Сёння адным з самых “гарачых” сацыяльных пытанняў Беларусі з’яўляецца шматдзетнасць у сям’і. Ужо сам прыпамін словазлучэння “шматдзетная сям’я” авеяна часта спатыкаючым негатывам меркаванняў і “скрыўленнем” мімікі твару. Увесь негатыў, які найчасцей можна пачуць, можна абагульніць у некалькіх выказваннях накшталт: “Шматдзетная сям’я – дысфункцыянальная сям’я”, “Навошта пладзіць галечу?”, “Шматдзетнасць – прычына нешчаслівага сужэнства”… Таму прапануем чытачам паглядзець на шматдзетную сям’ю рэальна, без скажонага аб’ектыву чагосьці ідэальнага, сумленна, без мараў і падсвядомых асацыяцый.
У гэтым артыкуле чытач не знойдзе ні параўнальнага аналізу плюсаў і мінусаў шматдзетнасці, ні бяздушнага маніпулявання і націску накшталт: “Сапраўдны католік павінен мець столькі дзяцей” ці “Вось так робячы, робіш правільна, а вось так - няправільна”.
Шмат дзяцей не бывае. Іх будзе столькі, колькі будзе!
У свядомасці сярэднестатыстычнага беларуса шматдзетнасць асацыіруецца з лічбай “тры” . Тры дзіцяці ў сям’і – гэта, перш за ўсё, устаноўка дзяржавы, бо сужэнцы, якія нарадзілі траіх дзяцей, маюць правы на нейкія льготы і датацыі. Слова “шмат” адлюстроўвае дзве пэўныя адзінкі. Слова “некалькі” сведчыць аб тым, што чагосьці ці кагосьці, напрыклад, у гэтым месцы тры адзінкі і болей. Таму асноўным вынікам, сыходзячы з вышэй разгледзеных высноў, з’яўляецца наступнае палажэнне аб тым, што шматдзетная сям’я – гэта сям’я, дзе больш аднаго дзіцяці, ці два і болей.
Колькі дзяцей павінна быць у сям’і? Гэта першапачаткова некарэктна пастаўленае пытанне. У сям’і іх (дзетак) будзе столькі, колькі будзе. Хрысціянская ці нехрысціянская сям’я не абавязана быць шматдзетнай. Каб свядомае сужэнства перарасло ў свядомую шматдзетнасць, павінна супасці мноства фактараў: пытанне жылля, працаўладкаванне і фінансавы дастатак сям’і, дабрабыт самога сужэнства і г.д. Таму рашэнне, якое датычыцца колькасці дзяцей у сямўі, могуць прыняць толькі і выключна самі бацькі.
Сёння можна назіраць шмат спекуляцый і націску з боку медыцыны, працадаўцаў, псіхолагаў і сацыяльных работнікаў, значных родных, святароў, СМІ ў адносінах колькасці дзяцей у сям’і. Ніхто не можа дыктаваць і указваць сужэнцам, колькі ў ніх павінна быць дзяцей. Такія акты націску на бацькоў з’яўляюцца бесцырымонным уварваннем у сям’ю і правакуюць рознага роду дысфункцыі сямейнай сістэмы, спараджаюць страхі, пазбаўляюць іх свабоды, негатыўна ўплываюць на адносіны мужа і жонкі і іх сексуальнае жыццё.
Абдумваючы магчымасць зачаць дзіця, сужэнцы могуць улічваць як “уласнае, асабістае блага, так і блага дзяцей, якія ўжо нарадзіліся ці яшчэ могуць нарадзіцца, улічваючы пры гэтым матэрыяльныя і духоўныя ўмовы часу і жыццёвага статуса і, напрыканцы, кіруючыся благам сям’і, супольнасці і царквы. Канчаткова гэта рашэнне сужэнцы павінны прымаць перад Богам” (Ср. Gaudim et spes, 50).
