"Што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае”, – прамаўляе святар у час шлюбу. Аднак штогод у касцёльныя суды трапляе мноства заяў аб прызнанні несапраўднасці сакраманту сужэнства. Ці неабходна для дадзенай справы згода абодвух бакоў? Што станецца, калі адзін з сужэнцаў не будзе з’яўляцца на слуханнях? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае кс. канонік Цэзарый Міх, афіцыял Касцёльнага суда Гродзенскай дыяцэзіі.
– Кс. Цэзарый, што значыць прызнанне сужэнства несапраўдным?
– Згодна з тлумачэннем Каталіцкага Касцёла, нельга казаць пра “касцёльны развод”, г. зн. пра скасаванне сужэнства праз развод. У святле кананічнага права дапускаецца прызнанне несапраўднасці касцёльнага шлюбу. Яно заключаецца ў вызначэнні, што саюз быў заключаны няправільна.
– Як выглядае працэс прызнання сакраманту сужэнства несапраўдным?
– Працэс распачынаецца напісаннем іскавай скаргі, у якой неабходна падаць асабістыя даныя (уласныя і сужэнца), а таксама поўнасцю апісаць сітуацыю. Належыць указаць інфармацыю аб тым, калі стораны пазнаёміліся, як праходзілі дашлюбныя адносіны, пералічыць прычыны заключэння і распаду сужэнства. Да іску трэба далучыць адрасы мінімум 2-ух сведкаў, якія могуць пацвердзіць тэзісы, названыя ў іску. Далучаецца таксама пасведчане шлюбу (не памятка!). Для гэтага неабходна звярнуцца ў парафію, дзе было заключана сужэнства, і папрасіць святара выдаць такі дакумент на патрэбы касцёльнага суда. З усімі дакументамі належыць прыйсці ў судовую канцылярыю, пасля чаго справа атрымлівае ход.
Чарговы крок – скіраванне скаргі да абаронцы шлюбнага саюзу, які павінен вынесці папярэдняе заключэнне адносна таго, ці падыходзіць справа для разгляду. У выпадку пазітыўнага адказу прымаецца рашэнне аб яе тыпе – паскораным ці звычайным. Пасля пішам паведамленне адказчыку, у якім задаём некалькі важных пытанняў, між іншым, чаму, на думку гэтага чалавека, шлюб распаўся, ці згодны ён з мэтай справы. Адказу чакаем 2-3 тыдні. Як правіла, людзі адказваюць. Рэдка бывае, што нехта не адпісвае. Хіба што ліст быў высланы на беларускі адрас, а асоба жыве за мяжой. Сям’я можа не перадаць ёй гэтай інфармацыі, альбо перадае, але чалавек вырашае, што не хоча ўдзельнічаць у судовым працэсе.
Потым стораны выклікаюцца на слуханне. Кожны прыходзіць адзін і выслухоўваецца асобна. Затым выклікаем сведкаў. Пасля збору матэрыялаў справы (сведчанні істца, сведчанні адказчыка, сведчанні сведкаў з аднаго ці 2-ух бакоў) суд знаёміцца з наяўнымі доказамі.
Часам можа ўзнікнуць неабходнасць сустрэчы ўдзельнікаў працэсу з экспертам: псіхіятрам, псіхолагам, гінеколагам, сексолагам з мэтай поўнага высвятлення справы. Калі няма такой патрэбы, стораны могуць азнаёміцца з састаўленымі актамі, ці з усім згодныя. На гэтым этапе яшчэ ёсць магчымасць прад’явіць якія-небудзь важныя доказы. Пасля публікацыі актаў справа накіроўваецца да абаронцы сужэнскага саюзу. Варта адзначыць, што сужэнскі саюз карыстаецца прыхільнасцю закона, г. зн. што пакуль афіцыйна не будзе прызнана несапраўднасць заключэння шлюбу, ён з’яўляецца сапраўдным.
Свой вердыкт па справе выносяць 3 суддзі. Затым абвяшчаецца прысуд у імя Найсвяцейшай Тройцы, дзе абгрунтоўваецца, чаму сужэнства было прызнана сапраўдным ці несапраўдным. Працэс вядуць наступныя асобы: старшыня трыбунала, 2 суддзі, абаронца шлюбнага саюзу і натарыус, без подпісу якога акты і рашэнне суда не маюць юрыдычнай сілы.
