У дзень св. Валянціна, які з’яўляецца заступнікам нарачоных, наша вока цешаць радасныя парачкі, а слых – іх прызнанні ва ўзаемным каханні. Аднак ці ўсведамляюць маладыя людзі, што такое любоў? Ці здольныя захаваць настрой “валянцінак” цягам жыцця? І ці атрымліваецца ў Касцёла сёння перадаць спадчыну святога біскупа маладому пакаленню.
Пра падрыхтоўку маладзёнаў да прыняцця сакраманту шлюбу паразмаўлялі з а. Сяргеем Трысценем OCD, дырэктарам і выкладчыкам “Школы сямейнага жыцця” ў Мінску.
– Калі гаворка ідзе пра абранне жыццёвага шляху, мы часта кажам пра Божы Провід. Як Вы лічыце, ці мае месца Божы Провід пры абранні сужэнца або сужонкі? Ці можна ў гэтай сітуацыі распазнаць голас Бога?
– Мая канцэпыя такая: чалавек мае адно пакліканне – да святасці. Да яе заклікае Бог. Усё іншае – гэта шляхі, якія асоба выкарыстоўвае, каб дасягнуць гэтай святасці. Існуе вялікая спакуса спіхнуць усю адказнасць на Госпада, сцвярджаючы, што ва ўсім ёсць Яго Провід. Мы маем вольную волю, і пра гэта трэба памятаць. Зразумела, Бог пасылае нам розных людзей, дапускае пэўныя сітуацыі. Аднак канчатковы выбар кожны робіць самастойна. І сам нясе адказнасць за наступствы.
– Чым, на Вашую думку, з’яўляецца закаханасць? Калі ёй варта кіравацца?
– Чуў такі выраз: “Калі двое людзей глядзяць адзін на аднаго – гэта закаханасць. Калі абодва глядзяць у адным напрамку – гэта каханне”. Закаханасць не з’яўляецца каханнем. Гэта эмоцыя, якая можа быць першым крокам ва ўступленне ў адносіны. У сваю чаргу каханне – гэта стан, у якім чалавек кіруецца не толькі эмацыянальнасцю, але і розумам. Стан, у якім чалавек усведамляе, што адбываецца, і нясе адказнасць за гэта.
Іншымі словамі, закаханасць – гэта адчуванне, кіруючыся якім, можна пабудаваць як благі, так і добры саюз.
– Калі казаць пра сужэнскі курс, які праходзяць маладыя людзі пры парафіях, яго звычайна выкладаюць мясцовыя святары. Як лічыце, ці дастаткова адукацыі, якую атрымліваюць духоўныя асобы, каб падрыхтаваць хлопцаў і дзяўчат да свядомага прыняцця сакраманту?
– На маю думку, пры парафіях нашага Касцёла сапраўды не хапае той фармацыі, якая можа годна падрыхтаваць маладых людзей да прыняцця сакраманту шлюбу. І сапраўды духавенства недастаткова кампетэнтнае ў гэтай справе. У семінарыях інфармацыя адносна жыцця ў сужэнстве падаецца павярхоўна. У сваю чаргу падчас курса самі духоўныя асобы могуць свядома абмінаць пэўныя пункты з-за сарамлівасці або невуцтва. Калі, напрыклад, распавядаць пра метады распазнання фертыльнасці або пра палавыя акты, то ёсць інфармацыя, якую можна падаць агульна, але ёсць і шмат момантаў, пра якія трэба казаць вельмі канкрэтна. А гэтага не адбываецца.
– Якія яшчэ бачыце прабелы ў парафіяльнай сістэме сужэнскага курса?
– Як я ўжо казаў, некампетэнтнасць выклачыкаў курса. Аднак тут гаворка ідзе не толькі пра духавенства, але і пра свецкіх асоб. У беларускім Касцёле ёсць адмысловыя ўстановы, якія рыхтуюць спецыялістаў: “Школа сямейнага жыцця” ў Мінску, курсы сямейнага жыцця ў Гродне і Лідзе, курс для сямейных кансультантаў у Каталіцкім каледжы ў Баранавічах. Аднак, мне здаецца, туды звяртаецца недастатковая колькасць і духоўных, і свецкіх асоб.
