“Гэтая сям’я памірала паволi. Сустрэчы пры святле месяца, вяселле, нараджэнне дзіцяці... Да таго, як наступіў канчатковы крах сям’і, сужэнцы справакавалі з’яўленне “чатырох вярхоўцаў Апакаліпсісу”. Так вучоны Джон Готман назваў чатыры этапы развіцця адносін паміж мужам і жонкай, якія прыводзяць да смерці сям’і.
Нават у тым выпадку, калі сужэнства функцыянуе няправільна, знаходзіцца ў крызісе, і здаецца, што разводу не пазбегнуць, яго можна выратаваць.
Верхнік на белым кані
“І я ўбачыў, што Агнец зняў першую з сямі пячатак, і я пачуў адну з чатырох жывых істотаў, якая гаварыла як бы грамавым голасам: ідзі і глядзі! Я зірнуў, і вось, конь белы, і на ім верхнік, які меў лук, і дадзены яму быў вянок, і выйшаў ён як пераможны, і каб перамагчы.”
(Адкрыццё св. Апостала Яна Багаслова 6: 1-2)
Першым верхнікам была крытыка. Скаргі датычаць канкрэтных паводзін, у якіх проста сцвярджаецца нейкі факт. Крытыка ж накіравана супраць чалавека і прадугледжвае наяўнасць непапраўнага недахопу ў гэтым чалавеку. Вельмі часта ў крытыцы выражаецца раздражненне і скрыты гнеў. Так здарылася і ў гэтай сям’і. Крытыкуючы адзін аднаго сужэнцы пералічвалі бясконцыя і не злучаныя паміж сабой скаргі: “ Ты заўсёды затрымліваешся з калегамі пасля работы.” - “Якая ж з цябе гаспадыня, калі заўсёды беспарадак у хаце.” – “Твае сябры ненармальныя.” – “ Ты апранаешся так, што глядзець балюча.” – “Ты вядзеш сабе пры дзіцяці так, нібы яно пустое месца.” – “Якая ж ты маці, калі не можаш супакоіць дзіця, калі яно плача?”
Верхнік на гнядым кані
“І калі Ён зняў другую пячатку, я пачуў другую жывую істоту: ідзі і глядзі. І выйшаў другі конь, гняды; і таму, хто на ім сядзеў, дадзена было ўзяць мір з зямлі, і каб забівалі адзін аднаго; і дадзены яму вялікі меч.”
(Адкрыццё св. Апостала Яна Багаслова 6: 3-4)
Другім вярхоўцам была пагарда. Калі муж пагарджае сваёй жонкай (і наадварот), ён прагне сапраўды абразіць, зняважыць або параніць. Адчуваючы ўзаемную пагарду, поўныя нізкіх пачуццяў, сужэнцы закідвалі адзін аднаго рэзкімі фразамі: дура і бесталач, ідыёт і прыдурак,” ідзі і нафарбуйй сваё рыла”, “ апрануўся, як бомж”… Некалі далікатныя і ўважлівыя ў адносінах адзін да аднаго муж і жонка канчаткова расчараваліся ў сваіх адносінах, пачалі адчуваць нецярпімасць і раздражненне, іх некалі праніклівыя гутаркі змяніліся лютымі і зневажальнымі сваркамі.
Верхнік на вараным кані
“І калі Ён зняў трэцюю пячатку, я пачуў трэцюю жывую істоту, якая казала: ідзі і глядзі. Я зірнуў, і вось, конь вараны, і на ім верхнік, які меў вагі ў руцэ сваёй. І чуў я голас пасярод чатырох жывых істотаў, які казаў: мера пшаніцы за дынар, і тры меры ячменю за дынар; а алею і віна не марнуй!”
(Адкрыццё св. Апостала Яна Багаслова 6:5-6)
І прыйшоў трэці верхнік – Сцяна. Калі ёсць агрэсар, адназначна, ёсць і ахвяра. Ахвяра, уцякаючы ад страху і зневажэння, імкнецца заняць абарончую пазіцыю, пабудаваць глухую перашкоду, праз якую ўжо не прайдзе ўзурпатар. Так сталася і з гэтай сям’ёй. Некалі іх шлюб быў урадлівай зямлёй, якая квітнела і разраслася з нараджэннем іх сыночка. Аднак трэці вярховец зрабіў сваю справу, і гэтая краіна пад назвай “Сям'я” падзялілася на две, не мяжуючыя паміж сабой выспы. Гэта ўжо былі чужыя людзі.
