І кажа Бог: «Учыньма чалавека на вобраз і падобнасць Нашу; і хай валадараць яны над рыбамі марскімі і птушкамі паднебнымі, і звярамі, і над усёй зямлёй, і над усякім паўзуном, які рухаецца па зямлі». І стварыў Бог чалавека на вобраз Свой; на вобраз Бога стварыў яго: мужчынам і жанчынай стварыў іх (Быц 1,26-27).
Што вынікае з гэтага тэксту? Чалавек – гэта не толькі той, хто мае рукі і ногі і стаіць на нагах. Чалавек – гэта мужчына і жанчына. Яны залежныя адзін ад аднаго.
Калі я, мужчына, задаю сабе пытанне, што значыць – быць чалавекам, то павінен звярнуць увагу на жанчыну і на яе рысы, каторых я не маю і не буду мець. Без жанчыны я не змагу быць мужчынам. Прычым, мне не трэба стацца жанчынай ці пераняць яе характар, я проста павінен зразумець, што ў яе ёсць тое, чаго мне не хапае. Яна не аддасць мне гэтае "штосьці", яна проста павінна быць дзесьці побач. Бог адначасова з’яўляецца і мужчынам і жанчынай, звычайнаму ж чалавеку такога не дадзена. Таму мужчыну не хапае жанчыны, і наадварот.
Але як знайсці сваю другую палову?
Першая парада. Не шукаць мужа любым коштам, калі яго няма. Магчыма, прыйдзе час і Бог яго пакажа, калі чалавек будзе вельмі таго жадаць і вельмі прасіць. Нашмат важней распачаць працу над сабой. Хто ведае, можа Бог не дае табе мужа, бо ты проста не дазволіш яму быць татам, аўтарытэтам, лідэрам? Вы самі павінны цікавіцца, што значыць – быць веруючай жанчынай, па вобразе Божым.
Тое ж самае тычыцца і мужчын. Трэба пазнаць сябе. Хто ты такі? Кім павінен быць? Як табе падрыхтавацца да таго, каб быць татам і мужам? Як ты будзеш кіраваць сям’ёй, калі не можаш адважыцца на элементарныя крокі, дзе трэба рызыкаваць? Але ж ты можаш уплываць на сябе самога! Таму першы крок – пазнаць сябе, як табе стаць мужчынам ці жанчынай? Гэта тваё першае пакліканне ад Бога.
Другая парада. Навучыцца любіць таго, каго ты не разумееш, любіць іншага. Вельмі важна зразумець, палюбіць і прыняць іншасць чалавека.
Трэццяя парада. Найчасцей мы адчуваем негатыўны ўплыў нашай гісторыі. Ён балючы і таму кідаецца ў вочы, але таксама з сям’і мы вынеслі шмат дабра, шмат чаму навучыліся. Важна гэта развіваць.
Чацвёртая парада. Ставіць перад сабой рэальныя мэты і рэальна ацэньваць сітуацыю. Напрыклад, ты не можаш змяніць таго, што твайго бацькі заўсёды не было дома. Так, ты цяпер такі, а не іншы, але ёсць сферы, якія магчыма рэальна змяніць ці працаваць над імі.
Пятая парада. Умець чакаць. Не называйце некага "мая дзяўчына" або "мой хлопец", пакуль не зразумееце, што ідзяце ў напрамку стварэння сям’і, што вас яднаюць больш высокія рэчы, а не толькі эмоцыі і закаханасць. Змены прыходзяць вельмі марудна.
Шостая парада. Нельга ахвяраваць свайго шчасця ў імя таго, каб іншы быў шчаслівы. У сям’і гэта не працуе. Не можа дзяўчына ахвяравацца ў імя таго, каб яе хлопцу было добра. Сям’я – гэта саюз двух чалавек, а не аднаго. Сям’я – гэта здольнасць любіць іншага і дазвол любіць сябе.