Свет сёння – адна вялікая, глабальная сям’я. Інфармацыйныя плыні ў імгненне аб’ядноўваюць людзей з усяго свету. Кожны дзень мы чуем пра трагедыі, якія здараюцца як з асобнымі людзьмі, так і з цэлымі народамі. Звычайна на трагедыі, што здараюцца ў свеце, мы рэагуем з пэўнай дыстанцыяй. Можа, калі мы сядзім у мяккім крэсле перад сваім тэлевізарам, гэтыя падзеі і выклікаюць у нашай душы спачуванне, але часцей за ўсё мы застаёмся абыякавымі. І толькі трагедыі ў жыцці самых блізкіх людзей узбуджаюць сапраўднае шчырае спачуванне.
Жыццё з Богам у свеце патрабуе гэтага таленту – спачування. Калі ў Далай-ламы XIV Тэнцзіна Г’ямцхо спыталі пра самую істотную каштоўнасць, якой больш за ўсё патрабуе сучасны свет, ён адказаў без ваганняў: спачуванне.
“Спачуванне – гэта сутнасць прыроды чалавека як асобы, таму можам сказаць, што чалавек па сваёй прыродзе спагадлівы” (Леанарда Бофф).
У буддызме спачуванне з’яўляецца адной з найвялікшых цнотаў і адным з найважнейшых вынікаў жыццёвага вопыту. У той час, калі аскетызм дазваляе вызваліцца ад пакутаў свету, прычынай якіх становяцца розныя формы прывязак, спачуванне дае нам пачуццё адказнасці за гэты свет. Спачуванне – гэта не толькі сентыментальнае ці пабожнае пачуцце, якое нараджаецца з разумення цярпенняў іншых людзей. Хутчэй гэта талент дзяліцца з іншымі сваімі пачуццямі. Вынікам чаго становяцца дзеянні.
Спачуванне патрабуе ўстрымання свайго я, парамогі над эгаізмам, нарцысізмам і пыхай. Патрабуе выхаду са сваёй зоны камфорту, каб трапіць у свет іншай асобы, радавацца яе радасцю, цярпець разам з ёю, быць побач і дапамагаць у цяжкія хвіліны. Спачуванне нараджаецца з міласэрнай любові.
Св. Марк, апісваючы адносіны Езуса да тых, хто жыве ў нястачы, выкарыстоўвае выраз “змілаваўся над імі” ці “спачуў ім”. Слова “спачуванне” не з’яўляецца ў гэтым выпадку зневажальным. Яно азначае: “Яго кранула”, альбо яшчэ мацней “узрушылася, узбурылася Яго Сэрца”. Слова гэтае адносіцца да “матчынага лона”, да матчынай любові, да таго, што ўнутры. Езус любіў як маці, цалкам безумоўна, спачуваў людзям, якія жывуць ў нястачы, размаўляў з імі, навучаў, вылечваў, карміў, адпавядаў на іх чаканні. Дзяліўся не толькі ежай, але таксама словам, сваім часам, Сабою. Бог у Езусе – гэта Бог спагадлівы, Бог, які пакутуе разам з людзьмі, каторыя гэтага патрабуюць. Сутнасцю спачування з’яўляецца ўменне адвярнуцца ад сябе, ад свайго Я, каб звярнуцца да другога чалавека, да другога Ты. Найбольш трапна выражае гэта прыпавесць пра міласэрнага Самарыцяніна (Лк 10, 30-37). Адзін чалавек быў моцна паранены рабаўнікамі, якія абрабавалі яго цалкам, пакалечылі і пакінулі. Яго пазбавілі самапавагі і ледзь не адабралі ў яго жыццё.
Перад гэтай сітуацыяй былі пастаўленыя святар і лявіта, якія ішлі па той жа дарозе. Святар і лявіта сутыкнуліся з дылемай. Чалавек напаўмёртвы. Калі б ён памёр, пакуль яму аказваюць дапамогу, у адпаведнасці з законам, яны былі б сказныя на кляймо нячыстасці. Сутыкнуўшыся з гэтай дылемай, яны тлумачаць закон на сваю карысць. Не забрудзіўшы рукі скрупулёзна выконваюць закон і пакідаюць чалавека без дапамогі.
З той жа сітуацыяй сутыкаецца Самарыцянін. Аднак ён ламае сцяну свайго сумневу. Не думае пра сябе, сваю чыстасць ці нячыстасць. Штосьці варухнулася ўнутры, у яго сэрцы, праз яго спачуванне і міласэрнасць. Ён падыходзтць да раненага, абвязавае яго раны, пакрывае маслам і віном. Гэта жэсты, якія выражаюць клопат. Але найважнейшы жыст першы – разбурэнне мураў свайго эгаізму. Астатняе прыходзіць само па себе. Адзін высакародны ўчынак нараджае наступны. Самарыцянін не толькі сам бярэ ўдзел у дапамозе беднаму чалавеку, але прыцягвае да дапамогі іншых.
А мараль прыпавесці ўражвае. Бліжні – гэта не пабіты чалавек, які сутыкнуўся з няшчасцем, таксама не лявіта і не святар. Бліжні – гэта сам Самарыцянін, чалавак, які стаўся самым блізкім патрабуючаму. Кожны становіцца бліжнім, калі ўмее спачуваць, калі набліжаецца да таго, хто знаходзіцца ў патрэбе.
Айцы Касцёла інтэрпрэтуюць прыпавесць сімвалічна. Міласэрны Самарыцянін – гэта сам Езус, які вылечвае раны кожнага патрабуючага, збалелага чалавека, а потым бярэ его на Свае плечы і нясе Сам, як добры пастыр параненую авечку.
Браць прыклад з Езуса Добрага Самарыцяніна азначае мець літасць і спачуванне, пакрываць чалавечыя раны маслам і віном любові, браць бліжняга на плечы і несці яго. Аднак Бог не патрабуе, каб мы займаліся бліжнімі безупынна і цягнулі непасільны цажар. Мы павінны толькі давесці яго да найбліжэйшага прытулку.
Бо спачуванне – гэта дарога за збаўлення і крытэрый вечнага жыцця.
Паводле deon.pl
Пераклад Вольга Пінкевіч