У адным каралеўстве ў даўнія часы жыла чароўная дзяўчына. Яна любіла гэты зямны свет і кожны дзень зачаравана сузірала прыроду. Была яна з багатай сям’і ці з беднай сялянскай – ужо цяжка і прыпомніць, але ў душы яна была сапраўднай прынцэсай! Прыгажосць дзяўчына засланяла розум: залатыя валасы, ідэальная постаць, дзіцячая наіўнасць да таго ж…Але… Аднойчы Зло выкрала дзяўчыну і схавала яе ў высокай-высокай вежы. І толькі адважны і прыгожы рыцар мог вызваліць палонніцу з лапаў страшнага Зла. Толькі яму, смеламу, неўтаймаванаму і рашучаму было па сілах выратаваць яе...
Дзіўная казка са шчаслівым канцом?
...І вось адважны рыцар, выпрабаванне за выпрабаваннем праліваючы ўласную кроў і сёмы пот, знураны, змагаецца ў смяротнай бітве са Злом. Падчас бою Зло амаль узяло верх, але ў крывавай бітве закаханы герой усё ж знайшоў у сябе сілы падняцца і нанесці смяротны ўдар праціўніку. І вось кульмінацыя! Смелы рыцар ратуе прыгажуню і, дзякуючы сваёй мужнасці і адвазе, заваёўвае далікатнае дзявочае сэрца.
Такіх казачных гісторый вельмі многа, і яны заўсёды хвалююць нашу душу. Прыпомніце: “Жыла-была Спячая Прыгажуня, пацалаваў яе прыгожы прынц…”, “Прынцэса Фіёна сустрэла “прыгожага” огра Шрэка”, “Беласнежка сустрэла прынца”, Папялушка, Джульета, Ізольда, шмат іншых персанажаў. Гэтыя казкі ведаюць усе маленькія дзяўчынкі. Кожная дзяўчынка, дзяўчына, жанчына марыць аб тым, як з’явіцца яе прынц на белым кані ці крутой іншамарцы і выратуе яе, прывязе ў свой замак, і там сыграюць пышнае вяселле. Менавіта вяселле, бо ўсе гэтыя гісторыі са шчаслівым канцом: “Яна выйшла за яго замуж, і жылі яны доўга і шчасліва”. Але, як правіла, размова ідзе толькі аб вяселлі: прыгожая гісторыя кахання двух сэрцаў заканчваецца кульмінацыяй – вясельным балем на ўвесь свет, але… аб дзецях, пладах гэтага кахання, чамусьці не прыпамінаецца ўвогуле.
Але вернемся ў казку. Маленькія хлопчыкі з зайздроснай упартасцю рэпеціруюць свае ролі з драўлянымі мячамі і макетамі пісталетаў. І вось аднойчы, калі хлопчык становіцца мужчынам, ён разумее, што гатовы і шчыра жадае стаць менавіта тым рыцарам, які выратуе дзяўчыну пісанай прыгажосці.
І вось яны разам. Казка здзейснілася. Дзяўчына апранула прыгожую фату, хлопец адзіны валодае выключнай прыгажосцю сваёй каханай. І што?....Казка, сёння ўсё часцей, …рассыпаецца ў дробны пыл сваёй старажытнасці. Праходзіць закаханасць і той чароўна-казачны запал кахаючых сэрцаў. Адным з магчымых варыянтаў сумнага выніку можа стаць развод, а самай актуальнай першаснай прычынай яго – нежаданне і/ці негатоўнасць мужа стаць бацькам. Чамусьці шматлікія сужэнцы губляюцца дзесьці паміж “жыла-была” і “жылі яны доўга і шчасліва і памерлі ў адзін дзень”.
Чаму ж смелы рыцар, які заваяваў сэрца сваёй каханай, сыходзіць з дыстанцыі забегу з назвай “сямейнае шчасце”? Чаму ён часцей за ўсё не гатовы стаць бацькам? І калі ж мужчына гатовы стаць бацькам?
