Skip to main content

«Мы пазбеглі шматлікіх памылак у далейшым жыцці», або Як рэкалекцыі ад «Сужэнскіх сустрэч» паўплывалі на адносіны ў маладой сям’і

1697477729 klev club p kartinki semi s odnim rebenkom 5Удзельнікі руху «Сужэнскія сустрэчы» Дзіма і Таня Сідлярэвіч дзеляцца з чытачамі Catholic.by тым, як удзел у рэкалекцыях для сужонкаў дапамог ім пазбегчы шматлікіх памылак і разам пераадолець праблемы ў сямейным жыцці.

Дзіма: Нашаму сужэнству пяць гадоў, сёлета адзначылі першы «юбілей». Пра ўік-энд мы даведаліся ад нашых сяброў. На той момант нашаму сужэнству было два з паловай месяцы.

Мы верылі ў Бога, здавалася, разбіраліся ва ўсіх аспектах сужэнскага жыцця і былі вельмі шчаслівыя.

Таня: Спачатку я сумнявалася, ці патрэбна з такім вопытам у сужэнстве наогул туды ехаць: праблем яшчэ не нажылі, толькі вярнуліся з падарожжа пасля шлюбу. Але выходныя атрымаліся свабодныя, і мы вырашылі паехаць.

Дзіма: Я ехаў на ўік-энд у Рось з думкай: «Страшных клопатаў і сварак не маем, але цікава правесці выходныя разам з каханай, даведацца штосьці новае, пабыць у Божай атмасферы і добрай кампаніі».

Таня: Спачатку нам было няёмка: на сустрэчу прыехалі пары са стажам ад 2 да 20 гадоў, а нам не было і года. Потым мяне здзівіў фармат, былі незразумелыя пачуцці.


2024 11 11 Suzhenstwa 20240509 004


Калі мы перайшлі да дыялогу з Дзімай, Бог уліў супакой у сэрца, і я зразумела: мы тут не дарма.

У першы вечар мы вырашылі не заходзіць у сацыяльныя сеткі, каб добра перажыць час. Гэта дапамагло нам угледзецца глыбей адзін у аднаго.

Дзіма: Падчас рэкалекцый мае пачуцці змяняліся і сталі больш глыбокімі. Ад думак: «Ну што нам тут вырашаць? Мы ж толькі пажаніўшыся!» — я прыходзіў да больш чулых адносін да сваёй жонкі. Зразумеў, што не ўсё так проста, і да яе пачуццяў і перажыванняў трэба ставіцца вельмі адказна і з павагай.

Таксама ў дыялогу з ёй я змог больш адкрыць яе жаночы свет, турботы і пачуцці.

Крута, што і сам я падзяліўся з Таняй сваімі перажываннямі ў спакойным, ураўнаважаным стане, змог быць сабой.

Таня: Падчас сустрэчы я больш зразумела свайго мужа і сама была шчырая з ім. Мы былі вельмі адкрытыя: смяяліся і плакалі разам. Я адчувала вельмі рамантычныя пачуцці і цяпер успамінаю тыя дні з вялікай радасцю. Гэта быў класны пачатак нашага сужэнства.


2024 11 11 Suzhenstwa 20241111 008


Я ўпэўнена, што мы пазбеглі шматлікіх памылак у далейшым жыцці дзякуючы рашэнню паехаць на гэтую сустрэчу.

Дзіма: На ўік-эндзе Бог нам дапамог стаць бліжэй адзін да аднаго, не ацэньваць, слухаць і прабачаць. А да гэтага здавалася, што мы усё ведалі і ўсё нам было о’кэй. Вярталіся з рэкалекцый мы вельмі натхнёныя! У нас была такая думка, што адна з галоўных сфераў у нашым жыцці — гэта адносіны паміж сабой і мы не можам гэту справу занядбаць.

Таня: Пасля гэтых рэкалекцый ў Гродне распачаліся сустрэчы малой групы, і мы таксама сталі браць у іх удзел.

Дзіма: Праз пэўны час мы сутыкнуліся з першымі клопатамі і непаразуменнямі. Але ў нас былі сілы ад Бога ісці шляхам дыялогу, прабачаць, слухаць і дзяліцца сабой

Удзел у «Сужэнскіх сустрэчах» моцна фармуе нас, і пасля іх мы адчуваем глыток паветра, надзею, Божую прысутнасць у нашых адносінах.

Таня: У жыцці нашай сям’і было шмат цяжкіх момантаў: спачатку былі праблемы з працай, потым фінансавыя цяжкасці, некалькі гадоў мы не мелі дзяцей. Два гады таму я зацяжарыла, але мы страцілі дзіцятка. Гэта быў вельмі складаны час для нас.

Таксама былі і радасныя моманты: рамантычныя спатканні, падарожжы, сумеснае служэнне ў касцёле. Дзякуючы Богу два з паловай месяцы таму ў нас нарадзілася дачка Янка. І ўвесь гэты час мы ў «Сужэнскіх сустрэчах», якія дапамагаюць нам быць у дыялогу і быць сумленнымі адзін перад адным.


2024 11 11 Suzhenstwa 20241110 007


Мы прыходзілі на сустрэчы зноў і зноў, нават калі не было жадання, і гэта прыносіла плён.

Яшчэ бачу, як крута быць у асяроддзі веруючых сужонкаў. Так радасна бачыць, што мы падобныя, што нас шмат чаго аб’ядноўвае!

Дзіма: Праца ў «Сужэнскіх сустрэчах» дапамагае змагацца са сваім эгаізмам. Дома на лядоўні вісіць маленькі магніт з напамінам і дэвізам «Сужэнскіх сустрэч». Гэта вельмі дапамагае ў моманце не абмяркоўваць, слухаць, а перадусім прабачаць.

Таня: Быць у «Сужэнскіх сустрэчах» — гэта не значыць жыць без праблем і канфліктаў. Я ўпэўнена, што яны ёсць у кожнай сям’і.

У гэтым руху мы вучымся, як з гэтых сітуацый выходзіць, як перажываць разам радасць і гора, як быць сапраўды РАЗАМ.

Дзіма: Вельмі раім усім перажыць уік-энд «Сужэнскіх сустрэч», бо толькі ў сапраўдным спатканні двух асоб можна будаваць добрыя адносіны і шанаваць адзін аднаго.

Атрымаць дадатковую інфармацыю пра «Сужэнскія сустрэчы» і запісацца на бліжэйшыя рэкалекцыі можна па тэлефоне:

+375 (29) 652 11 44

Бліжэйшыя рэкалекцыі пройдуць:

29 лістапада – 1 снежня: г. Гарадок, Віцебская вобл.

6–8 снежня: г.п. Рось, Гродзенская вобл., Ваўкавыскі р-н, вул. Чырвонаармейская, 12., рэкалекцыйны дом «Голас Айца» — «Сужэнскія Сустрэчы» запрашаюць сем’і і духоўных асобаў на рэкалекцыі ў Рось\

Рэдагавана: 18 Лістапада 2024