Вельмі часта моладзь звяртаецца да сваіх душпастараў з пытаннем, ці сапраўды палавыя адносіны паміж дзяўчынай і хлопцам, якія любяць адзін аднаго і нават у акрэсленай будучыні маюць планы заснаваць сям'ю, з'яўляюцца цяжкім грахом. На гэтае няпростае пытанне аднаго з маладзёнаў, у сваім артыкуле, спрабуе адказаць Мiраслаў Руцкі.
Маю сумненні адносна дашлюбных палавых зносін. Адна мая знаёмая, таксама каталічка, вельмі доўга старалася жыць паводле каталіцкага веравучэння і яе ўвесь час хвалявала такое ж пытанне. Яна задавала каталіцкім святарам простае пытанне: “Пакажыце мне ў Бібліі словы Езуса, якія забаранялі б палавыя зносіны перад шлюбам”. Але ніводзін з духоўных не даў адказу... І я пытаюся: чаму Езус, якога я прыняў як майго Валадара і Збаўцу, які для мяне важней за ўсё, нічога не гаворыць на гэтую тэму? Ён асуджае прастытуцыю (палавыя зносіны за грошы) і чужалоства (шлюбную здраду). У маім выпадку не мае месца ні адно, ні другое. Не цікавіць мяне таксама сэкс з выпадковымі партнёрамі. Я кажу выключна пра палавыя зносіны з маёй дзяўчынай, з якой мы збіраемся ажаніцца. Нашай мэтай не з'яўляецца задавальненне пажадлівасці, бо гэта можна задаволіць нават ананізмам. Гаворка ідзе пра каханне, сапраўднае і глыбокае, у якой мы злучаемся як адно цела. Езус, мой Валадар і Збаўца гэтага не забараняе, таму я не разумею, навошта нам чакаць да вяселля.
Адрыян
Каб адказаць на гэтае пытанне, неабходна найперш памятаць тры рэчы, без якіх цяжка зразумець вучэнне Езуса на тэму перадшлюбнай сэксуальнай стрыманасці.
Па-першае, Езус жыў на зямлі 2000 гадоў таму, і не мог сказаць: “Паслухайце, праз дзве тысячы гадоў Адрыян спытае, ці можна ўступаць у перадшлюбныя палавыя зносіны. Дык вось, занатуйце для яго мае словы: Да шлюбу забаронена пачынаць палавое жыццё!” Відавочна, што ў Евангеллі такога запісу немагчыма будзе зняйсці.
Па-другое, нельга забываць пра розніцу паміж нашай культурай і перакананнямі габрэйскага народа тых часоў. Чытаючы Евангелле, варта было б ведаць розніцу паміж іх і нашымі паняццямі пра стрыманасць і распусту. Цалкам відавочна, што Езус не гаварыў на мове XXI-га стагоддзя, і не выражаў свае меркаванні ў кантэксце нашага светапогляду. Неабходна задумацца над тым, якім чынам словы Езуса разумелі яго слухачы – габрэі, якія жылі па Майсеевым законе.
Па-трэцяе, у сваіх разважаннях існуе лагічная памылка. Калі хочаш выконваць волю Езуса, то неабходна спачатку яе спазнаць, а затым выконваць, а не патрабаваць: “Я хачу паступаць так і так, дакажыце мне, што гэта забаронена”. Лагічна было б задумацца над вучэннем Хрыста аб сям'і і сэксе, шлюбнай любові і адзінстве, ставячы сабе пытанне : чаму Езус ніколі не сказаў: “Займайцеся сэксам да шлюбу, колькі вам заўгодна!” Калі б у цябе атрымалася знайсці ў Бібліі такое выказванне Езуса, я б з табой пагадзіўся, што такая Яго воля. Але паколькі такога выказвання не існуе, нам прыдзецца ўважліва прыслухацца да Евангельскага пасылу.
У першую чаргу, мы павінны ведаць, у якім культурна -рэлігійным кантэксце Езус абвяшчаў Сваё вучэнне. Майсееў закон бязлітасна ставіўся не толькі да мужоў-здраднікаў, але акрамя чужеложства, таксама забараняў палавыя сувязі паміж блізкімі сваякамі, людзьмі аднаго полу, забараняў распусту і сакральную прастытуцыю. У старажытным свеце сэксуальныя фантазіі былі даволі разнастайнымі, таму Майсей не знайшоў іншага спосабу, як толькі пералічыць абсалютна ўсе вядомыя на той час палавыя дэвіяцыі, якія немілыя Богу. Спрабуючы абагульніць запісы Маісея, мы вымушаныя пагадзіцца, што адзіным палавым актам, які Бог прымае, з'яўляецца інтымная блізкасць мужа і жонкі.
Магчыма канечне выказваць пэўныя сумненні, ці ведалі пра гэта габрэі ў часы Езуса, і, самае галоўнае, ці паступалі згодна з Законам Майсея. Аднак факты сведчаць пра тое, што ведалі і паступалі. Напрыклад, фарысэі мелі замер пабіць камянямі жанчыну, абвіначаную ў шлюбнай здрадзе (Ян. 8,1-11). Езус перашкодзіў ім у гэтым, але гэта не значыць, што Ён тым самым дазволіў дапускаць здраду і сказаў гэтай жанчыне: “Ідзі, і больш не грашы”.