Сужэнцы могуць і маюць маральнае права выкарыстоўваць магчымасці, якія дае ім іх цялеснасць, створаная Богам такім чынам, каб бацькі маглі планаваць зачацце дзяцей (К. Кнотц “Секс: невядомае аб вядомым”).
Духоўная шматдзетнасць як прызванне
Разважаючы над пытаннямі шматдзетнасці, можна вызначыць, на наш погляд, цікавую заканамернасць: шматдзетнасць у сям’і – гэта прызванне духоўнага парадку. Таму прапануем лагічны ланцужок прычынаў і скутак, правільнасць якіх цяжка адмаўляць.
Пакліканне – гэта персанальны сэнс жыцця чалавека, ператвораны ў практычную мэту. Разважаючы аб пакліканні чалавека, варта казаць аб двух галоўнейшых “сэнсах жыцця” – быць мужам ці жонкай (пакліканне да сужэнства), быць бацькам ці маці (пакліканне да бацькоўства і мацярынства).
На наш погляд, сямейная паспяховасць заключаецца ў прыярытэтах. Пакліканнем першасным з’яўляецца пакліканне да сужэнства, ці быць адным і адзіным чалавекам у жыцці другога. У другую чаргу, пакліканне да бацькоўства, ці быць адным і адзіным чалавекам у жыцці свайго дзіцяці.
Сёння можна назіраць сумныя гісторыі мужчын ці жанчын, якія ў пагоні за матэрыяльным дабрабытам і кар’ерай кідаюць свае сем’і, збягаюць ад адказнасці бацькоўства і мацярынства, не жадаючы абцяжарваць сябе клятвамі шлюбу. Так, яны маюць машыны, кватэры, высокія пасты і шмат задавальненняў, але і пустку ў сэрцы, скразную рану, якую ні адзіны з пералічаных раней “атрыбутаў сучаснай паспяховасці” не здольны запоўніць.
Пакліканне да сужэнства для чалавека з’яўляецца першым і грунтоўным сэнсам жыцця. Тут мужчына і жанчына становяцца “адзіным целам” – сям’ёй. Сужэнцы клапоцяцца адзін аб адным, усведамляюць сваю ўзаемную любоў у сваіх дзецях, а значыць, рыхтуюцца да адказнасць клапаціцца і абараняць у будучыні і сваіх дзяцей.
Таму, выключаючы з сям’і пакліканне як духоўны элемент, мы страчваем пэўны знак якасці. Як чалавек без душы будзе ўсяго толькі целам з банальным абменам вадкасцяў у арганізме, так і сям’я без паклікання з’яўляецца ўсяго толькі найпростай “ячэйкай грамадства”. Адсутнасць духоўнасці ў адносінах сужэнцаў не спрыяе ўзаемнай любові, прыняццю адказнасці за сваё сексуальнае жыццё, сужэнскім зносінам. Пакліканне – гэта перш за ўсё свядомы выбар чалавека. Таму і якаснае сужэнства і паспяховая шматдзетнасць у ёй на наш погляд проста абавязаны быць свядомымі. Бо прыклады несвядомай шматдзетнасці – як, напрыклад, алкагольныя сем'і, дзе дзеці адно за адным нараджаюцца ў п'яным чадзе, гэта і несвядомае следаванне за модай, “дармовымі” дзяржаўнымі льготамі і нечымі ўстаноўкамі.
Сям’я, напоўненая духоўнасцю і маральнымі каштоўнасцямі, функцыянуе плённа! Сёння не сакрэт, што шчаслівыя сужэнскія зносіны, працятыя наскрозь “залатымі ніткамі” духоўнасці, інтымнасці, чуласці, разумення і прыняцця, павагі і любові, “пладзяцца і множацца”. Эфектыўнае сужэнства напрамкі звязана з шматдзетнасцю, таму што так уладкаваны чалавек і менавіта таму яго неўміручасць – у яго працягу, у дзецях.
Віталь Булыга