Адносна бацькоўства сёння існуе адна з самых палохаючых крайнасцяў. Па многіх прычынах зачатае дзіця становіцца абузай для бацькі. “Яшчэ не час для гэтага”, “не гатовы”, “не стаў крэпка на ногі”, “не пасадзіў дрэва”, “не пабудаваў дом”…
Адказаць на гэтыя палохаючыя пытанні можна толькі тады, калі стане зразумелым той факт, што бацькоўства не з’яўляецца нейкім чужым фактарам у жыцці мужчыны. Насупраць, быццё бацькам – гэта самы што ні на ёсць натуральны складнік якаснага і здаровага жыцця кожнага мужчыны.
Кожны мужчына з’яўляецца бацькам
Кожны мужчына – бацька. Калі ў сям’і нараджаецца хлопчык, ён апрыёры будучы бацька. Быць хлопчыкам – значыць мець пакліканне даўжынёй у цэлае жыццё. З пункту гледжання фізіялогіі, хлопчык нараджаецца з рэпрадуктыўная сістэмай, асноўнай мэтай якой з’яўляецца працяг роду. У кожным хлопчыку ад моманту яго зачацця закладзены нейкі азначаны код, у якім “удрукавана” пакліканне да бацькоўства.
Працяг роду – неабходная ўмова для існавання чалавецтва ўвогуле. Існуе шмат прымераў, калі ў некаторых развітых краінах адзначаецца відавочнае грэбаванне бацькоўствам, і там нараджальнасць ніжэй за смяротнасць. З бегам часу там адбываецца працэс дэпапуляцыі. Фактычна адбываецца наступнае: тытульная нацыя азначанай краіны вымірае, а ўтвораную пустку, у выглядзе прыросту насельніцтва, запаўняюць народы, у якіх традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, і перад усім бацькоўства, знаходзяцца на высокім узроўні. Сёння можна бачыць, як мусульмане, якім уласціва высокая нараджальнасць дзяцей у сям’і, проста замяняюць цэлыя нацыі сваёй натуральнай колькасцю. Падобнае адбываецца і з хрысціянскай культурай, калі ў шматлікіх краінах багатай і развітай Еўропы зачыняюцца цэрквы, а на іх месцах адчыняюцца мячэці. Тут гаворка не ідзе пра нейкую варожасць да братоў-мусульманаў, проста на іх прыкладзе добра відаць значнасць “прыроджанага” бацькоўства як асноўнага сэнсу існавання чалавека.
Разважаючы аб важнасці натуральнага паклікання да бацькоўства, варта падкрэсліць, што бацькоўства, перад усім, датычыцца адказнасці. Калі хлопчыкаў, а затым і юнакоў, не вучаць патрабавальнасці да сябе, то потым такі малады чалавек ахвотна здымае з сябе адказнасць за свае ўчынкі, у асноўным сексуальныя, ухіляецца ад свайго бацькоўства.
Бацькоўства – гэта не згода на адказнасць, а безумоўная адказнасць. Бацькоўства не з’яўляецца “забегам на кароткую дыстанцыю”. Сапраўднае бацькоўства – несумненна, марафонскі бег. Бацька з’яўляецца бацькам, калі ён нарадзіў дзяцей. Ён з’яўляецца бацькам, калі выхоўвае і клапоціцца аб сваіх дзецях. Нават калі дзеці ўжо дарослыя, бацька заўсёды дапаможа мудрай радай. Бацькоўства не перастае быць нават з нараджэннем унукаў, бо ў гэтым выпадку гаворка ідзе пра “ідэальнае бацькоўства”, калі дасканалы бацька – дзядуля, сваёй мудрасцю ўносіць важкую лепту ў выхаванне падрастаючага пакалення . Нават пасля смерці бацькі ўжо дарослыя дзеці, знаходзячыся ў крызісных сітуацыях ці праблемах, часта задаюцца пытаннем: “А як бы паступіў наш тата?”
Вынікае тут неаспрэчная ісціна: “Быць мужчынам – значыць быць бацькам”. У пэўным сэнсе словы “мужчына” і “бацька” з'яўляюцца сінонімамі.
Віталь Булыга