У выпусках навін і спецпраектах розных тэлеканалаў, навучальных установах і праваахоўных органах, навуковых і асветніцкіх артыкулах, і, тым больш, у інтэрнэце “б'юць у званы” па прычыне новай напасці, якая ахапіла Беларусь, – спайс-эпідэміі. Надзвычай востра стаіць праблема ўжывання наркатычных сумесяў “спайс” (якую таксама называюць К2) тычыцца моладзі, у асноўным навучэнцаў сярэднеспецыяльных адукацыйных устаноў.
Спайс – адзін з “брэндаў” сінтэтычных курыльных сумесяў, якія ўяўляюць сабой адносна бясшкодныя травы з нанесеным на іх хімічным (наркатычным) рэчывам. Валодае псіхаактыўных ўздзеяннем, падобным да марыхуаны.
Чарговы раз, застаецца толькі канстатаваць той факт, што любая праблема ў нашым грамадстве разглядаецца наступным чынам: па-першае – “хто вінаваты?”, а па-другое – “што ж рабіць?”. Вось і сёння ўсе СМІ стракацяць грувасткімі навуковымі тлумачэннямі тыпу – “сінтэтычны аналаг тэтрагідраканабінола”, займаюцца пошукам вінаватых –распаўсюднікаў, даюць гістарычныя даведкі аб легалізацыі і забаронах курыльных сумесяў у розных краінах, і, што самае парадаксальнае, выпрацоўваюць прафілактычныя меры па супрацьдзеянні “скурывання” насельніцтва...
Не варта шукаць вінаватых! Лепш задайцеся пытаннем: “Каму гэта выгадна? Ёсць праблема (у нашым выпадку спайс-эпідэмія)?”. Перш вырашайце праблему, а па ходу справы разбярэцеся і з пытаньнем “хто вінаваты?”.
Што рабіць?
Неўротык – чалавек, якому ад усяго дрэнна. Ён эмацыйна нестабільны, не ўпэўнены ў сабе, не давярае людзям, адчувае частыя страхі, схільны да самабічавання або хранічнай незадаволенасці... Неўротык слаба пераносіць псіхічную напружанасць. Гаворачы пра моладзь, варта адзначыць, што сёння фактычна ўсе яе каштоўнасці накіраваны на дасягненне задавальнення. І самае страшнае, што маладое пакаленне не навучылася прыкладаць пэўныя намаганні і дзеянні, неабходныя для дасягнення задавальнення. Нажаль, задавальненне патрэбна каб было неадкладна, тут і цяпер.
Уяві, паважаны чытач, што маладому чалавеку, вучню старшакласніку, ўласцівыя вышэйпералічаныя характарыстыкі неўротыка. Якаснам такое жыццё назваць нельга. Напрыклад, эмацыйная нестабільнасць падлетка, тлумачыцца адсутнасцю здаровых адносін ў яго сям’і, з-за п’янства і пастаянных скандалаў аднаго з бацькоў. Такі малады чалавек не ўпэўнены ў сабе, псіхалагічна інфантыльны і закамплексаваны. Так жыць балюча. Як жа можна абязболіць такі стан? Што варта зрабіць, каб не было так сумна і няўтульна? Як вырашыць усе праблемы адным махам? – Прыняць псіхаактыўны дадатак наркатычнага дзеяння... Сёння пад рукой “спайс”? Значыць, хай будзе “спайс”...
За апошнія дзесяцігоддзі праблема з наркотыкамі ў грамадстве не змянілася. Усё тыя ж псіхаактыўныя рэчывы, з дапамогай якіх людзі “вырашаюць” свае праблемы. Змяняецца толькі хімічны склад, назва або ўпакоўка.
Як ужо папярэдне ўзгадвалася, моладзевая праблема курэння “спайсаў” – старое зло, усім даўно знаёмае, толькі ў новым абліччы. Таму і інструментар дыягностыкі наркатычных праблем у дзяцей з часам ніяк не змяніўся. Для бацькоў не павінна быць першасна важным – што менавіта ўжывае іх патомства, – важны сам факт ужывання наркатычнага рэчыва. Паспрабуйце адказаць на наступныя пытанні:
• Вашае дзіця аддалілася ад вас, стала нібы чужым, хоць раней вы адчувалі большую блізкасць?
• Дзіця пазбягае сямейных урачыстасцей, сумеснага правядзення часу?
• Пазбягае зносін, недагаворвае, падманвае?
