Замужжа ў кіргізаў называецца «турмушка чыгуу» - даслоўна «выйсці насустрач жыццю». Жанчына адкрываецца насустрач жыццю ў момант заключэння шлюбу, а да таго часу, пакуль няма мужа і дзяцей - не жыве. "Ажаніцца" - гэта «уйлонуу», гэта значыць «адамашніцца», як адамашнівалі дзікіх звяроў. Да таго часу, пакуль у хлопца няма жонкі і дома, ён у чымсьці падобны да дзікага звера, які не ведае, навошта жыве. Сям'я і дом надзяляюць яго жыццё сэнсам.
«Калі я прачынаюся раніцай, мне не трэба думаць пра тое, які ў маім жыцці сэнс - перш чым я адкрыю вочы, па меншай меры адно дзіця мне пра гэта нагадае», - сказаў у адным з інтэрв'ю бацька васьмярых дзяцей Ёшка Брода. А дзяўчына па імя Ганна у каментары да інтэрв'ю спытала: «Калі я каталічка, ці я павінна мець шмат дзяцей? Што дрэннага ў тым, што каталік хоча мець адно дзіця?"
Музыкант Ёшка Брода з жонкай і дзецьмі
Пра гэта, несумненна, варта паразважаць. Я сам рос разам з чатырма сёстрамі. Вакол нас было шмат сем'яў, у якіх было 8-10 дзяцей, але рэкорд, несумненна, паставіла сям'я Ёшкі і Дэбары Брода: калі правільна памятаю, іх там было 16. Многія з гэтых сем'яў былі ў неакатэхуменаце, але не ўсе. Таму я вызначыў бы сябе як дзіця з «сярэднядзетняй» сям'і.
Але вернемся да пытання. Жорстка, калі бацькі свядома спыняюцца на адным дзіцяці. Мае знаёмыя, якія былі адзінымі ў сям'і, толькі да 30 гадоў спазнавалі ў жыцці тое, што я ведаў ужо ў трохгадовым узросце. Двое - гэта не толькі іншы лік, але і іншая якасць (дзіця без слоў разумее, што ён - не пуп сусвету), але толькі трое дзяцей - гэта нармальная сям'я. Бо мы ж хочам, каб наша дзіця было шчаслівым - а як стаць шчаслівым без братоў і сясцёр?
Не так даўно ў адной з газет можна было прачытаць выказванні некалькіх жанчын сярэдняга ўзросту аб тым, чаму яны адважыліся толькі на аднаго або двух дзяцей. Яны кажуць пра тое, як цяжка, а часам і немагчыма, сумясціць працу, навуковую кар'еру з нараджэннем і выхаваннем дзяцей. Былі і іншыя аргументы - напрыклад, фінансавыя: маўляў, дзіцяці неабходна забяспечыць нармальнае жыццё, вучобу на ўзроўні і іншае. Усе гэтыя аргументы разумныя і небеспадстаўныя. Таму што заўсёды ёсць выбар - дзеці альбо іншыя рэчы. Жыццё - гэта выбар, але без прымусу. Бог дае нам жыццё, а мы самі вырашаем рабіць з ім тое, што лічым самым важным.
Але так было не заўсёды. Дзесяць гадоў таму, калі я быў на здымках у Манрэалі, пажылы і вельмі пабожны чалавек распавядаў мне, што яшчэ ў 50-я гады ў Квебеку святар, прыходзячы ў дом з калядным візітам, дакараў мужа і жонку, калі ў іх ужо два гады не нараджаліся дзеці. Гэта была тактыка дэмаграфічнай вайны з пратэстантамі.
Зрэшты, яшчэ зусім нядаўна людзі наогул не задавалі сабе падобныя пытанні. У маёй сям'і ў пра- або прапрадзедаў з усіх бакоў было па 8-10 дзяцей. У кіргізаў, сярод якіх я да нядаўняга часу жыў, менавіта цяпер уваходзіць у дарослае жыццё першае пакаленне, якое задае сабе пытанне аб колькасці дзяцей, таму што ў іх сям'і дзяцей заўсёды было 6-8. Чым больш, тым лепш - і ніхто гэтую аксіёму не аспрэчваў. Чаму?
Добры адказ дала мне аднойчы гераіня майго фільма - Саша Камісарава з Навасібірска, інвалід дзяцінства, якая вельмі хацела мець дзіця: «Дзіця - гэта жыццё, гэта шчасце!». Гэта значыць, чым больш дзяцей, тым больш шчасця. Людзі плылі па рацэ жыцця і ніхто не задумваўся, заводзіць дзяцей або не, як не думаў, дыхаць ці не дыхаць, з'есці абед ці яго прапусціць.
