У 21 стагоддзі слова “вернасць” ужо не ўспрымаецца ўсур’ёз. Лічба разводаў расце ў страшным тэмпе. Разгубленыя хлопцы ўсё часцей адыходзяць ад сваіх жонак, каб кінуцца ў абдымкі да маладых і больш прывабных жанчын.
Гэтая драма часцей здараецца ў асяроддзі атэістаў і людзей, чыя вера – толькі беспадстаўная дэкларацыя, якая не мае дачынення да жыцця. Прыкладна палова вядомых мне сямейных параў, якія не прызнаюць Бога як сэнс свайго жыцця, праз некалькі гадоў або некалькі дзесяткаў гадоў разышліся.
Сярод каталікоў, на шчасце, справа выглядае значна лепш. Я ведаю толькі аднаго маладога чалавека, які, нягледзячы на вельмі сур'ёзнае асабістае стаўленне да хрысціянства, адышоў ад сваёй жонкі і жыве з іншай жанчынай. Астатнія – верныя мужы, якія кахаюць сваіх спадарожніц па жыцці.
Сапраўдны мужчына верны.
Перад усім ён верны каштоўнасцям, якія даюць сэнс жыццю. Калі я абяцаю Богу, што буду кахаць Адзіную Жанчыну, то для мяне ўжо няма магчымасці, каб адступіцца ад свайго абяцання. Не дазваяляе мне гэта зрабіць павага да Творцы.
Не менш важнай з’яўляецца вернасць жанчыне. З мільёнаў іншых мужчын яна выбрала менавіта мяне. Яна выбрала мяне, каб зрабіць самым шчаслівым, і хоча пражыць са мною ўсё сваё жыццё. Гэта мне, свайму мужу, яна дала самы цэнны скарб – сябе. Ці не заслугоўвае гэтая жанчына на любоў, вернасць і сумленнасць аж да смерці? Ведаю, што часам бывае цяжка. Але незалежна ад таго, якую дарогу жыцця выбірае чалавек, заўсёды здараюцца цяжкія дні. Кожны на зямлі нясе свой крыж. Гэта ад нас залежыць ці, як Езус, возьмем наш крыж на плечы і пастараемся справіцца з праблемамі, ці пайдзем па шляху найменшага супраціву і адступім.
Адыход не абавязкова азначае фізічны адыход ад жанчыны. Гэта можа быць адыход псіхічны. Здрадзіць жонцы можна не толькі з іншай жанчынай. Можна гэта зрабіць з працай, паглыбіўшыся ў кар’еру і прыходзічы дамоў толькі на начлег. Таксама і з алкаголем, увесь вольны час бавячы ў пабах і вяртаючыся татальна п’яным, толькі для таго, каб паспаць, паесці і, што самае страшнае, усыпаць Той Адзінай, якой яшчэ нядаўна абяцаў любой. Спосабаў шмат. Сапраўдны мужчына верны. Часам вернасць патрабуе вялікай мужнасці. Жонка не ў кожную хвіліну будзе прыгожай, як у дзень шлюбу. Але важна не забыцца, што сапраўдная любоў гэта не толькі пачуццё. Гэта рашэнне. Рашэнне, якое прымаецца раз у жыцці і якое кожны дзень трэба пацвярджаць учынкамі. А сапраўдная любоў – яна вечная. І таму настолькі прыгожая.
Паводле deon.pl
Пераклад Вольга Пінкевіч