Чым старэйшыя мы становімся, тым больш крыўд і здрад маем за плячамі. Чым сталейшыя мы ў веры, тым лягчэй прабачаем. “Тады Пётр падышоў да Езуса і сказаў Яму: «Пане, калі мой брат зграшыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў?». Езус адказаў яму: «Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў»” (Мц 18, 21–22).
З уласнага вопыту
Ёсць людзі, якім лёгка ўдаецца прабачаць. Іншыя доўга памятаюць учыненую крыўду, не знаходзячы сіл пагадзіцца з гэтай ранай. Кожны з нас асаблівы і ўспрымае свет па-рознаму. “Калі б кожны меў тое ж самае, ніхто нікому не быў бы патрэбны”, – пісаў кс. Ян Твардоўскі ў вершы “Справядлівасць”. Прабачэнне таксама з’яўляецца індывідуальнай справай, самай асабістай з магчымых.
Сёння хачу падзяліцца ўласным вопытам. Можа, мне не так шмат гадоў, можа, яшчэ многае наперадзе, можа, нават не маю паняцця, што такое сапраўдная здрада...
Аднак за сваё жыццё я атрымала ўжо не адну сур’ёзную рану. Некаторыя загаіліся самі, некаторыя ўсё яшчэ баляць. Над залечваннем адной з іх мусіла дастаткова напрацавацца, каб цяпер – усё ж такі яшчэ няўпэўнена – сказаць: “Дарую. Ад усяго сэрца табе дарую”. Хацелася б расказаць пра сваё цяжкае падарожжа да прабачэння, каб на асабістым прыкладзе пераканаць, што часам для гэтага неабходна вельмі шмат часу, веры, цярплівасці і… яшчэ аднаго кампанента, пра які скажу трохі пазней.
Гэты працэс трываў каля 8-мі гадоў... І прызнаюся, што лёгка не было. Калі чалавека не бачыш, не думаеш пра яго – усё добра. Аднак дастаткова было пачуць яго імя, станоўчыя меркаванні пра яго – і ў сэрцы адразу нараджаліся злосць, пагарда, агіда. Жаданне крыкнуць на ўвесь свет, што ён не такі цудоўны, як пра яго гавораць, было мацнейшым, чым здаровы сэнс. А што адбывалася са мной, калі выпадкова сустракала гэтага чалавека. І ўжо не мела магчымасці схавацца, пазбегнуць погляду. Часам я рашалася на халоднае прывітанне, часам адварочвалася ў іншы бок, быццам не заўважыла, быццам нешта іншае прыцягнула маю ўвагу. Я добра разумела, што гэтае пачуццё атручвае маю душу, аднак не давала сабе рады. Плыла па цячэнні, спадзеючыся, што час прыглушыць боль, сатрэ ўспаміны, суцішыць непрыязь.
Міналі гады, але ўсё заставалася без змен. Як хрысціянка я ўсведамляла, што раблю дрэнна. Хацела прабачыць дзеля праўды, якой вучыў Хрыстос, і разам з тым баялася, бо дараваць віну азначала зноў адкрыцца на раны.
Некаторыя святары раілі маліцца за гэтую асобу. Хіба не трэба тлумачыць, як цяжка мне давалася нават адно хуткае “Вітай, Марыя” ў дадзенай інтэнцыі. Аднак, нягледзячы на нежаданне, часам я рашалася на такі патрабавальны для мяне ўчынак. Пакуль нарэшце не ўзялася за гэта сур’ёзна. Я сапраўды вырашыла дараваць і пачала шчыра маліцца. Хоць усё яшчэ не верыла, што змагу, бо ўжо столькі мела няўдалых спроб.
Не памятаю дакладна, колькі мінула часу. Аднак калі я ў чарговы раз убачыла гэтага чалавека, адчула палёгку. У маім сэрцы ўжо не кіпела злосць, панавалі хутчэй спакой і лагоднасць. Я разумела, што нарэшце магу адважыцца на зычлівасць да яго, што ўжо ім не пагарджаю. Што нарэшце прабачыла.
Шлях, высланы пялёсткамі любові
Пасля глыбокіх ран застаюцца шрамы, якія часам могуць турбаваць, нават калі даўно загаіліся. Так адбываецца не толькі з целам, але і з душой.
Не трэба баяцца, што надалей баліць, што, можа, надалей штосьці ные ўнутры, калі чую пра гэтую асобу, калі сустракаю яе. Усяму свой час.
Часта на катэхезе, казаннях, рэкалекцыях я чула аб тым, што прабачэнне – гэта працэс, першым крокам якога з’яўляецца наша свядомая пастанова прабачыць. Нават не жаданне, а пастанова. Адважваючыся на дараванне крыўды бліжняму, можна ўсё яшчэ гэтага не хацець. Я не хацела. На працягу некалькіх гадоў аднаўляла сваю пастанову, аднак не магла распаліць жаданне. Баялася, бо ведала, што мяне могуць зноў пакрыўдзіць.
Толькі пасля я ўсвядоміла, што ў гэтай справе патрэбна любоў, бо менавіта яна залечвае нават самыя глыбокія раны. А “ў любові няма страху, але дасканалая любоў праганяе страх, бо страх ёсць з-за боязі перад пакараннем; хто баіцца, той недасканалы ў любові ” (параўн. 1 Ян 4, 18).
Той, хто не любіць, не можа прабачыць. А палюбіць – значыць перастаць баяцца і адкрыцца на любоў, нягледзячы на рызыку зноў быць параненым.
Любоў вядзе да дасканаласці, г. зн. да святасці. Любоў, якая цярплівая і міласэрная; любоў, якая не пыхлівая і не гневаецца; любоў, якая ўсё зносіць, не памятае зла і ніколі не мінае (параўн. 1 Кар 13, 4–8).
Мне не хапала любові. І ўсё яшчэ не хапае, але я ведаю, у Каго яе дастаткова. У Хрыста, якога за аздараўленні ад хвароб прыбілі да крыжа. У Хрыста, якога за праўду збілі.
У Хрыста, якога за міласэрнасць высмеялі. У Хрыста, якому за любоў здрадзілі. Хрыстос з’яўляецца непахісным узорам таго, як трэба прабачаць. Заўсёды, калі Табе цяжка, паглядзі на крыж. Прыгадай, што зрабіў наш Пан для збаўлення чалавека, які не здолеў адказаць любоўю на любоў. Усвядом веліч Яго прабачэння. Памятай, што Ты таксама кагосьці пакрыўдзіў у жыцці, што і Табе хтосьці мусіў дараваць. “Якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана” (Мк 4, 24). Дык давайце будзем міласэрнымі. Давайце імкнуцца да прабачэння не 7, а ажно 77 разоў.
Дар'я Мацвеева, паводле "Слова Жыцця"