Больш глыбокае тлумачэнне дае кніга Быцця (Быц. 1: 27-28): І стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага стварыў яго; мужчыну і жанчыну стварыў іх. І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце зямлю, і валодайце ёю, і валадарце над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над усякай жывёлаю, што поўзае па зямлі.
Гэта самая першая запаведзь, якую Бог даў чалавеку. І не толькі юдэям ці хрысціянам, а наогул усім. Дакладней кажучы, гэта нават не запаведзь, а тлумачэнне чалавеку яго ўласнай прыроды, мэты і сэнсу яго жыцця. Бог сказаў чалавеку, хто ён такі і навошта жыве. Сэнс жыцця - гэта дзеці.
Яшчэ глыбей ідзе Евангелле. Мы часам задаём сабе пытанне, у чым сутнасць Добрай Весткі? Гэта - далёка не таямніца, з разраду тых, якую могуць зразумець толькі абраныя (святары, прафесары-біблісты):
Бо хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе, а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе ... (Мц. 16:25)
Прачытайце гэта яшчэ раз, уважліва. Гэта - сэрца Евангелля. Страта свайго жыцця - аснова жыцця хрысціяніна. Апостал Павел цытуе іншыя словы Езуса: «Больш шчаслівы даваць, чым браць» (Дз. 20:35). Наша шчасце не ў тым, каб браць для сябе ад жыцця як мага больш, а ў тым, каб як мага больш аддаваць. Аддай сваё жыццё іншым - вось рэцэпт шчаслівага жыцця.
Ці павінны мы аддаваць сябе іншым так, як гэта рабілі Маці Тэрэза з Калькуты, Максіміліян Кольбэ або Ян Павел II? Не думаю. Найбольш базавы спосаб аддаваць сваё жыццё іншым - аддаваць яго сваім дзецям. Цяжарная жанчына літаральна аддае сваё цела дзіцяці, мужчына як бацька адмаўляецца ад сваёй незалежнасці і свабоды, ахвяруючы сваё жыццё дзецям. Таму чым больш у нас дзяцей, тым большую частку жыцця мы аддаём - тым больш яе губляем. Такая вось простая матэматыка.
І, узяўшы дзіця, паставіў яго сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім: хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае; а хто Мяне прыме, той не Мяне прымае, але Таго, Хто паслаў Мяне. (Мк. 9: 36-37)
Бацькі, прымаючы дзяцей, прымаюць самога Езуса. Калі Езус атаясамлівае сябе з дзіцем, тады становіцца зразумела, што мы, прымаючы дзяцей, аддаём сваё жыццё для Езуса.
Успомніце прыпавесць аб багатым юнаку. Ён прыходзіць да Езуса ў пошуках шчасця. Ён выканаў ужо ўсе запаведзі і, напэўна, чакаў, што Езус дасць яму новыя. А Езус нічога яму не загадвае, але хоча яго самога - каб ён зрабіў выбар, пакінуў усё, што ёсць, свае планы, кар'еру, і аддаў ІЕзусу сваё жыццё. І юнак ідзе прэч ў смутку: у гэты момант ён прайграў бітву за сваё шчасце.
Вы яшчэ памятаеце пытанне Ані? Мець больш ці менш дзяцей - гэта не пытанне абавязку, доўгу, запаветаў. Гэта пытанне аб даверы Езусу, рызыка пакласці ўсе на адну шалю вагаў. Таму пытанне «павінна я мець адно дзіця або некалькі» тут, бадай, недарэчнае. Хацець або не хацець - залежыць ад таго, хто для мяне Езус. Ад таго, колькі ўва мне смеласці пакінуць свае планы і разлікі, і пайсці за Ім. Ці магу я адмовіцца ад самарэалізацыі, кар'еры, адпачынку, хобі і многіх іншых задавальненняў, каб абраць жыццё - такое, якое хоча для мяне Езус?
Гэта праўда, што калі ў мяне будзе больш двух дзяцей, я страчу сваё жыццё. Я не паеду на Кіліманджару, магчыма, не абараню доктарскую, не куплю «мэрсэдэс», на якім мог бы ездзіць на сваю вілу на возеры. Чым больш дзяцей, тым менш шанцаў захаваць сваё жыццё для самога сябе. Дзеці не дадуць нам адпачыць, выціснуць з нас апошнія сокі.
І мы, як той юнак, стаім перад выбарам, які за нас не зробіць ніхто.