Верхнік на бледным кані
“І калі Ён зняў чацвёртую пячатку, я пачуў голас чацвёртай жывой істоты, які казаў: ідзі і глядзі.І я зірнуў, і вось, конь бледны, і на ім верхнік, якому імя смерць; і пекла ішло за ім следам, і дадзена яму ўлада над чвэрцю зямлі — забіваць мечам і голадам, і пошасцю і звярамі зямнымі.”
(Адкрыццё св. Апостала Яна Багаслова 6:7-8)
Затым з'явіўся верхнік канца, і клікалі яго Раўнадушнасць. Калі муж і жонка не могуць або не імкнуцца прыйсці да прымірэння, калі яны ўвесь час крытыкуюць адзін аднаго, пагарджаюць адзін другім, сыходзяць у глухую абарону і займаюць пазіцыю ахвяры, чацвёрты верхнік стане паміж імі “сцяной маўчання”. Размаўляць і мець зносіны больш немагчыма: муж і жонка не слухаюць і не чуюць адзін аднаго, адчужэнне паглыбляецца. Сужэнцы апынуліся на скрыжаванні дзвюх дарог, які паставіў іх перад выбарам: змагацца за сваю сям'ю, у жыцці якой утварылася нечаканая пропасць, ці змірыцца з тым, што спроба не ўдалася, і паспрабаваць усё пачаць спачатку, але ў іншым месцы і з іншым чалавекам ? Муж у парыве злосці сказаў сваёй жонцы, што ўжо пасля вяселля ён заўважыў новыя, дагэтуль незнаёмыя рысы ў абліччы сваёй каханай. З часам аблічча гэта стала тварам. Складана прызнаць, што аблічча насамрэч было маскай, якая хавала рыла. Ён адыйшоў з сям'і і праз некаторы час падаў на развод. Пакрыўджаная жонка прыклала ўсе свае намаганні, каб экс-муж больш не меў магчымасці сустрэцца з сынам. Ды ён і не імкнуўся.
Такія гісторыі сёння не з’яўляюцца рэдкасцю. Многія сужэнства распадаюцца, так і не паспеўшы па-сапраўднаму ўтварыцца.
Дэтаксікацыя смяротных сямейных таксінаў
“Дэтаксікацыяй таксінаў” разумее абясшкоджванне таксічных рэчываў “у арганізме сям'і” шляхам прымянення пэўных метадаў.
Для любога яду існуе проціяддзе (антыдот)! Кожны з нас можа знайсці свой антыдот. А у выпадку “атручэння сям'і” антыдоты досыць простыя:
Замест крытыкі…
Замест ігнаравання…
Замест агрэсіі і нападу…
Замест уцёку ад праблем, разводу…
Крытыка
Перш за ўсё трэба разумець просты і бясспрэчны факт: чалавек па прыродзе сваёй ідэальны. Таму не “ты агідны”, а “твае ўчынкі з’яўляюцца недапушчальнымі і жудаснымі”.
Трэба рэагаваць канкрэтна на паводзіны сужанца, а не на асаблівасці яго характару. Не трэба “прыляпляць ярлыкі”, тыпу: “безадказны”, “лянівы”, “безнадзейны”. У народзе кажуць, калі дзесяць разоў назваць чалавека свіннёй, на адзінаццаты раз ён абавязкова зарохкае!
У размове варта пазбягаць такіх сцвярджэнняў, як: “заўсёды”, “стала”, “ніколі”. У сітуацыі, калі партнёр крытыкуе, варта асертыўна ўдакладніць: “Як зразумець тваё сцвярджэнне аб тым, што я ненадзейная?” “Калі і як я цябе апошні раз падвяла ?” Можна папрасіць сужанца, каб падумаў над гэтым некалькі дзён. Каштоўным будзе вызначыць паводзіны, якія раздражняюць, раняць сужанца. Варта правесці сумленны аналіз гэтых паводзін на прадмет таго, ці сапраўды кожны раз было так, як яму здаецца? Бо вельмі часта адбываецца так, што адны і тыя ж паняцці людзі інтэрпрэтуюць па-рознаму. Перш чым пачаць крытыкаваць і вінаваціць, варта быць упэўненым на ўсе 100 %, што партнёр разумее, пра што яго просяць.
