Ва ўрачыстасць Звеставання Пана вернікі ва ўсіх парафіях Беларусі маглі далучыцца да “Духоўнага ўсынаўлення” – малітоўнай акцыі ў абарону зачатага жыцця, якое знаходзіцца пад пагрозай знішчэння. Гэта можна зрабіць і ў любы другі момант. Чаму так важна не заставацца абыякавымі да такой ініцыятывы? Наколькі яна актуальная ў сучасным свеце?
Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, штогадовая колькасць выпадкаў перапынення цяжарнасці ў свеце (уключаючы нелегальныя) складае каля 50-ці мільёнаў. Гэта значыць, што больш за 20% цяжарнасцей заканчваюцца абортам. Да параўнання: у ІІ Сусветнай вайне загінула 42 мільёны чалавек. Вось чаму сёння так часта гаворыцца пра “цывілізацыю смерці”. Людзі займаюцца самазнішчэннем, не задумваючыся пра жудасць сваіх намераў і далейшыя наступствы.
“Шмат гадоў таму я зрабіла аборт. У тысячны раз пытаюся ў сябе: навошта? А ў душы толькі адзін адказ – боль… Тады я зачапілася за пачутыя словы, што ўва мне ўсяго толькі згустак клетак і не больш за тое. Ніхто не засцярог, не сказаў, што нашу пад сэрцам маленькую істоту. Я ні ў каго не знайшла падтрымкі… Калі б толькі ведала пра наступствы страшнага граху, які здзейсніла праз забойства свайго дзіцяці! Пра тое пачуццё віны, глыбокай страты, якая будзе праследаваць мяне ўсё жыццё! Пра тыя душэўныя раны, якія ніколі не загояцца…”.
Часта аборты робяцца па медыцынскіх паказаннях. Але ці здымае гэта адказнасць з бацькоў ненароджанага дзіцяці? Чаму людзі імкнуцца “выправіць” памылкі, якія нібыта дапусціў Бог?
“Мы з мужам даведаліся, што станем бацькамі. Аднак нашу радасць хутка азмрочыла страшная навіна. На УГД урачы сказалі, што дзіця мае высокую рызыку нарадзіцца з сіндромам Дауна, і парэкамендавалі зрабіць аборт. Мы перажылі сапраўдны шок! Але ўсё ж вырашылі, што прымем любое дзіця, бо яно з’яўляецца плодам нашай любові. З гэтага дня пачалася барацьба за жыццё маленькага чалавека. Шматлікія аналізы, візіты да генетыкаў і іншых лекараў. Цяжарнасць праходзіла ў бясконцых перажываннях і стрэсах. Мы ўвесь час маліліся ў надзеі на цуд. І ён здарыўся! У нас нарадзілася абсалютна здаровая дзяўчынка…”.
Бог ніколі не памыляецца. І калі Ён стварыў новае жыццё, значыць, яно патрэбна на гэтай зямлі. Задача бацькоў – прыняць гэтае жыццё і даць яму прыйсці ў свет.
“У нашай сям’і нядаўна нарадзілася чацвёртая прынцэса-дачушка. Яна для нас асаблівае дзіця – выпакутаванае, выплаканае. Такі яшчэ маленькі чалавек, але ўжо сапраўдны баец. Нягледзячы на страшныя дыягназы яна жывая! І кожным сваім днём сведчыць аб тым, што ў Бога няма нічога немагчымага. Шмат хто спачувае нам, гаворыць: «За што вам такі крыж, дзіця-інвалід?». Але мы лічым дачку Божым бласлаўленнем. Яна вучыць нас быць больш памяркоўнымі, верыць і спадзявацца, што ўсё абавязкова атрымаецца. Вучыць любіць, цаніць кожнае імгненне, праведзенае побач з блізкімі людзьмі. Вучыць пакорліва прымаць усе жыццёвыя выпрабаванні, бо без цярпення не бывае сапраўднага кахання…”.
Акрамя малітоўнай ініцыятывы “Духоўнае ўсынаўленне” ў Касцёле дзейнічае малітоўная група “У абарону жыцця”, члены якой не толькі моляцца за ненароджаных дзяцей, што знаходзяцца пад пагрозай аборту, але і прымаюць удзел у розных мерапрыемствах, накіраваных на абарону сямейных хрысціянскіх каштоўнасцей. Да яе таксама можа далучыцца любы жадаючы.
Пры падрыхтоўцы артыкула былі выкарыстаны ананімныя сведчанні з разважанняў Крыжовага шляху, праведзенага сёлета падчас Вялікага посту ў парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне ўдзельнікамі руху “У абарону жыцця”.
Ангеліна Пакачайла, паводле "Слова Жыцця"