Молі Оконэр – амерыканка, магістр міжнародных адносін Амерыканскага Універсітэту ў Вашынгтоне. Аўтарка артыкулаў адносна міжнароднага эканамічнага развіцця, палітыкі ЗША, беднасці, а таксама каталіцкага веравучэння. У сваім апошнім матэрыяле, Молі Оконэр звяртае ўвагу на стаўленне каталікоў да жанчын, якія ўжо зрабілі аборт. Падсумоўваючы сваё разважанне яна склала 11 запаведзяў для сучаснага руху pro-life. Вашай увазе прадстаўляем пераклад гэтага тэксту.
Быць у курсе справаў руху pro-life па ўсёй краіне – гэта частка маёй працы. Даволі часта я бачу, як яго чальцы пакідаюць у сеціве абсалютна нехрысціянскія каментары. На нашым баку Праўда, гэта значыць, што мы не павінны талераваць нядобрыя словы, абразу, дрэнную навуку і ненадзейныя крыніцы. Для тых з нас, хто верыць, што прыняцце Хрыста ў сваё жыццё павінна змяніць тое, як мы ставімся да тых, хто думае па-іншаму - незалежна ад таго, як іншыя ставяцца да нас.
Аборт гэта вельмі эмацыянальнае пытанне для жанчын і веруючых людзей. 1/3 жанчын, якія прайшлі праз аборт, занялі трывалыя пазіцыі адносна гэтага: на карысць або супраць. За ананімнымі мянушкамі, каментарамі і анлайн-дыскусіямі хаваюцца жанчыны пацярпелыя ад абортаў. Магчыма мы не былі на іх месцы – не ведаем наколькі складанай была іх сітуацыя і што змусіла іх да прыняцця такога рашэння, але мы можам адказваць са спачуваннем і суперажываннем. Мы ўсе былі пакліканы да таго, каб любіць адзін аднаго, незалежна ад нашых рашэнняў, трыумфаў або памылак.
Бачучы сапраўды абуральныя каментары, я вырашыла прадставіць набор запаведзяў, якія нагадаюць мне і рэшце, як дыскутаваць веруючаму чалавеку. Мы, католікі, пакліканы быць голасам для нямых, найбольш безабаронных. Калі мы пакліканы да гэтага, то мы проста абавязаны ажыццяўляць Праўду і абвяшчаць яе. Але, дастасоўваючы слоган маіх сяброў з Catholic Voices, мы павінны імкнуцца да таго, каб распаўсюджваць святло, а не жар.
1. Ты не павінен называць іншае дзіця Божае "пра-абарцыйным”, “забойцай”, або іншай назвай, якая прыніжае нечую Богам дадзеную годнасць.
2. Ты ніколі не павінен пагражаць жыццю іншага або казаць, што хтосьці павінен быў быць пазбаўлены жыцця праз аборт. Ніколі.
3. Змагаючыся за ненароджанага, Ты ніколі не павінен забываць пра падтрымку жанчын пасля аборту або тых, якія вырашылі нарадзіць, калі яны маюць патрэбу.
4. Ты павінен дыскутаваць з літасцівым сэрцам і розумам.
5. Ты заўсёды павінен выкарыстоўваць дакладныя навуковыя і статыстычныя дадзеныя з надзейных крыніц.
6. Ты павінен выступаць у падтрымку маці і дзіця перад экранам так часта, як ты гэта робіш у рэальным жыцці – дапамагаючы або падтрымліваючы фінансава.
7. Ты павінен слухаць сваіх апанентаў і бачыць сутнасць іх пункту гледжання, перш чым адказваць.
8. Ты ніколі не павінен выкарыстоўваць аргументы, якія прыніжаюць або зневажаюць твайго апанента.
9. Ты ніколі не павінен карыстацца Caps Lockaм каб стварыць аргумент.
10. Ты павінен быць асвядомленым датычна праблемаў і інфармацыі , а таксама навучання Касцёла.
11. Ты павінен прызнацца, калі не ведаеш адказу і, па магчымасці, выкарыстаць лепшую крыніцу.
Молі Оконэр
Пераклад: Караліна Абуховіч
Крыніца: Catholic News Agency