25 сакавіка – Дзень святасці жыцця
Такі страшны дыягназ, як бясплоддзе, сёння лечыцца. Але нават тады, калі медыкі сцвярджаюць, што шансаў нарадзіць дзіця няма, трэба памятаць: усё ў руках Бога.
Бяздзетныя сем’і
Боль ад немагчымасці зачаць дзіця сужэнцы, як правіла, перажываюць асабіста. Некаторымі дадзеная рэчаіснасць успрымаецца як непаўнавартаснасць. Пра далікатную праблему не прынята распавядаць у грамадстве, а калі і даводзіцца, то напаўголас, крыху збянтэжана, з засмучэннем. Па гэтай прычыне можа паказацца, што бясплоддзе сустракаецца ў сем’ях даволі рэдка.
Насамрэч колькасць пар з такім дыягназам з часам толькі расце. Згодна з апошнімі данымі медыкаў, бясплоддзе закранае каля 16% сужэнцаў у Беларусі. І гэта не зусім дакладная лічба, улічваючы той факт, што многія пары не рэгіструюць шлюб, а таму не трапляюць у афіцыйную статыстыку.
У пэўных выпадках дыягназ бясплоддзе – гэта не прысуд. Найноўшыя рэпрадуктыўныя тэхналогіі дазваляюць выявіць прычыны, якія робяць немагчымым зачацце, і дапамагчы сужэнцам у наступленні доўгачаканай цяжарнасці. Аднак многія сямейныя пары затрачваюць на вырашэнне праблемы некалькі, а то і дзясятак гадоў, а лячэнне так і не прыносіць жаданых вынікаў.
У такім разе ў людзей часта апускаюцца рукі. Яны звяртаюцца да Бога, у якога, можа, і не верылі да гэтага часу. Хочацца зразумець “для чаго ўсё гэта” і “ці не губляць надзею”, бо яна ўсё ж дзесьці глыбока ў душы жыве.
Добры Бог
– Жыццё – гэта вялікая таямніца і дар, бязвыплатна атрыманы ад Стварыцеля. Мы не заўсёды можам зразумець, навошта Бог яго дае ці чаму ўстрымліваецца ад давання, – разважае кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч, кусташ дыяцэзіяльнага санктуарыя Пана Езуса Журботнага ў Росі. – Безумоўна, могуць існаваць перашкоды з боку чалавека на прыняцце дару жыцця, таму нельга сцвярджаць, што калі пара не мае дзяцей, то такая на тое Божая воля. Разам з тым, часам Усемагутны не адорвае новым жыццём, каб сужэнцы паклапаціліся аб пакінутым дзіцяці праз усынаўленне.
Вядома не адна гісторыя, калі бясплодная пара брала на выхаванне дзіця, пасля чаго Бог адорваў яе сваімі дзецьмі. Такім чынам, на пытанне “для чаго?” Ён даваў ясны адказ: каб ашчаслівіць адзінокае дзіця, якое засталося без бацькоўскай апекі.
– Я з’яўляюся сведкам многіх выпадкаў, калі Бог адорваў цудам новага жыцця пасля пазбаўлення ад перашкод, інакш кажучы – пасля навяртання мужа, жонкі ці абодвух сужэнцаў, – зазначае святар. – Адным з першых сведчанняў быў досвед пары, якая аб’ездзіла многія спецыялізаваныя клінікі ў краіне і за мяжой, выдаткавала вялікую колькасць матэрыяльных сродкаў на розныя даследаванні, працэдуры, аднак урачы разводзілі рукамі, бо не маглі ўстанавіць, што з’яўляецца прычынай немагчымасці зачацця. Пасля шматлікіх малітваў і перажыцця рэкалекцый з а. Руфусам Перэйра ў нашым санктуарыі ў 2009 годзе ў іх нарадзілася дачушка Аляксандра, праз год – сын Натанаэль, а яшчэ праз год – чарговая дзяўчынка, Рыта. Можна падумаць, што гэта ўжо канец прыгожай гісторыі. Аднак Бог заўсёды адорвае шчодра, ніколі не шкадуе сваёй ласкі. У 2018 годзе ў гэтай сям’і на свет з’явілася 4-ае дзіця – Клара. І я магу запэўніць, што вельмі шмат цудоўных гісторый адбываецца пасля малітвы ў нашым санктуарыі, пасля рэкалекцый, якія тут праводзяцца. Летась падчас святкавання ў Росі 400-ай гадавіны з моманту першага цуду чарговыя 2 сям’і перад фігурай Езуса Журботнага ўсклалі воты ў форме 2-ух залатых сэрцаў і аднаго сярэбранага ў знак удзячнасці Богу за цуд атрыманай ласкі новага жыцця.
Супрацоўніцтва з Даўцам Жыцця
Хтосьці моліцца аб дары бацькоўства дома ўначы, хтосьці збівае калені ў святыні, а хтосьці шукае падтрымкі ў Касцёле разам з тымі, каго хвалюе тая ж праблема. Многія будучыя маці ідуць у пілігрымцы да Маці Божай у дыяцэзіяльныя санктуарыі ў Капцёўку і Баруны, каб у намоленых месцах выпрасіць ласку нараджэння дзіцяці.
Не так даўно культ Маці Божай Новага Жыцця распачаты ва Уселюбе (дэканат Навагрудак). Там з’явілася фігура Найсвяцейшай Панны Марыі ў бласлаўлёным стане. Для сужэнцаў, якія прагнуць мець патомства, на рэгулярнай аснове адбываюцца рэкалекцыі ў Росі. Там сямейныя пары імкнуцца распазнаць волю Найвышэйшага...
І такіх “сцежак” да Даўцы Жыцця, насамрэч, вельмі шмат. Тут кожны выбірае сваю.
Немалаважнай для бяздзетных сужэнцаў з’яўляецца падтрымка акружэння з боку родных, блізкіх, сяброў. У гэтай справе ім можа дапамагчы нават незнаёмы, але нераўнадушны вернік. Штогод у свята Звеставання Пана Каталіцкі Касцёл ахвяруе малітвы, пост і ўчынкі міласэрнасці ў інтэнцыі кожнага зачатага чалавечага жыцця. Такім чынам, прадстаўляецца ўрачыстая нагода падзякаваць Айцу за дар свайго жыцця і выпрасіць яго для тых, хто з заміраннем сэрца чакае і гатовы прыняць у сваю сям’ю маленькае Божае стварэнне.
Ангеліна Пакачайла, паводле "Слова Жыцця"