У сучасным грамадстве назіраецца востры крызіс сужэнства, які праяўляецца, між іншым, у адмове ад нараджэння дзяцей. З мэтай прыцягнення ўвагі да праблемы абароны чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці і традыцыйных сямейных каштоўнасцей у Беларусі дзейнічаюць адмысловыя арганізацыі, рухі і ініцыятывы. Да ліку тых, хто служыць дабру зачатага дзіцяці, яго маці і сям’і, належыць малітоўная група “У аборону жыцця”, якая паўстала ў горадзе над Нёманам па ініцыятыве Аліны Санько.
- Аліна, распавядзіце, калі ласка, пра гісторыю ўзнікнення малітоўнай групы.
Ужо ў падлеткавым узросце я часта задумвалася над пытаннем, чаму бацькам бракуе любові і адвагі, і яны пазбаўляюць сваіх ненароджаных дзяцей права на жыццё. Потым сама выйшла замуж, спазнала радасць мацярынства і ўжо больш сур’ёзна пачала цікавіцца пытаннямі абароны зачатага жыцця, якое знаходзіцца пад пагрозай знішчэння. Разам з мужам мы часта прымалі ўдзел у рэкалекцыях для сужэнцаў. І гэтыя духоўныя практыкаванні ў пэўнай ступені сталі штуршком да пачатку дзейнасці на карысць самых слабых і безабаронных.
У 2013 годзе я даведалася аб існаванні дабрачыннага Фонду абароны жыцця і сям’і “Адкрытыя сэрцы”. Яго валанцёры працуюць у розных гарадах Беларусі, праводзяць штодзённае малітоўнае дзяжурства, размаўляюць з цяжарнымі перад абортам у аддзяленнях неадкладнай гінекалогіі і жаночых кансультацыях. Я звярнулася да дырэктара Уладзіслава Валаховіча з просьбай далучыцца да гэтай ініцыятывы і разам з аднадумцамі пачала распаўсюджваюць у Гродне буклеты і ўлёткі ў абарону жыцця, а таксама ствараць тэматычныя стэнды ў жаночых кансультацыях.
Любая жанчына, якая сумняваецца ў сваім жаданні пакінуць дзіця, можа звярнуцца за дапамогай у кабінет “За Нараджэнне!”, які дзейнічае ў Гродне. Тут ёй акажуць комплексную дапамогу псіхолаг, псіхатэрапеўт, сацыяльны работнік і юрыст, а таксама каталіцкі ці праваслаўны святар. Па жаданні кансультаванне можа быць ананімным.
Даведацца аб часе працы і запісацца на прыём можна ў рэгістратуры жаночай кансультацыі №2 г. Гродна па адрасе: вул. Транспартная, 3, - альбо па тэл.: (8 0152) 56-71-06, (8 0152) 52-71-07.
Потым лёс звёў мяне з Марынай Валачковай, якая каардынуе працу Гродзенскага цэнтра абароны жыцця і сям’і “РадзіМа”. Мы разам прымалі ўдзел у семінары па пытаннях абароны жыцця. Пасля пачалі цесна супрацоўнічаць. У выніку на вуліцах горада з’явіліся білборды, якія заклікаюць бацькоў захоўваць жыццё зачатым дзецям.
Уся гэтая дзейнасць, сфакусіраваная вакол тэматыкі pro-life, паступова вылілася ў ідэю стварэння адмысловай групы людзей, якія будуць ахінаць сваімі малітвамі ўсіх ненароджаных, што знаходзяцца пад пагрозай аборту; усіх людзей, якія прычыніліся да дзетазабойства; усе сям’і, якія не маюць дзяцей (каб не адракалiся ад свайго крыжа, а з пакорай у сэрцы прымалі волю Нябеснага Айца).
Кожны з удзельнікаў нашай малітоўнай групы “У абарону жыцця” моліцца ў вышэй узгаданых інтэнцыях на працягу адной гадзіны ў тыдзень. Сустракаемся кожную першую суботу месяца ў гродзенскім касцёле Божай Міласэрнасці, дзе ў 18.30 праходзіць адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту ў інтэнцыі жыцця. Затым адбываецца св. Імша з бласлаўленнем для цяжарных жанчын і тых, хто прагне мець патомства. Пасля св. Імшы ўдзельнікі групы збіраюцца разам, каб памаліцца і абмеркаваць планы на месяц.
- Удзельнікі Вашай групы не толькі моляцца за дзяцей, над якімі навісла пагроза аборту, але таксама прымаюць удзел у розных мерапрыемствах, накіраваных на абарону сямейных хрысціянскіх каштоўнасцей. Распавядзіце, калі ласка, пра найбольш цікавыя ініцыятывы.
- Сёлета мы правялі шэраг набажэнстваў Крыжовага шляху ў парафіях Гродзенскай дыяцэзіі, падчас якіх разважалі над тэмай абортаў і яго наступствамі. Закраналі праблемы дзяцей з асаблівасцямі развіцця, бяздзетных сем’яў, эўтаназіі, бязмежнай Божай любові, прабачэння і служэння. Такім чынам мы хацелі абудзіць у людскіх сумленнях уражлівасць да сэнсу і каштоўнасці чалавечага жыцця ў кожны момант і ў любым стане.
