Санктуарый Маці Божай Каралевы Нашых Сем’яў у Тракелях – месца, дзе асаблівым чынам моляцца за сем’і. Падчас сёлетніх адпустовых урачыстасцяў там неаднаразова ўзносіліся малітвы за сем’і нашай краіны, у тым ліку з Гродзенскай дыяцэзіі, каб кожная сям’я ўзрастала ў веры і трывала з Хрыстом, захоўваючы і памнажаючы скарб веры.
У тракельскі санктуарый часта прыбываюць маладыя людзі, каб прасіць Марыю дапамагчы знайсці будучага мужа ці жонку. Туды едуць ці ідуць сужэнцы, каб падзякаваць за свае сем’і і дзяцей або прасіць аб жаданым патомстве. Многія ўдзячныя менавіта Багародзіцы за ласкі, якія атрымала іх сям’я. Яны вераць, што Маці Божая Тракельская выпрасіла патрэбныя благаслаўленні для іх у свайго Сына.
Падчас сёлетніх урачыстасцяў у Тракелях, якія прайшлі 6-7 ліпеня, нарадзілася новая сям’я. Aртур з Іўя і Гражына з Індуры заключылі перад цудатворным абразом Маці Божай сужэнскі саюз. Шмат пілігрымаў, якія стаялі ў чарзе, каб пакланіцца Марыі, былі сведкамі таго, як маладыя сужэнцы прамовілі сакраментальнае “так”, як абяцалі адно аднаму любоў, вернасць, сужэнскую павагу і абяцалі быць разам да канца – у радасці і смутку, у долі і нядолі…
Як адзначылі самі сужэнцы, тракельскі санктуарый яны абралі месцам гэтай важнай падзеі ў сваім жыцці невыпадкова. Першы раз яны сустрэліся ў пешай пілігрымцы Іўеўскага дэканата ў Тракелі. Ішлі разам, размаўлялі, і тады нішто не ўказвала на тое, што іх жыццё павернецца так і яны будуць звязаны назаўсёды.
Іх знаёмства, якое мела месца некалькі гадоў таму, трывала і набірала новыя абароты, пакуль нарэшце яны не прынялі прадуманае і адважнае рашэнне стаць адным. У гэтым годзе яны таксама прайшлі разам 5 дзён дарогі, каб на заканчэнне сёлетніх урачыстасцяў выйсці з тракельскага санктуарыя як муж і жонка.
“Мы вырашылі даверыцца Маці Божай канчаткова і скласці сужэнскія абяцанні перад Ёю ў канцы той самай пілігрымкі з Іўя, у якую Маці Божая нас калісьці накіравала, каб мы пазнаёміліся”, – гаворыць Артур.
Сёлетняя ўрачыстасць стала днём нараджэння новай сям’і, якая хоча далей пілігрымаваць праз жыццё, ствараючы будучыню на Божым фундаменце. Яны жадаюць заставацца ў гэтай Божай любові. Хацелася б пажадаць маладым сужэнцам Артуру і Гражыне, каб з гэтай хвіліны яны ішлі праз жыццё супольна, злучаныя ярмом любові, каб жонка ўся належала мужу, а муж – жонцы!
Няхай такіх нараджэнняў новых сем’яў у нашым санктуарыі будзе як мага больш. Каб менавіта там, дзе столькі гадоў валадарыць наша Апякунка кожнай сям’і і сужэнцаў, было больш такіх радасных хвілін, калі становіцца ўжо не двое, а адно цела, а што Бог злучае, ніхто не раздзеліць (пар. Мц 19, 6).
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Вольга Сяліцкая