Іншая праблема – гэта ўвогуле слабая рэлігійная і духоўная падрыхтоўка людзей у нашай краіне. Таму, калі маладзёны прыходзяць на сужэнскі курс, яны, хутчэй за ўсё, проста слухаюць тэмы катэхезы: пра запаведзі, пра споведзь і г. д. Бо ўявіце: большасць хлопцаў і дзяўчат заканчваюць сваю рэлігійную фармацыю пасля сакраманту канфірмацыі, у 13-14 гадоў. Сярэдні ўзрост тых, хто прымае сакрамант шлюбу – 25. За дзесятак гадоў з’яўляецца іншае разуменне Бога, іншае разуменне грахоў. І падчас дашлюбнай падрыхтоўкі выкладчыкі вымушаны сканцэнтраваць увагу на тым, што маладзёны ўжо некалі чулі. Але распавесці гэта іншымі словамі.
Частка з кандыдатаў – праваслаўныя, якія пераходзяць на каталіцызм, альбо асобы, якія зусім не маюць рэлігійнай фармацыі. У такім выпадку сужэнскі курс пераўтвараецца ў падрыхтоўку да жыцця ў супольнасці Касцёла. Дзеля гэтага трэба рабіць асобныя заняткі, але, на жаль, часта ў маладзёнаў на гэта няма часу.
Вось так і атрымліваецца: нібы сужэнскі курс, а самае галоўнае ўпускаецца.
– З якой базай павінны выходзіць маладзёны пасля сужэнскага курса?
– Тут не трэба прыдумляць веласіпед. У нас пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ёсць Рада па справах сям’і. І яна выдала адпаведны дакумент – “Душпастырства сем’яў. Рэкамендацыі”. Пасля распрацавала цыкл катэхез для нарачоных для ўсіх парафій Касцёла нашай краіны. Іх можна знайсці ў кнізе “Пакліканыя да любові” – усяго 10 тэм. Гэты матэрыял дазваляе маладым людзям, якія плануюць заключыць сужэнскі саюз, атрымаць неабходныя веды пра хрысціянскую сям’ю і падрыхтавацца да сакраманту. На жаль, святары рэдка карыстаюцца гэтым падручнікам, канцэнтруючы ўвагу на багаслоўскіх тэмах. Узгаданы падручнік ахоплівае вельмі шырокую тэматыку, між іншым: этапы развіцця любові, тэалогію сужэнства і сям’і, годнасць чалавечай асобы, адказнае бацькоўства, а таксама пагрозы для сужэнства, сям’і і выхавання.
а. Сяргей Трысцень OCD, дырэктар і выкладчык “Школы сямейнага жыцця” ў Мінску
– Значная частка нарачоных, што праходзяць дашлюбны курс, не кіравалася і не збіраецца кіравацца пастулатамі Касцёла адносна сексуальнасці. Калі разважаць, прыняўшы гэтае сцверджанне, якую карысць яны ўсё роўна могуць вынесці са згаданай тэмы?
– Кожны хрысціянін ведае Божыя запаведзі, але гэта не засцерагае яго ад іх парушэння. Пазнанне норм каталіцкай маральнасці і сексуальнасці дапамагае правільна фарміраваць сваё сумленне. Праз адкрыванне праўды мы працягваем працаваць над сумленнем. І нават калі чалавек не мае жадання або волі, каб прытрымлівацца пэўных прынцыпаў, то, спасцігаючы іх, бярэ на сябе свядомую адказнасць за свае паводзіны.
– Што выклікае найбольшую цікавасць у маладзёнаў падчас сапраўды тэматычнага сужэнскага курса?
– З майго досведу камунікавання з выкладчыкамі, якія праводзяць курс, маладых людзей цікавіць усё. Яны “робяць вялікія вочы”, калі чуюць і пра зло, і пра кантрацэпцыю, і пра натуральныя метады распазнання плоднасці. Нават студэнты медыкі часта ніколі не чулі пра натуральны метад планавання сям’і. Ён дапамагае не толькі планаваць цяжарнасць, але і сачыць за здароўем жанчыны. Карысны з усіх пунктаў гледжання! Цікавяць таксама цяжкасці, з якімі можна сутыкнуцца ў сужэнстве. Асабліва калі выкладчыкі дзеляцца прыкладамі з уласнага сямейнага жыцця – катэхезы-сведчанні.