– Ці здараецца, што той, хто падае іск аб прызнанні шлюбу несапраўдным, не абвінавачвае адказчыка, а сцвярджае, што гэта ён быў нясталы для шлюбу?
– Так. Звычайна гэта “ўсплывае” падчас праслухванняў, паколькі ў скарзе ісцец не засяроджвае на гэтым увагі. Чалавек пачынае гаварыць нешта накшталт: “Калі я браў шлюб, мне было толькі 20 гадоў і быў вельмі нясталы, не надаваўся для сужэнства. Цяпер зусім інакш гляджу на жыццё”.
– У суд звяртаюцца пераважна маладыя асобы?
– Узрост людзей розны, аднак часцей за ўсё да нас звяртаюцца маладыя, якія заключылі шлюб некалькі гадоў таму. Прыходзяць таксама асобы сярэдняга ўзросту. Пасля 20-ці або больш гадоў сужэнства. Здараецца, што святар падчас душпастырскіх візітаў пытаецца ў людзей, якія жывуць адзін з адным у нефармальным, цывільным саюзе, ці маюць нейкую перашкоду для заключэння шлюбу, і чуе ў адказ, што адзін з іх раней быў у іншым сужэнстве. Тады святар скіроўвае іх у касцёльны суд і раіць распачаць працэс аб прызнанні неспраўднасці папярэдняга шлюбу. Варта падкрэсліць, што не існуе ніякіх часавых абмежаванняў для падачы іску.
Можна звярнуцца ў суд нават праз многія гады пасля распаду сям’і. Пераважная большасць людзей, якія падаюць іск аб прызнанні шлюбу несапраўдным, кіруецца ўласнай духоўнай карысцю. Жывучы без шлюбу, яны не могуць прыступаць да св. Камуніі нават у такія найважнейшыя хвіліны, як, напрыклад, хрост свайго дзіцяці.
– Як доўга працягваецца працэс аб прызнанні шлюбу несапраўдным?
– Уся працэдура – ад моманту прыняцця іскавай скаргі да вынясення прысуду – павінна працягвацца год, аднак на практыцы можа зацягнуцца на паўтара. Да нядаўняга часу пазітыўнае рашэнне суда трэба было скіроўваць у другую інстанцыю, каб сваім дэкрэтам яна пацвердзіла, што працэс быў праведзены правільна і прысуд справядлівы. Аднак папа Францішак змяніў шлюбны закон, таму сёння рашэнне першай інстанцыі не трэба пацвярджаць у другой. Пасля абвяшчэння прысуду старанам даецца 15 дзён на апеляцыю, якая павінна быць апраўдана, напрыклад, тым, што суд не праслухаў заяўленага сведку, не ўлічыў меркавання эксперта і інш. Апеляцыі, пададзеныя ў Гродне, разглядаюцца мінскім касцёльным судом, а калі падобная гісторыя адбылася ў Мінску, тады справай займаецца гродзенскі суд.
– Ці кампетэнтны касцёльны суд у Гродне разглядаць усе справы аб прызнанні сужэнства несапраўдным?
– Раней у законе сцвярджалася, што працэс павінен весціся на тэрыторыі дыяцэзіі, дзе быў заключаны шлюб. Сёння працэдура спрошчана: у суд можна звяртацца там, дзе жывеш. Зацікаўленая асоба мае права пайсці ў мясцовую судовую канцылярыю і паведаміць, што хоча распачаць справу.
– Ці праўда, што сёння назіраецца павелічэнне попыту на паслугі, звязаныя з прызнаннем несапраўднасці сужэнскага саюзу?
– Канешне, назіраем рост колькасці іскаў, якія да нас паступаюць. Магчыма, гэта звязана з тым, што сёння вельмі шмат людзей, якія, заключаючы сакрамант сужэнства, з’яўляюцца нясталымі ні эмацыянальна, ні псіхічна, ні рэлігійна. Адсюль такое мноства разводаў.
На жаль, мы жывём у свеце, дзе пануе разводны менталітэт. Нават ведаючы аб неразрыўнасці сакраманту сужэнства, пары нярэдка думаюць: калі штосьці будзе не так, то зможам развесціся. Людзі не спраўляюцца з праблемамі, не хочуць нармальна размаўляць адзін з адным, разам пераадольваць крызісныя сітуацыі. А каб змагацца, трэба пасапраўднаму кахаць, мець сілы і матывацыю. Гэтага сучаснаму чалавеку часта не хапае.
Кінга Красіцкая, паводле "Слова Жыцця"