Калі я вучылася ў сярэдняй школе, плётка была нашай любімай забавай. Часам гэта было нават больш важна для нас, чым трохвугольнік "Guess" на штанах ці "найк свош" на падэшве абутку.
Мне і маім сяброўкам "пашанцавала". Мы дасягнулі вялікага мастацтва ў "распаўсюджванні" чутак. Мы былі заўзятымі збіральніцамі ўсякай інфармацыі - добрай, дрэннай, сумнай. Так як наша "групоўка" заўсёды і ва ўсім хацела быць першай, мы разумелі, наколькі важна для нас раней за іншых пазнаваць і перадаваць самую цікавую і пікантную інфармацыю:
"Ты чула, хто запрасіў яе танцаваць?"
"Ты чула, што ён зладзіў такую вечарыну, што давялося выклікаць паліцыю?"
"Ты чула, што яе бацькі разводзяцца"?
Такім чынам, амаль кожны дзень мы пры дрыготкім святле кафетэрыя станавіліся " цэнтрам першых навін". У нас быў сапраўдны талент падчас кожнага "перакусу" балбатаць, пляткарыць, перамываць іншым костачкі. Плёткі сталі нейкай перакручанай формай "пазалекцыйнай актыўнасці", на якой было пабудаванае нашае сяброўства.
Ішлі гады, і мы сталі аперыраваць больш пікантнай інфармацыяй. З дапамогай цэлай "сістэмы чутак" мы атрымлівалі такую "інфармацыю", што шмат каму маглі разбурыць рэпутацыю.
Але мы не думалі пра гэта. Што дрэннага, калі дзяўчынкі трохі папляткуюць у вольны час? Мы лічылі гэта проста забавай. Гэты грэх здаецца спачатку такім нявінным - як кожнае свавольства "на ўзроўні" сярэдняй школы. І вы не адразу заўважаеце, што пачынаеце соваць нос у жыццё сваіх сваякоў, супрацоўнікаў, сяброў, проста знаёмых і нават незнаёмых.
"Яна не перадумала выходзіць замуж за свайго выбранніка?"
"Яна сапраўды гатовая мець зараз дзіця?"
"Як яго кар'ера не перашкаджае яго сямейнаму шчасцю?"
Плёткі ўсё больш зацягваюць нас. Мы пачынаем абмяркоўваць жыццё дарагіх нам людзей - "вышукваем" надуманыя праблемы і гаворым аб тых рэчах, якія на самой справе не адлюстроўваюць рэчаіснасці і зусім нас не датычаць.
Я не разумела гэтага, пакуль сама не стала ахвярай плёткі, калі падчас адной тэлефоннай размовы з сяброўкай мне раптам адкрылася, што я і маё асабістае жыццё таксама сталі прадметам усеагульнага абмеркавання.
"Табе не здаецца, што ты занадта залежыш ад свайго хлопца?" - спытала мяне мая лепшая сяброўка.
Я толькі заморгала вачыма - Ці не памылілася я?
"Гэта зусім не так, - здзіўенна прамармытала я. - Калі я ад нечага і залежная, то ад сваёй звычкі ва ўсіх сваіх адносінах з людзьмі быць інтрыганткай".
Словы сяброўкі, якая жадала "дапамагчы мне пазбавіцца ад празмернай залежнасці ад майго хлопца", цалкам супярэчылі таму, што на самой справе адбывалася са мною. У мяне была зусім іншая праблема. Калі б сяброўка спытала мяне пра мае цяжкасці, я б сказала ёй, што ў мяне "наогул праблема" ў наладжванні глыбокіх ўзаемаадносін з людзьмі. Я б сказала, што так доўга змагалася за сваю незалежнасць, што ўжо забылася, як па-сапраўднаму любіць іншых - сваіх сяброў, сваю сям'ю, у тым ліку і парафіяльную сям'ю.
У той момант мне стала ясна: маё жыццё ацэньваюць. І ацэньваюць зусім неаб'ектыўна. Дзесьці ўзнік ланцужок плёткі, і на гэты раз ён з'явіўся ў выніку нейкіх МАІХ дзеянняў, рашэнняў, учынкаў. У мяне было такое пачуццё, нібы за маёй спіной наладзілі судзілішча, у якім мяне абвінавачваюць у тым, чаго я не рабіла. Гэта маё "злачынства" існавала толькі ва ўяўленні тых, хто пляткарыў пра мяне па тэлефоне.
На шчасце, я ведала, што пачутае выходзіла з кахаючага сэрца, а не ад асобы, якая проста хацела быць важнай дэталяй у "механізме плётак". Аднак той факт, што плётку я пачула ад чалавека, якому цалкам давярала, не проста балюча кальнуў мяне, але прымусіў зрабіць пераацэнку ўсяго майго жыцця, прымусіў па-іншаму зірнуць на тое, што я лічыла цалкам біблейскім і хрысціянскім. Адно бесцырымоннае пытанне, адзін невялікі слых, адна іскра плётак - і ўзнік пажар у маім жыцці, які мне давялося тушыць некалькі тыдняў.
Часам мне здаецца, што плёткі настолькі ўпляліся ў нашае жыццё, нашае сяброўства, нашыя адносіны, што мы ўжо перасталі іх заўважаць. Таму што нават цяпер я не заўсёды ўпэўненая, калі заканчваецца "нармальная" гутарка і пачынаецца непатрэбная, шкодная балбатня.
Цяпер, сама апынуўшыся ахвярай "ўсеагульнага агляду", я вырашыла зрабіць усё магчымае, каб вырваць з коранем грахоўны куколь плётак – няхай высахне і звяне! Я вырашыла не падтрымліваць плёткі, якія так незаўважна ўпаўзаюць ў нашае жыццё, становячыся звычайнай з'явай.
Я была заўзятай Пляткаркай. Цяпер жа хачу, каб усе чуткі, якія я ведаю, "паміралі ўва мне", не распаўсюджваючыся далей.
Па матэрыялах iBelive