Варта было б растлумачыць, чаму ў Ізраілі, негледзячы на тое, што мясцовыя так добра ведалі і з такім запалам выконвалі Закон Майсея, было так шмат прастытутак, пра якіх гаворыць Евангелле. Справа ў тым, што моцнае язычніцкае ўздзеянне значна расхістала маральны лад габрэяў, а да таго ж прастытуцыя, у адрозненне ад шлюбнай здрады, якраз не каралася смерцю. Нідзе ў Святым Пісанні немагчыма знайсці апісанне або заклік да пабіцця камянямі прастытуткі. Яна магла спакойна жыць у грамадстве рэлігійных габрэяў, хоць да іх ставіліся з вялікай пагардай. Акрамя шлюбнай здрады, адзіным тыпам распусты, які караўся смерцю, быў менавіта перадшлюбны сэкс!
Варта звярнуць увагу, што Закон Майсея адназначна патрабуе, каб дзяўчына захавала дзявічасць да самой шлюбнай ночы. Калі б аказалася, што нявеста згубіла сваю нявіннасць, Закон бязлітасна загадвае: “то завядуць яе да дзьвярэй дома бацькі яе, і ўкамянуюць яе мужчыны гэтага горада аж да смерці, бо прынесла яна ганьбу Ізраэлю тым, што распуснічала ў доме бацькі свайго; так вынішчыш зло з асяроддзя свайго” (Друг. 22,21).
Зноў паўстае пытанне, наколькі гэтую запаведзь ў часы Езуса выконвалі ў Ізраілі. Аднак дастаткова ўзгадаць сітуацыю Язаф і Марыі, каб зразумець, наколькі сур'ёзнай была пагроза для жыцця Маці Езуса і самога Збавіцеля. Беручы ў жонкі цяжарную нявесту, Юзаф літаральна вырываў яе з рук катаў, рызыкуючы на ўсё жыццё стаць прадметам плётак і кпінаў.
У сваім вучэнні Езус Хрыстус не нішчыць маральных асноў, збудаваных Майсеевым Законам. Наадварот, сваім “А Я кажу вам” Езус забараняе чыніць грэх чужаложства і нават дадае норму, якая ніколі раней не прызнавалася грахом: “Кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю чужалоства ў сэрцы сваім” (Мц 5,27-28). Адзінае, з чым Езус ніколі не прымаў, дык гэта пакаранне смерцю для грэшніка. Збавіцель гатовы быў прабачыць кожнаму, хто толькі захоча пакаяцца і назаўсёды адмовіцца ад граху. Мы не знойдзем ні ў адным выказванні Езуса Хрыста згоды на тое, каб старазапаветныя маральныя правілы былі парушаныя, або каб хто-небудзь ігнараваў прынцыпы дашлюбнага палавога ўстрымання, уступаючы ў дашлюбныя у палавыя зносіны. Калі Езус не выказаўся пра забарону дашлюбнага сэксу, то толькі па той прычыне, што ўсе яго слухачы і так выдатна ведалі, што гэта забаронена. Бясспрэчна: мы, язычніцкія народы, прыняўшыя веру ў Езуса Хрыста, не маем абавязку, як гэта робяць габрэі, даслоўна ставіцца да кожнай літары Майсеева Закона. Аднак, прабываючы ў Духу Святым і лічачы Езуса Хрыста сваім Госпадам і Збаўцам, мы абавязаны імкнуцца да яшчэ большай святасці, чым фарысеі, якія даслоўна выконвалі кожную рэкамендацыю і прыказанне Святога Пісання! Інакш мы не зможам увайсці ў Божае Валадарства (гл. Мц 5,20 ).
У дадатку да маіх разважанняў, прашу задумацца над тым, чаму ўсе язычніцкія народы ад Іспаніі да Індыі, прымаючы хрысціянства, адназначна адмаўляліся ад любой формы распусты і пачыналі з павагай ставіцца да нявіннасці. Усім вядома, што ў свеце былі і ёсць разнастайныя звычаі, у якіх часам нават некранутасць лічылася ганебным недахопам, а распуста- гонарам. У выніку навяртання язычнікаў з заганнымі звычаямі да Хрыста, адбываліся настолькі радыкальныя змены, што некаторыя вернікі, дзяўчаты, былі гатовыя нават памерці мучаніцкай смерцю, дзеля захавання нявіннасці. Гісторыя захоўвае нямала такіх прыкладаў. Калі б павага да нявіннасці не вынікала адназначна з навучання Езуса Хрыста, то можна было б знайсці хоць бы адну старажытную Царкву, у якой дашлюбнае палавое жыццё не лічылася б грахоўнаым. Аднак такія погляды сустракаюцца не ў старажытнай хрысціянскай Традыцыі, а ў паганстве і ўсюды там, дзе людзі перастаюць лічыцца з Езусам і Яго вучэннем... Ніхто не забараняе табе выбіраць сабе настаўнікаў прызнаючы аўтарытэты сярод грэшнікаў і тых, хто падбухторвае да граху. Але хіба пры гэтым можаш казаць, што Езус Хрыстус - твой Госпад і Збаўца? Так ці інакш, варта адназначна зазначыць: Езус Хрыстус не стварае паняцці і не дае азначэнне граху, таму што пра гэта прадпісана ў Майсеевым Законе, які знаёмы ўсім Яго слухачам. Місія Езуса засноўваецца тым, каб вызваліць чалавецтва з улады граху, так як сам з сябе Закон не мог гэтага зрабіць (гл. Рым. 3,20). “Што ж скажам? Ці маем заставацца у граху, каб памножылася ласка? Канешне, не! Мы, якія памерлі для граху: як жа будзем жыць у ім?” (Рым. 6,1-2).
Але цяпер, вызваліўшыся ад граху і стаўшыся паслухмянымі Богу, маеце плод ваш для святасці, а ў канцы - жыцьцё вечнае!” (Рым. 6,22). “Уцякайце ад распусты!" (1 Кар. 6,18).
Міраслаў Руцкі
Крыніца: Часопіс “Любите друг друга!” 1/2007