• У дзіця знізілася паспяховасць у школе, вучэбная матывацыя, хоць раней у яго не было праблем з навучаннем?
• Магчыма, дзіця нецярплівае, раздражняльнае?
• Часта яго стан узбуджанасці змяняецца сонлівасцю, спіць доўга і ў розную пару сутак?
• Ці стараецца вашае дзіця вырвацца з дому шукаючы кожнайнагоды, а пасля вяртання пазбягае кантакту?
• Ці вяртаецца ён дадому занадта позна, альбо без папярэджання начуе па-за домам?
• Ці з’явіліся ў дзіця новыя знаёмыя, якіх ён не хоча запрашаць дадому?
• Апетыт дзіця празмерны або зусім адсутнічае?
• Зрэнкі вачэй дзіцяці чырвоныя, пашыраныя або звужаныя?
• Ці Знікаюць з дому грошы ці каштоўныя рэчы?
У выпадку, калі сярод вышэй пералічаных пунктаў бацькі даведаюцца сітуацыі, у якіх, магчыма, апынуліся іх дзеці, ім трэба неадкладна звярнуцца да спецыялістаў за кваліфікаванай дапамогай. Толькі не варта кідацца у паніку, збянтэжанасць, падкормліваць пачуццё віны або шукаць вінаватых, – усё гэта не дапаможа вырашэнню праблемы.
Хто вінаваты?
Пошук вінаватых, на жаль, з’яўляецца самым важным пытаннем, які раздзірае чалавецтва ад старажытнасці. Хто вінаваты ў тым, што ўкрыжавалі Езуса Хрыста? Хто вінаваты ў масавым генацыдзе габрэяў у Дахау і Аўшвіцы ў гады Другой Сусветнай вайны? Хто вінаваты ў тым, што нашыя дзеці гінуць з-за наркотыкаў? Хто... ? Адказ вельмі просты: “людзі!”. Сёння, як і ўчора, вінаватымі татальнай спайс-эпідэміі ў Беларусі з’яўляюцца тыя ж самыя дзейсныя асобы або сістэмы.
Грамадства, у якім фактычна ні адзін з тыпаў вядзення вольнага часу не абыходзіцца без ужывання псіхаактыўных рэчываў, прапаведуе спажывецкае стаўленне да жыцця, традыцый, каштоўнасцей...
Дзяржава, якая не цураецца папаўняць казну з дапамогай спойвання насельніцтва, завальваючы крамы айчыннымі прадуктамі са слоганам “Купляйце беларускае”: півам, віном, гарэлкай...
Сістэма адукацыі, якая не ў стане праводзіць якасную прафілактычную работу па папярэджанні ранняй наркатызацыі, таму што занятая падрыхтоўкай чарговых юрыстаў, эканамістаў, педагогаў і псіхолагаў, ці ж школьныя прафілактычныя праграмы не носяць толькі фармальны характар?
Праваахоўныя органы, з-за пэўных прычын, ў поўным аб'ёме не ў стане спыніць распаўсюджванне наркотыкаў. Сістэма аховы здароўя, а ў прыватнасці наркалогія, толькі сёння пачынае перабудоўваецца на больш якасныя метады лячэння і рэабілітацыі.
Сярэднестатыстычная сям’я таксама не выконвае свае функцыі ў дачыненні да дзяцей, якія знаходзяцца ў адзіноце і пачуцці пакінутасці, алкагольным тэроры аднаго з бацькоў. У сваёй большасці, бацькоўства зводзіцца да простага здабывання грошай на ежу і вопратку, а “бацькоўскім замяняльнікам” павінна стаць школа ці вуліца. Дзіця, ужываючы спайс і іншыя псіхаактыўныя рэчывы, сваімі паводзінамі заклікае бацькоў і ўсіх нас: “Паглядзіце, – як мне дрэнна, як я пакутую!”. Такім чынам, мы бачым, што вінаватых тут дастаткова.
Давайце будаваць Божае Валадарства тут і цяпер, вакол сябе і сваіх блізкіх. Толькі лакальнае можа ператварыцца ў глабальнае, усё вялікае калісьці было малым. Таму варта пачаць з сябе і сваіх блізкіх, будуючы атмасферу любові і павагі, клопату і надзейнасці.
Любіце сваіх дзяцей як мага мацней, выхоўвайце іх паводле законаў і традыцый, асабістага пазітыўнага вопыту і сумлення!
Віталь Булыга