Кусташ дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях кс. канонік Юрый Бяганскі звяртаецца да вернікаў у артыкуле, падрыхтаваным на бягучы год мерапрыемстваў у санктуарыі.
Хрысціянская сям’я – гэта жывы арганізм, у якім пануе любоў, а таксама вялікі дар, які з’яўляецца фундаментам цяпла і добрага жыцця. Любоў міласэрная і доўгацярплівая, ніколі не зайздросціць і не ўзвышаецца, не ганарыцца і не шукае свайго, не раздражняецца і не думае зла, не цешыцца няпраўдзе, а радуецца з праўды, усяму верыць і заўсёды спадзяецца, усё пераносіць. Любоў ніколі не перастае… (пар. 1 Кар 13).
Сям’я – гэта важны дар у жыцці кожнага чалавека, бо што атрымаў у дзяцінстве, з тым і пойдзеш у свет. Такое святло ці цемру будзеш перадаваць далей, іншым людзям, якія будуць цябе акружаць. А кожны з нас з’яўляецца надзеяй і прыгажосцю ў жыцці бліжняга.
Любячая сям’я патрэбная, перш за ўсё, дзецям, каб не сышлі на дрэнную дарогу і атрымалі годнае выхаванне, напоўненае добразычлівасцю, праўдай, любоўю, пашанай і адказнасцю. Кожная сям’я нясе адказнасць за новага чалавека, за яго сэрца. А бацькоўская любоў – гэта першая матрыца любові. Атрымаўшы добрую навуку ў дзяцінстве, чалавек здольны будаваць прыгожыя эмацыянальныя сувязі. Таму сямейны дом павінен заўсёды быць прытулкам і аазісам цяпла.
Аднак сям’я выконвае не толькі эмацыянальную функцыю, але таксама матэрыяльную і выхаваўчую. Яна нясе адказнасць за будучыню. Усё пачынаецца з чалавечага сэрца, з якога выходзіць дабро і зло, любоў і крыўда, умацаванне сям’і і яе распад. У той жа час кожная сям’я з’яўляецца вялікім сэрцам.
Сучасная сям’я – штосьці новае ў параўнанні з нашымі продкамі. Можна сказаць, што гэта хуткасны цягнік, які імчыць без прыпынкаў, экспрэсам. Але куды? Чалавека, перад якім сёння стаіць мноства задач, прымушаюць жыць у шалёным тэмпе. Узбуджаны і ўцягнуты ў гэты рытм, ён забываецца, што так пралятае і яго жыццё. А таму забываецца пра час, дадзены на сумесныя сямейныя гутаркі і адпачынак.
Аднак пераважная большасць сем’яў “функцыянуе” няправільна. Жывучы разам у адным доме, часам сем’і (як сужэнцы, так і дзеці) бываюць няшчаснымі, як бы “далёкімі людзьмі”. Магчыма, ад разводу ўтрымліваюць толькі дзеці, а каханне і пашана паміж сужэнцамі дзесьці зніклі. У будучыні гэта прыводзіць да парушэння ўсёй сямейнай сістэмы, а таксама пакідае след у выхаванні дзіцяці: праблемы ў школе, сацыяльная непрыстасаванасць, злачыннасць, алкагалізм, наркаманія, аборты і іншае. Аднак асноўнай праблемай, якая нішчыць сем’і і дзяцей, з’яўляецца адсутнасць духоўнасці ў сучаснай сям’і.
Цёплыя адносіны і гармонію ў сям’і можна пабудаваць толькі на моцным падмурку. Аснова кожнай хрысціянскай сям’і пачынаецца з паклікання кахаючых сэрцаў да шлюбу. Дзякуючы яму сямейныя адносіны развіваюцца ў сардэчных пачуццях і любові, што таксама дапамагае ва ўдасканаленні сям’і і выхаванні дзяцей. Толькі духоўнасць у сям’і можа паўплываць на будучыню нашага грамадства і Касцёла.
У сваім пастырскім лісце на сёлетні Вялікі пост біскуп Аляксандр Кашкевіч падкрэслівае: “Сам чалавек не можа спасцігнуць сваё сэрца. Ён не заўсёды можа самастойна зразумець тое, што там адбываецца. А гэта важна, бо менавіта сэрца кіруе нашым жыццём. Таму тут патрэбна дапамога з вышыняў”.
Каралева нашых сем’яў, якая з’яўляецца апякункай кожнага сямейнага сэрца, рознымі спосабамі стараецца дапамагчы, падлячыць ці падняць з глыбіні кожную сям’ю, якая звяртаецца да Яе за дапамогай. Так захацеў Бог, каб кожная сям’я была пад апекай Маці Тракельскай. Вылечаная і здаровая, шчаслівая і любячая сям’я ўпрыгожвае нашае сучаснае і будучае жыццё, бо ў глыбіні кожнага сямейнага сэрца будуецца, умацоўваецца і пашыраецца Касцёл. Як падкрэслівае Папа Францішак, “Касцёл без Марыі – гэта прытулак для сіротаў. Ён пашыраецца дзякуючы сваёй прывабнасці, а не празелітызму, таму неабходна пераканаўчае сведчанне веры”.
Марыя, Каралева нашых сем’яў, аб’яднай нашы сэрцы і сем’і!
Кс. канонік Юрый Бяганскі