Мы часта настолькі захоплены малюнкамі ды гісторыямі ў глянцавых часопісах, што забываем пра сябе. Забываем, што вобраз «паспяховага чалавека», які нам навязваюць, ужо быў прапанаваны ў Евангеллі. Д'яблам! Успомніце гісторыю аб спакушэнні Хрыста ў пустыні.
Размову пра грэх зайздрасці на старонках «Правамира» працягвае протаіерэй Андрэй Ткачоў.
Зайздрасць
Што гэта такое?
Наколькі мы схільныя да яе?
Наколькі мы ўпісаны ў кантэкст сусветнай гісторыі?
З зайздрасцю д'ябла ў свет прыйшлі зло і грэх. Зайздрасць схіліла Кайна да першага забойства. Яна суправаджае многія знакавыя этапы нашага жыцця. Мы жывём ў такім свеце, а таму наўрад ці абсалютна свабодныя ад яе. Аднак, мы можам прызнаваць яе за сабой ці не, дзяліць на белую і чорную...
А яшчэ ёсць такая цікавая рэч як «гісторыі поспеху». Яны значна адрозніваюцца ад серыі «Жыццё выдатных людзей». У гісторыях гэтай серыі абавязкова ёсць смерць. Апошняя глава любой з такіх кніг аповед аб апошніх момантах жыцця, месцы пахавання і памяці аб чалавеку. «Гісторыі поспеху» маўчаць аб канцы зямнога шляху любога са сваіх герояў. Там ёсць нешта аб «нараджэнні», шмат «аб сабе», «што я люблю на снеданне», «дзе я люблю адпачываць», «аб чым я вам ніколі не скажу», і ўсмешка на фоне нейкага інтэр'еру...У выніку мы ўсе мяркуем, што жыццё павінна быць менавіта такім, што пакуль цябе не паказалі на тэлебачанні, то цябе нібы і на свеце няма. Гэта стымулюе агульнае імкненне праславіцца – у большай меры здавацца, чым быць. Агульным дэвізам становяцца словы «спяшайцеся жыць». І трэба шмат усяго...
Помніце, як д'ябал паказаў Хрысту ў пустыні ўсе царства свету і сказаў: «Пакланіся мне – і усё гэта стане тваім!»? Так і нам паказваюць у імгненне вока і курорты, і замкі, і яхты, і то, і гэта... «З'еш», «паглядзі», «апрані», «паспрабуй» - гучаць з усіх бакоў...Тут нават самы памяркоўны пачне панікаваць: «Жыццё праходзіць – а я...ні славы, ні багацця». Дух цывілізацыі пабуджае ў нас жаданне хуткага поспеху. Мы ўсе не супраць стаць каліфамі на гадзіну, нават калі пасля і згінем без усякага следу.
Наогул жа ёсць вельмі каштоўны запавет, які гучыць: «Зразумей свой час!». Гэта значыць, што трэба добра разумець адмоўнае і станоўчае навокал сябе. А затым рабіць правільны выбар.
У чыстым выглядзе зайздрасць – гэта смутак па прычыне дабрабыту бліжніх, іх поспеху. А ў бытавым сэнсе – гэта пастаяннае жаданне таго, чаго у мяне няма. Пры гэтым не абавязкова жадаць зла таму, хто мае тое, што хочацца мець мне. Каб пазбавіцца зайздрасці ці хаця б паменшыць яе, трэба навучыцца чытаць чалавечае жыццё як скончаную поўную кнігу, а таксама помніць, што і ваша жыццё такая ж кніга – кніга з пачаткам, канцом і эпілогам...На якой старонцы вы зараз? Якім будзе фінал? Колькі вартасных момантаў на старонках? Любое жыццё – гэта твор, які чытае Бог, а пішам мы самі. І ніколі ён не будзе скарочаны да гісторыі з глянцавага часопісу. Параўноўвайце сябе толькі з тымі, чый хлеб здабыты працай; хто не баіцца спаць ноччу праз ворагаў; хто мае сяброў, нарадзіў і выхаваў дзяцей, дачакаўся ўнукаў; хто набліжаецца да сваіх сямідзесяці-васьмідзесяці год і ведае, што пасля ўсяго трэба сустрэцца з Богам.
Нікому не трэба зайздросціць. Цяжка пражыць сваё жыццё, калі хочаш пражыць чужое. А сапраўднае мастацтва – пражыць менавіта сваё. Гэтага я жадаю і сабе і вам.
Падрыхтавала Любоў Сетак