Доля абортаў ад колькасці цяжарнасцей у рэгіёнах Беларусі паводле дадзеных за 2016 г: Мінская вобл. – 13,5%, Брэсцкая вобл. – 15,4%, Гродзенская вобл. – 16,2%, Магілёўская вобл. – 18,6%, г. Мінск – 19,5%, Гомельская вобл. – 24,3%, Віцебская вобл. – 24,6%.
Зусім нядаўна ўдзельнікі нашай малітоўнай групы прынялі актыўны ўдзел у 4-м дабрачынным марафоне “15 дзён у абарону жыцця і сям’і”, які быў прысвечаны Міжнароднаму дню сям’і і Міжнароднаму дню абароны дзяцей. У рамках гэтага мерапрыемства адбыўся традыцыйны аўта-мотапрабег “Гродна за забарону абортаў”. Ён сабраў разам усіх неабыякавых да гэтай праблемы жыхароў горада. Больш за 60 транспартных сродкаў праехалі па яго вуліцах, узяўшы ў “малітоўнае кола” бальніцы і жаночыя кансультацыі абласнога цэнтра, дзе робяцца аборты.
Падчас аўта-мотапрабегу ўдзельнікі заклікалі адмовіцца ад абортаў і захаваць жыццё ненароджаных дзяцей
Зараз працуем над тым, каб паказаць у навучальных установах і храмах горада перасоўную выставу ў абарону жыцця і сям’і пад назвай “Ёсць 2 шляхі: шлях жыцця і шлях смерці”. Яна складаецца з 20-ці рол-стэндаў. Цэнтральны, як камень на скрыжаванні, заклікае задумацца аб выбары свайго шляху, аб наступствах рашэнняў, што прымаюцца ў самых галоўных пытаннях быцця: жыцця і смерці. На астатніх стэндах прадстаўлены дэмаграфічныя праблемы сучаснага свету, трагедыя адмовы ад нараджэння дзяцей, шкода кантрацэпцыі і абортаў для духоўнага і фізічнага здароўя мужа і жонкі. Выстава арыентуе слухачоў на цнатлівасць, натуральнае і гарманічнае сужэнства, заснаванае на любові і ўзаемапавазе. Акрамя гэтага мы рэгулярна наведваем гродзенскія жаночыя кансультацыі, дзе пакідаем інфармацыйныя брашуры пра наступствы абортаў з рэкамендацыямі медыкаў і псіхолагаў, а таксама буклеты, у якіх распавядаецца аб тым, як развіваецца дзіця ва ўлонні маці, пачынаючы з першых дзён свайго існавання.
- Сёння даводзіцца абараняць дзіця ад уласнай мамы ці таты, якія супраць яго нараджэння. Чаму, на Вашу думку, бацькі так часта адмаўляюцца захаваць зачатае жыццё? Як паўплываць на свядомасць людзей?
Права на жыццё, якое з’яўляецца Божым дарам, ахоўваецца запаведдзю “Не забівай”, што абараняе асабліва слабых і бездапаможных. Зачатая чалавечая істота несумненна належыць да гэтай катэгорыі. Беручы пад увагу дадзеную праўду, Кодэкс кананічнага права далучыў штучнае перарыванне цяжарнасці да злачынстваў супраць жыцця і свабоды чалавека. Той, хто свядома і добраахвотна здзяйсняе гэтае беззаконне, не толькі цяжка грашыць, але і падлягае экскамуніцы (найвышэйшае касцёльнае пакаранне).
- Праблема абортаў – сапраўдная драма нашай культуры. Мы з’яўляемся спадчыннікамі савецкай дзяржавы, якая адна з першых у свеце легалізавала дзетазабойства. Лічу, што зараз мы пажынаем плады той антысямейнай палітыкі, якая праводзілася доўгія гады. У сучасным беларускім грамадстве цалкам нармальна ўспрымаюцца разводы, жыццё без шлюбу. Сужэнцы ўсё часцей выбіраюць свабоднае ад дзяцей, эгаістычнае жыццё ўдваіх. Актуальнай застаецца і праблема планавання сям’і. Многія пары баяцца зачацця, выкарыстоўваюць кантрацэптывы, бо не валодаюць інфармацыяй пра натуральныя метады кантролю нараджальнасці. І вельмі часта аборт становіцца адзіным спосабам планавання сям’і альбо выйсцем з сітуацыі, калі дзіця не адпавядае чаканням (напрыклад, калі яно народзіцца інвалідам). У святле гэтых праблем трэба весці фармацыйную дзейнасць, робячы націск на выхаванне да адказнага бацькоўства і чыстасці. Каб сем’і былі здаровымі і трывалымі, у душах людзей трэба цярпліва вырошчваць збожжа святасці чалавечага жыцця. Толькі тады яно дасць багаты плён.
Да малітоўнай групы “У абарону жыцця” можа далучыцца любы жадаючы. Больш падрабязная інфармацыя па тэлефоне: (8 033) 655-41-90, Аліна Санько.
Кінга Красіцкая