Уявіце сабе сітуацыю. У сваім садзе вы выпадкова знайшлі незвычайны парастак, зацікавіліся і вырашылі паназіраць за яго ростам, паглядзець, што ж з гэтага парастка вырасце, ці распусціцца кветка. Вы заўважылі месца, дзе расла расліна і сталі даглядаць за ёй. Дзень за днём парастак набіраў сілу, выпускаў новыя лісточкі, але ўсё яшчэ заставаўся пяшчотным і маленькім. І вось аднойчы, прыйшоўшы на ўжо знаёмае месца, вы раптам замерлі ў здранцвенні ад убачанага!
Маленькі парастак было амаль не пазнаць: ён ляжаў вырваны з коранем на кучы раскапанай зямлі з пераламанымі лісцікамі, увесь у дробных пашкоджаннях, выгнуты і змяты! Вы спрабавалі пасадзіць яго зноў, нерваваліся, але нічога не атрымалася, - далікатны парастак быў знішчаны. Думкі блыталіся ў галаве: хто ж мог такое зрабіць, якой вораг залез у мой сад, чаму менавіта гэты маленькі парастак пацярпеў? Стала неяк сумна і шкада, што ўжо не будзе магчымасці даведацца, якая прыгожая расліна з яго б вырасла, якімі б выдатнымі былі яго кветачкі, а можа, яно б прынесла плён? Вам шкада гэтую расліну, праўда? І мне шкада. Але, як ні дзіўна, людзі часта ніякага жалю не адчуваюць, калі гаворка ідзе пра зачатае чалавечае жыццё.
Як часта жанчыны не думаюць ні пра любоў, ні пра жаль у адносіне да дзіця, якое развіваецца ў іх улонні i, не задумваючыся, ідуць на аборт. Чаму забіць немаўля рука не падымаецца, а скалечыць пры аборце тое ж немаўля ў жываце лічыцца нормай?
Факты і міфы аб абортах
Хачу закрануць гэтую тэму менавіта таму, бо столькі абортаў здзяйсняецца паўсюдна, што мы з вамі хутка перастанем заўважаць і неяк адэкватна рэагаваць на падобныя падзеі. Па статыстыцы ў свеце штогод здзяйсняецца больш за 50 мільёнаў абортаў, г.зн. кожны год памірае ў 5 разоў больш людзей, чым складае насельніцтва нашай краіны! Напрыклад, часта я чую фразу аб ненароджаных дзецях: “Гэта яшчэ не чалавек, не дзіця - гэта проста згустак клетак”. Гэта самы сапраўдны міф, які не мае пад сабой ніякіх зразумелых аргументаў, так як нават з навуковага пункту гледжання зразумела, што чалавечае жыццё пачынаецца ў моманце зачацця.
Гэта момант, у якім адбываецца зліццё двух клетак (мужчынскай і жаночай) і ўтвараецца новая, адзіная клетка, якая змяшчае складаны генетычны план, які вызначае кожную дэталь чалавечага развіцця, які фарміруе унікальную, адзіную ў сваім родзе асобу, што не мае аналагаў у маштабах усяго чалавецтва.
Сучасныя навуковыя факты пацвярджаюць тое, што на 19-21 дзень у зачатага дзіцяці пачынае біцца сэрца; на 6-ым тыдні пасля зачацця фіксуецца праца мозгу (мазгавыя імпульсы); у 8-тыднёвым узросце малютка адчувае боль і страх; на 10-11 тыднях дзіця адчувае дотык, працуюць усе сістэмы органаў; 18-тыднёвае маляня ўжо цалкам сфармаванае.
Пры такіх аргументах нават не ўзнікае пытанне: ці з'яўляецца дзіцё, якое не нарадзілася, жывым чалавекам - вядома ж, так. І вось гэта цудоўнае жыццё, якое толькі пачало свой шлях, вырываюць з коранем знутры яго мамы! Як вы думаеце, маляня нічога не заўважыла, не адчула, а для яго мамы гэтая падзея прайшла бясследна? Наступствы не прымусяць сябе чакаць.
Наступствы аборту
Негатыўныя вынікі аборту заўсёды ёсць, яны часта жудасныя і закранаюць як фізіялагічную сферу чалавека, так душэўную і псіхічную. Іх адчуваюць на сабе не толькі жанчына, але і бацька ненароджанага дзіцяці.
Я сцісла крану таго, што адбываецца з псіхікай чалавека, які пакутуе так званым постабортным сіндромам. Жанчына з моманту здзяйснення аборту пачынае перажываць паталагічную жалобу па памерламу дзіцяці - боль, пачуццё віны, самапаніжэнне, сорам за зробленае, начныя кашмары; дакучлівыя думкі пра тое, якое б далі дзіцяці імя, колькі б яму было зараз гадоў, якім бы яно было, што б умела, як бы размаўляла. Адсутнасць моманту развітання з дзіцём, таксама як і адсутнасць месца пахавання, робяць жалобу бясконцай і невырашальнай. У многіх жанчын пасля аборту знікае жаданне жыць, і з'яўляюцца думкі пра самагубства; можа таксама наступіць эфект адмаўлення: “гэта адбываецца не са мной, не ў маім жыцці і ў мяне не з маімі блізкімі”.
На глебе ўсіх гэтых змяненняў у сем'ях нярэдкія сямейныя скандалы, сваркі, узаемныя абвінавачванні і ў канчатковым выніку, развод. Каб заглушыць гэты боль, людзі ўпадаюць у залежнасці, няхай гэта будзе алкаголь, наркаманія, прыём антыдэпрэсантаў і толькі нешматлікія, на жаль, прыходзяць у касцёл ці на прыём да псіхолага.
Давайце задумаемся, як моцна ў нас пераблыталіся самыя галоўныя жыццёвыя каштоўнасці - калі жыццё чалавека перастала быць важным! Мы шкадуем што заўгодна і каго заўгодна - жывёл, раслін, маёмасць, - але не чалавечае жыццё! Гасподзь даверыў нам, дарослым людзям, самае дарагое, што ёсць на свеце - жыццё маленькага чалавека! І не важна, як менавіта ён зараз выглядае - гэта ўсяго толькі стадыя чалавечага развіцця. Пройдзе зусім няшмат часу, і мы прымем на рукі гэта скарб - немаўля!
І мы можам спытаць сябе: якой жа вялікай вартасцю валодае чалавечае жыццё, каб заслужыць такую высокую ўвагу, абарону з моманту зачацця? На мой уласны адказ мяне натхнілі словы Яна Паўла II у энцыкліцы Evangelium Vitae, у Маніфесце каталіцкага Касцёла ў абарону жыцця: “Калі заззяла зара выратавання, вестка аб нараджэнні Дзіцяці была абвешчана як радасная навіна ... крыніца гэтай “вялікай радасці” - несумненна, нараджэнне Збавіцеля, але ў Растве аб'яўляецца таксама глыбокі сэнс усякага чалавечага нараджэння і паказана, што радасць ад прыйсця Месіі ёсць аснова і здзяйсненне той радасці, якая спадарожнічае нараджэнню кожнага немаўля” (гл. Ян 16,21).
Так давайце ж з годнасцю і вялікай адказнасцю выконваць важную місію, ускладзеную на нас Богам - берагчы жыццё чалавека і прымаць яго з радасцю і павагай!
Падрыхтавала псіхолаг Юлія Эйсмант