Пагарда
Цынізм, сарказм, нянавісць з'яўляюцца непажаданымі паводзінамі ў зносінах. Калі існуе непераадольнае жаданне выказаць сваю нянавісць і пагарду свайму сужанцу, варта напісаць ліст і выкласці ў ім накіпеўшае ў поўным аб’ёме, з належным матам, цынізмам і агідай. Затым прачытаць гэты ліст яшчэ раз і задумацца над тым, як правільна і ў паважлівым тоне выказаць сужанцу свае прэтэнзіі. Замест сцвярджэння “Ты свіння!”, можна сказаць: “Калі ты ходзіш у абутку па хаце і кідаеш смецце каля кошыка, мяне гэта засмучае і выводзіць з сябе!”.
А што рабіць з лістом? Знішчыць!
Абарончая пазіцыя
Перш за ўсё трэба ўспрымаць канфлікт адэкватна. Канфлікт не з'яўляецца эмацыйным фактам з вуснаў футбольнага каментатара: “Такім чынам, 1: 0 на карысць ...”. Пры такім стаўленні да справы на адной старане заўсёды будзе перамога, а на другой – пройгрыш.
Для таго каб прадухіліць пачатак “баявых дзеянняў”, варта пазбягаць негатыўных эмоцый і ўзаемных абвінавачванняў. Пастаянная канстатацыя старых памылак і “злачынстваў” нічым не дапаможа і нічога не вырашыць.
Сцяна
Такую тактыку часцей за ўсё выбіраюць мужчыны. Калі муж выбудоўвае “ахоўную непрабіўную сцяну маўчання”, варта вызначыць свае прыярытэты. Хочаш захаваць свой шлюб? Хочаш узаемнага разумення? Такім чынам, не варта завастраць сваю ўвагу на падобным ігнараванні. У такой сітуацыі можна сказаць так: “Я бачу, што сёння ты не хочаш вырашаць гэтую праблему. Тады хачу з табой дамовіцца: заўтра мы вернемся да сумеснага абмеркавання! Я шчыра адкажу на твае пытанні і чакаю, што і ты зробіш гэтак жа!”
Здараецца і так, што можна весці такія “размовы” доўга і ўпарта, але ўсё дарэмна. Суцэльны маналог! Такія сітуацыі на маладзёжным слэнгу называюцца: “поўны ігнор”. У такім выпадку можна напісаць сужанцу ліст або і-мэйл. У пасланні гэтым варта растлумачыць, чаму так важна, каб вы размаўлялі і мелі нармальныя адносіны.
Гімн любові
Калі я гавару мовамі чалавечымі і анёльскімі, а любові не маю, дык я — медзь звонкая, альбо кімвал гулкі,
Калі маю дар прароцтва, і ведаю ўсе таямніцы, і маю ўсякія веды і ўсю веру, так што магу і горы перастаўляць, а не маю любові, — дык я нішто.
І калі я раздам усю маёмасць маю і аддам цела маё на спаленне, а любові не маю, — няма мне ў тым ніякай карысці.
не бушуе, не шукае свайго, не раздражняецца, не намышляе ліха,
не радуецца з няпраўды, а разам цешыцца з ісціны;
усё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё пераносіць.
Любоў ніколі не перастае, хоць і прароцтвы спыняцца, і мовы змоўкнуць, і веды страцяць сэнс. Калі я быў дзіцем, дык па-дзіцячы гаварыў, па-дзіцячы мысліў, па-дзіцячы разважаў; а як стаўся мужчынаю, дык пакінуў дзіцячае.
А тым часам жывуць вось гэтыя тры: вера, надзея, любоў; але любоў з іх найбольшая.
(Пар. 1 пасланне да Карынцянаў св. Апостала Паўла. Частка 13.Біблія. Новы Запавет)
Псіхолаг-псіхатэрапеўт Віталій Булыга