Бібліі ўрывак пра Божае Нараджэнне, далей адбываецца супольная малітва ў розных патрэбах: аб здароўі і благаслаўленні, аб добрым і ўраджайным годзе, аб супакоі ў свеце і нашай краіне. А потым кожны па чарзе бярэ белую аплатку – і пачынаюцца віншаванні! Трэба асабіста падысці да ўсіх прысутных, падзяліцца аплаткай, павіншаваць, а таксама папрасіць прабачэння за тое, што здарылася непрыемнага на працягу года. І толькі калі ўсе падзеляцца аплаткай, дазваляецца прыступіць да частавання, пачынаючы з куцці. Мой дзядуля гаварыў, што за вігілійным сталом трэба спрабаваць усе стравы, бо інакш летам пакусаюць камары.
На стале абавязкова знаходзіцца адна лішняя талерка з прыборамі. Гэта для памерлых продкаў.
Падчас вячэры мы разам спяваем традыцыйныя калядкі. А пасля выбіраемся ў касцёл на так званую Пастэрку – святочную Імшу з нагоды Божага Нараджэння.
Пасля вяртання дадому дзеці хутка кладуцца спаць, бо раніцай трэба паспець прыбегчы да елачкі па падарункі ад святога Мікалая. Цікава, што святы Мікалай ніколі не забываецца пра дарослых: заўсёды знаходзяцца сюрпрызы, зробленыя “нібыта маленькімі ручкамі”.
Захаванне сямейных традыцый і звычаяў, сямейная памяць дазваляюць нейкім таямнічым спосабам сціраць часавыя межы. Бо такім чынам вакол святочнага стала збіраюцца не толькі жывыя, але таксама невідочна прысутнічаюць усе нашыя продкі, і сям’я збіраецца ў адно цэлае. У гэты час – асаблівая атмасфера дабрыні і пашаны, якая спрыяе большай еднасці сям’і. Гэта пачуццё моцы, гонару, сілы. Пачуццё таго, што ты сын сваёй зямлі.
Алена Стрыга