23 ліпеня ў Касцёле адзначаецца ІІІ Сусветны дзень дзядуль, бабуль і пажылых людзей. Вернікі запрашаюцца для разважання над сувяззю паміж пакаленнямі.
Тэмай сёлетняга Сусветнага дня дзядуль, бабуль і пажылых людзей сталі словы з Евангелля: “Міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне” (Лк 1, 50). Як адзначае Святы Айцец Францішак, прысутнасць людзей сталага веку ў сем’ях і супольнасцях каштоўная, “нагадвае нам, што падзяляем адну і тую ж спадчыну і з’яўляемся часткай народу, у якім ушаноўваюцца карані”. Па словах Пантыфіка, яны перадаюць сучаснасці мінулае, неабходнае для будавання будучыні. Якім жыццёвым досведам могуць падзяліцца старэйшыя асобы? Што сёння хочуць сказаць нашчадкам?
Любіце Бога… бо Ён ёсць!
Юзаф Більвін, 73 гады
У гэтым годзе спадар Юзаф упершыню вырушыў у пешую пілігрымку з Гродна ў Тракелі – быў адным са старэйшых удзельнікаў паломніцтва. Дагэтуль хадзіў у Капцёўку, Рось, Вострую Браму. “Мабыць, аднойчы ногі балелі. Зазвычай ляціш, як на крылах”, – гаворыць мужчына. Прызнаецца, што збіраецца пайсці і ў наступным годзе.
Па словах спадара Юзафа, Бог аберагае чалавека. Ён узгадвае, як неаднойчы блукаў: то ў лесе, то на балоце. Але малітва заўсёды ратавала. Каму, як не былому кіроўцу, вядома, што, каб дабрацца ў канчатковы пункт, трэба мець маршрут і прытрымлівацца правіл на дарозе. Гэтак жа і ў жыцці…
Спадар Юзаф па магчымасці стараўся і стараецца прапанаваць сваю дапамогу, калі пры касцёле патрэбны працоўныя рукі. Зараз служыць вартаўніком пры францішканскай парафіі, сочыць за парадкам у святыні. На яго думку, самае важнае ў жыцці – гэта быць з Богам, давяраць Яму. Як гавораць у народзе, без Бога ні да парога.
Вера без ведаў сляпая
Валерый і Эліна Свойчыкі, 52 i 54 гады
Сёлета сужэнцы скончылі Тэалагічны каледж імя св. Казіміра ў Гродне. Спярша ідэяй зноў сесці за студэнцкую лаву загарэўся галава сям’і. “Ну а я, жонка, пайшла за мужам сваім”, – распавядае спадарыня Эліна.
“Вера ў Бога была закладзена нашымі бабулямі, дзядулямі, мамамі і татамі, якія жылі ў нялёгкія часы. Мы вырашылі паглыбіць свае веды і ўзмацніцца ў веры. Матывацыяй было таксама нараджэнне нашых унучат. Хочам даць ім годнае хрысціянскае выхаванне, быць для іх прыкладам”, – дзеляцца сужэнцы.
На думку спадара Валерыя, кожны мужчына павінен быць зацікаўлены ў тым, каб паспяваць і працаваць, і вучыцца – тады сям’я будзе разівацца ўсебакова і гарманічна: “Разам з тым, мужчына павінен быць на сваім месцы, ведаць сваю ролю. А без ведання тэалагічных навук гэта немагчыма”.
Як зазначае спадарыня Эліна, узрастаць у веры неабходна кожнай хрысціянскай сям’і. Толькі паставіўшы Бога на першае месца, можна гарантавана захаваць свой сямейны саюз.
Найвялікшае шчасце ў чалавека – гэта сям’я
Людміла Вільнеўчыц, 81 год
Спадарыня Людміла ганарыцца генеалагічным дрэвам, якое паказвае гісторыю яе роду ажно да 1701 года! У 12-ці пакаленнях Вільнеўчыцаў можна адшукаць святара, які служыў капеланам у войску пад камандаваннем генерала Уладзіслава Альберта Андэрса падчас ІІ Сусветнай вайны, уладальніка старадаўняй аптэкі ў Ліпнішках, прафесара Варшаўскага палітэхнічнага ўніверсітэта, які і склаў гэтае генеалагічнае дрэва. “Хто твая кроў? – рытарычна пытае жанчына. – Ты павінен ведаць, хто ты ёсць”.
Спадарыня Людміла гаворыць, што пакуль жывыя старэйшыя члены сям’і, варта распытваць іх, хадзіць на могілкі – хутка памяць сціраецца і карані “адсякаюцца”. У свой час жанчына шмат часу прысвяціла таму, каб арганізаваць акультурванне тэрыторыі вакол могілак у Мількаўцах пад Навагрудкам, дзе пахаваны яе бацькі. Праводзіла інвентарызацыю, каб зацікаўленыя асобы маглі знайсці месца спачыну сваіх блізкіх.
Жанчына з жалем заўважае, што ёй няма каму перадаць багатую гісторыю. Няма дзяцей, унукаў… На пытанне пра тое, у чым шчасце чалавека, адказвае без роздуму: “Гэта сям’я”.
Вам, маладым… я хацеў бы сказаць… адведайце самотнага пажылога чалавека! [...] Прашу вас, людзі старэйшыя, малітоўна суправаджайце юнакоў і дзяўчат... Гэтыя маладыя людзі з’яўляюцца адказам Бога на вашы просьбы, плёнам таго, што вы сеялі, знакам, што Бог не пакідае свайго народу, але заўсёды амалоджвае яго ўяўленнем Святога Духа…*
Папа Францішак
Трэба дома бываць часцей…
Іосіф і Данута Калюты, 83 і 77 гадоў
Мала каму выпадае адсвяткаваць залаты юбілей сужэнства. Спадарства Іосіф і Данута жывуць плячом да пляча ўжо 56 гадоў. Маюць чацвёра дзяцей, сем унукаў, пяць праўнукаў. Як птушкі, яны разляцеліся па розных гарадах. Сэрца радуецца, калі збіраюцца разам пад дахам бацькоўскага дома.
Адным летнім днём цэлыя пакаленні сем’яў прыязджаюць да іх на свята вёскі ў Мештуны. Дамовіліся збірацца ў кожную трэцюю суботу ліпеня. Святар – родам адсюль – адпраўляе ля прыдарожнага крыжа св. Імшу. Вернікі моляцца за жывых і памерлых жыхароў. Па словах спадарыні Дануты, “крыху сумна было, што сёлета не даехалі дзеці, унукі… Але я за ўсіх ля крыжа памалілася”.
Сёння гэта не такая папулярная традыцыя, але якая каштоўная! Выдаецца нагода пабачыцца з тымі, каго даўно не бачыў, “абняцца, пацалавацца”. “Быў смачны квас і танцы да вечара”, – дзеліцца спадар Іосіф. А як рыхтуецца вёска! Прыязджае пад сотню гасцей… Людзі, памятайце пра свае карані, “каб душою не ачарсцвець, каб не страціць святое штосьці”.
Паводле "Слова Жыцця", Ангеліна Пакачайла