– Згодна з данымі суда Гродзенскай дыяцэзіі, на цяперашні момант прынята да разгледжання 61 справа аб прызнанні шлюбу несапраўдным. У сваю чаргу пададзеных заяў у пару разоў больш. Чаму прысяга перад Госпадам не стрымлівае людзей ад таго, каб разысціся?
– Прыняцце сакраманту шлюбу яшчэ не з’яўляецца гарантыяй добрага сужэнства. Людзі будуюць сем’і – кожны са сваім жыццёвым досведам. Часам завязваюць сужэнскія адносіны, не пазнаўшы добра адзін аднаго. Да таго ж хрысціянства не робіць нас бязгрэшнымі. Мы ўсё роўна застаёмся са сваімі слабасцямі. І часта менавіта грэх з’яўляецца прычынай распаду сям’і. Праца над сабой і над сужэнствам не заканчваецца з момантам прыняцця сакраманту. Яна павінна працягвацца ўсё жыццё, а яе падмуркам павінен быць Бог.
– Як можна надалей адукаваць сябе ў сферы сужэнскай сталасці?
– У Касцёле ў Беларусі ёсць дастаткова спосабаў і магчымасцей, каб фарміраваць сябе ў сужэнскім жыцці. Асаблівая фармацыя даецца праз сакраманты. Затым – праз супольную малітву, супольны ўдзел у св. Імшы, чытанне разам Святога Пісання.
Існуюць таксама адмысловыя супольнасці, такія як, напрыклад, “Сужэнскі дыялог” або рух “Equipes Notre-Dam”, дзе муж і жонка могуць сталець побач або па прыкладзе іншых сем’яў. Ёсць рэкалекцыі, сімпозіумы, курсы, якія прапануе Рада па справах сям’і і дыяцэзіяльныя душпастырствы. Звычайна ўсе прапановы можна знайсці на партале Catholic.by і ў сацыяльных сетках.
І ў супольнасцях, і ў розных з’ездах можна ўдзельнічаць не толькі парай, але і паасобку. Бо, зразумела, навука разлічана, між іншым, на тых, хто мае праблемы ў сужэнстве.
Акрамя таго, каталіцкія выдавецтвы прапануюць неабходную літаратуру на гэтую тэматыку.
– Якое маеце бачанне сістэмы сужэнскіх курсаў Касцёла ў Беларусі, каб яна прыносіла большы плён?
– Па-першае, неабходна, каб выкладчыкі пры парафіях прытрымліваліся тых рэкамендацый, якія дае Рада па справах сям’і, прытрымліваліся тэматыкі прапанаваных ёю катэхез. Па-другое, каб мелі больш сур’ёзны падыход да маладых людзей. Прычым гэты пункт важны і ў адваротным напрамку, бо часта здараецца сітуацыя, калі нарачоныя прыходзяць да святара і ставяць перад фактам, што ў іх праз 2 тыдні шлюб. Гэтага часу на падрыхтоўку надта мала, хадзіць штодня яны таксама не маюць магчымасці, у выніку робяць ласку, падпісваючы пратакол. Таму вельмі важная адкрытасць нарачоных на фармацыю, іх свядомае стаўленне да сужэнства.
Ведаю, што на дадзены момант існуе сэнсоўная падрыхтоўка да сужэнства ў большасці парафій Мінска. Калі пры сваёй парафіі няма такіх курсаў, то пры жаданні і з ведама пробашча можна прайсці іх у іншым месцы і там атрымаць пасведчанне, а пасля ваш пробашч аформіць усе неабходныя для прыняцця сакраманту шлюбу дакументы.
– Што з’яўляецца залогам шчаслівага сужэнства?
– Бог дае чалавеку ў рукі ўсе прылады для шчасця. І тое, што мы з імі зробім, і будзе залогам дабрабыту. Ісці шляхам, які вядзе да святасці – і ёсць сапраўднае шчасце.
Паводле "Слова Жыцця", Ангеліна Марцішэўская