Сучасны свет людзей вельмі хутка развіваецца. Падчас здаецца, што ён імкнецца да свайго лагічнага завяршэння з сапраўды шалёнай хуткасцю. І ў гэтай сваёй спешцы, у пагоні за асалодамі, за напаўненнем сваіх эгаістычных жаданняў людзі часам нават не задумваюцца над істотнымі прынцыпамі. Так, нібы іх увогуле не існуе.
Прадаць дзіця. Нарадзіць і …прадаць… Нашы бабулі хіба бы перахрысціліся шмат разоў і… не паверылі ці проста не захацелі аб гэтым гаварыць. Але…я адкрываю астатні нумар паважанай у горадзе і амаль адзінай газеты, і напаткаю вачыма аб’яву, якая заклікае “мяне”, названую велізарнымі літарамі “ЖАНЧЫНА” стаць …сурагатнай маці. Дададзены тэлефон, абяцаюць афіцыйны дагавор і “годную аплату”. Годную? “Достойную” па-руску (от слова “достоин”, родственное “достоинство”)? Годную чаго? Каго? Таго, хто названы абстракта-біялагічным імем “жанчына”? Годную майго цела?
Тая ж аб’ява адсылае нас на сайт сталічнага медыцынскага цэнтру, які з вамі будзе “працаваць” абсалютна легальна і – што самае цікавае – які ўпэўнены, што робіць добрую справу – дапамагае людзям, сужэнству, якія не могуць нарадзіць уласнае дзіця, яго нарадзіць…праз цела іншага чалавека, чужой жанчыны. Дарэчы Закон РБ “Аб дапаможных рэпрадукцыйных тэхналогіях” ад 7 студзеня 2012 г. № 341-З насамрэч дазваляе гэта рабіць у нашай краіне. Адно дзіця, умоўна кажучы, “каштуе” …15 тыс. у.е. плюс невялікія памесячныя выплаты. Можна ўявіць сабе, якія катэгорыі жанчын могуць пайсці на гэта, ці якія жыццёвыя абставіны да гэтага падштурхнуць, але не…не будзем судзіць увогуле.
Мы не прэтэндуем тут на ўсебаковы аналіз з’явы, але запрашаем вас, дарагія нашы чытачы, да дыялогу на гэтую далікатную тэму. Будзем вельмі рады вашым лістам, думкам наконт тэмы. Пішыце проста на е-майл Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. з паметкай “Аб сурагатным мацярынстве”.
Асабісты каментарый:
Я, як жанчына і маці дваіх дзяцей, дазволю сабе дадаць, што немагчыма не з’яднацца з дзіцём, пакуль носіш яго ў сабе дзевяць месяцаў, і я магу сабе ўявіць, што аддаць яго – нават ведаючы, што ён зачаты не у тваёй яйкаклетцы, гэта вялікі, мякка кажучы, стрэс для маці, як біялагічны, так і псіхалагічны. Гэта як пахаваць толькі што народжанага здаровага немаўлятку ці прадаць …на рынку. Але ў той жа час маю досыць сведчанняў аб тым, як узятыя з дзіцячых дамоў дзеці хутка становяцца сваімі, роднымі, а можа нават радней… Бо мы не цела, не толькі цела, чалавек – гэта не звычайны біялагічны арганізм, якіх у прыродзе шмат. Ён нешта большае, ён мае ў сабе Дух Божы. І менавіта Дух, душа, і нашы імкненні да Бога робіць нас роднымі нават больш, чым сумеснае пражыванне на адной жылплошчы.
Але, каб не быць галаслоўнымі, мы папрасілі даць свой каментарый да з’яўлення гэтай газетнай аб’явы ў гродзенскай газеце тэолага-мараліста ксяндза Мікалая Ціхановіча:
– Ведаеце, я ўжо нават не здзіўляюся, што такое запрашэнне “стаць сурагатнай маці” з’явілася ў нас ў Гродна. Сурагатныя маці з імёнамі і прозвішчамі з’яўляюцца на старонках часопісаў і на экранах тэлевізараў. Гэтыя жанчыны за азначаную плату да канца выношваюць для трэціх асобаў эмбрыёны, якія былі аплоднены in vitro з удзелам яйкаклетцы і сперматазоіда заказчыкаў. Такая вось праўда аб столь “прывабнай” перспектыве мацярынства, калі гэта ўвогуле можна назваць мацярынствам.
На гэтую тэму варта гаварыць шмат, але пакуль я ад свайго імя і ад імя Касцёла заклікаю маладых гродненак, якія могуць зацікавіцца падобнай магчымасцю хутка разбагацець, вельмі моцна аб гэтым падумаць. Вось толькі некаторыя думкі наконт маральнасці такога “бізнесу”. У выпадку сурагатнага мацярынства ярка выяўляюцца іншароднасць сямейнай пары-заказчыка і маці-намесніцы, якая, тым не менш, можа глыбока прывязацца да дзіцяці, якога выношвае, ў сілу цеснай біялагічнай сувязі. Такім чынам, становіцца відавочнай маніпуляцыя цялеснай прыродай дзіцяці, які атрымаў генетычную спадчыну ад двух пэўных асобаў і, разам з тым, кроў, харчаванне і жыццёвае ўнутрыматачнае забеспячэнне ад трэцяй асобы, сурагатнай маці. Як відаць, з дзіцем звяртаюцца як з нейкім асобнікам жывёлы, а не як з асобай, якая мае права ведаць сваіх бацькоў і ідэнтыфікаваць сябе з імі.
Не трэба забывацца, што ва ўсіх чалавечых дзеяннях ўлічваюцца яго наступствы. Якія яны ў выпадку сурагатнага мацярынства? Цяжка сказаць адназначна, бо чалавек не ведае сваёй будучыні. Але для веруючага чалавека адказ адназначны: сурагатнае мацярынства лічыцца этычна непрымальным па тых жа прычынах, якія патрабуюць адмовы ад штучнага апладнення. Гэтыя метады па сутнасці супярэчаць еднасці шлюбу і годнасці чалавечага дзетараджэння. Таму заклікаю ўсіх жанчын Гродна да разважлівасці і духоўнай уважлівасці ў сваіх думках і ўчынках.
Матэрыял падрыхтавала Таццяна Вішнеўская