Адвэнт – час радаснага чакання Нараджэння Хрыста. Бацькі могуць не толькі самі плённа перажыць гэтыя перыяд, але і зацiкавiць дзiця, каб яно з захапленнем прадчувала прыйсце Збаўцы. Варта толькі разам падрыхтаваць атрыбуты, якiя займальна нагадваюць пра тое, што неўзабаве Божае Нараджэнне.
Адвэнтавы каляндар
Адвэнтавы каляндар дапамагае дзіцяці не толькі ўсвядоміць, колькі часу засталося да наступлення свята, але і паспець да яго падрыхтавацца. Асноўная задача календара – штодзень прыемна нагадваць дзіцяці, што хутка Раство, і стварыць асаблівы святочны настрой.
Зрабіць каляндар можна і сваімі рукамі. Інтэрнэт - скарбніца розных ідэй для вырабу календара. Напрыклад, тут.
Адвэнтавы каляндар можа складацца з кішэнек, боцікаў, скрыначак, мяшочкаў, папяровых пакецікаў – адпаведны спосаб падкажа крэатыў, узрост і захапленні дзіцяці. Асновай можа стаць тканкавая або драўляная ялінка, драўляны стэнд, паралельныя вяровачкі, імітацыя гірлянды, лялечны домік з пакоямі, тканкавыя сані, шалік снегавіка, кубік і г.д.
Кожны бокс такога календара павінен быць падпісаны датай і ўпрыгожаны. Унутры кладзецца маленькі падарунак (цукерка, цацка або тое, што пацешыць менавіта вашае дзіця). Разам з падарункам адвэнтавы каляндар можа даваць хлопцам і дзяўчатам цікавую і карысную інфармацыю пра Божае Нараджэнне. Альтэрнатывай могуць быць тэматычныя загадкі або прапанова ўпісваць у каляндар добры ўчынак, які дзіця здзейсніла на працягу дня.
Адвэнтавы вянок
Стварыць святочны настрой і ўпрыгожыць кватэру напярэдадні Раства дапаможа такі традыцыйны сімвал, як адвэнтавы вянок. Звычайна яго вырабляюць з яловых галінак і ўпрыгожваюць бантамі з атласных стужак. У вянок уплятаюць чатыры свечкі, якія маюць сімвалічны духоўны сэнс.
У першую нядзелю Адвэнту запальваецца адна свечка, у другую - дзве і гэтак далей, каб з кожным тыднем рабілася святлей. У выніку, у апошнюю, чацвёртую нядзелю Адвэнту, над вянком запальваюць усе свечкі, абвяшчаючы хуткае наступленне Нараджэння Пана.
Рараты
Падчас Адвэнту, калі кожны дзень - гэта чарговы крок да Раства, мы часта звяртаемся ў малітвах да Маці Божай. Праз Яе заступніцтва просім дапамагчы падрыхтавацца да свята належным чынам.
Па традыцыі, у гэты перыяд цэлебруюцца Імшы Найсвяцейшай Багародзіцы, якія называюцца Рараты. Часцей за ўсё, рарартнія Імшы праходзяць на досвітку, бо чаканне ўсходу сонца сімвалізуе чаканне прыйсця Хрыста. У сувязі з гэтым Раратам папярэднічае працэсія са свечкамі, на чале якой ідуць дзеці з самаробнымі ліхтарыкамі. Св. Імша пачынаецца ў паўцемры, і толькі падчас гімну “Хвала на вышынях Богу” ў касцёле запальваюць святло.
Ліхтарыкі можна зрабіць разам с дзіцём, проста праявіўшы фантазію. Выкарыстоўваючы ўсе, што ёсць пад рукой, можна стварыць маленькі шэдэўр, які будзе падабацца дзіцяці і яно з задавальненнем будзе ўдзельнічаць у св. Імшах.
Апрацавала на аснове інтэрнэт-старонак Вольга Сяліцкая