Skip to main content

Права на праўду: “лекарская тайна”або інфармаванае супрацоўніцтва

“Атачы хворага любоўю і разумным перакананнем, але галоўнае – пакінь яго ў недасведчанасці адносна таго, што яго чакае, і асабліва таго, што яму пагражае”, - рэкамендаваў сваім паслядоўнікам Гіпакрат, родапачынальнік медыцынскай навукі і заснавальнік галоўных прынцыпаў медычнай маралі. З гэтага пункту гледжання цалкам дастаткова, каб хворы толькі выконваў указанні і прызначэнні лекара і не быў абцяжараны веданнем пра магчымыя неспрыяльныя прагнозы (у тым ліку і пра смяротную небяспеку), якія пагаршаюць фізічны боль.

Падобны тып адносін “лекар–пацыент” найбольш часта сустракаўся ў часы Гіпакрата і сустракаецца да цяперашняга часу, і называецца патэрналізмам. Патэрналізм адрозніваўся прынцыпам абмежаванага інфармавання хворага. Лекар самастойна прымаў рашэнні ў вызначэнні метадаў лячэння. Ад пацыента пры гэтым нічога не залежала. Яго абавязкам з'яўлялася дысцыплінаванае выкананне прадпісанняў і прызначэнняў. Адкрыта ён мог толькі адмовіцца ад тэрапіі. Лекар граў ролю клапатлівага і аўтэрытэтнага бацькі, а пацыент - слабага і несвядомага дзіцяці, якому больш выгоднымі былі сюрпрызы, чым поўнае веданне сітуацыі. Становішча бацькі ў медыцыне заклала абсалютны давер да лекара. Па патэрналістычным сцвярджэнні, чым менш пацыент ведае, тым больш вялікі шанец мае яго тэрапія. У сувязі з гэтым мноства лекараў было супраць інфармавання пацыента аб характары цячэння хваробы і нават аб надыходзячай смерці, баючыся з'яўлення роспачы.

У цяперашні час існуюць псіхалагічныя, маральныя і прававыя перадумовы адкрытасці, сумленнасці і шчырасці ў паведамленні праўды хвораму.

Сярод галоўных правоў чалавека, такіх, як права на жыццё і працяг чалавечага роду, знаходзіцца права на праўду. Кажучы праўду, мы паважаем годнасць асобы. “Восьмая запаведзь забараняе фальсіфікаваць праўду ў адносінах з іншымі людзьмі” (ККЦ 2464), а таксама загадвае быць праўдзівым.

Што ж мы ўкладаем у паняцце праўды? Па класічным азначэнні, праўда - гэта пазнанне рэчаіснасці згодна з яе рэальным станам. У сучаснай трактоўцы праўда з'яўляецца носьбітам сэнсу рэальнасці. У клінічным выразе праўдай з'яўляецца пазнанне рэальнага стану хворага і сэнсу тэрапеўтычных уздзеянняў і барацьбы за жыццё чалавека.

Паняцце праўды блізкае да паняцця ісціны. Быць праўдзівым – азначае дзейнічаць добразычліва і сумленна. Гэта значыць быць цвёрдым, надзейным, годным даверу, шчырым. Ісціна азначае вернасць, бо менавіта вернасць пабуджае нас аказваць чалавеку давер. Праўда блізкая па значэнні да дабрадзейства, чалавекалюбства, міласэрнасці. Яна служыць дабру іншага чалавека. Не лішнім будзе нагадаць рускую народную прымаўку: ”У кім дабра няма, у тым і праўды мала”.

Няпраўда не патрэбна пацыенту, у якога ёсць права на інфармацыю і на падрыхтоўку да годнай смерці. Маральная атмасфера, якая складваецца вакол хворага ў сітуацыі хлусні, прыніжае і пацыента, і ўрача. Бо калі лекар на самай справе хоча, каб хворы не здагадваўся пра сваё наканаванне, ён павінен хлусіць і хлусіць як мага больш пераканаўча. Такія размовы з хворымі вымотваюць, патрабуюць максімальнага напружання і самааддачы, трэба зноў і зноў вяртацца да іх, шукаць новыя, больш пераканаўчыя аргументы, звяртацца да дапамогі калегаў. Лекар сёння павінен улічваць, што многія хворыя хочуць атрымаць больш поўныя і дэталёвыя звесткі аб сваім захворванні, карыстаюцца спецыяльнай літаратурай, крытычна ацэньваюць усё, што ім паведамляюць лекары. Не кажучы ўжо пра тое, што найбольш скурпулёзныя спрабуюць здабыць усімі праўдамі і няпраўдамі сваю "гісторыю хваробы" і атрымаць з яе неабходную інфармацыю.

Акрамя таго, хлусня, да якой звяртаюцца лекары, каб зберагчы пацыента ад дадатковых цяжкіх перажыванняў, практычна заўсёды распазнаецца. Рана ці позна любы хворы даведаецца пра дыягназ, які ад яго ўтойваюць. Як паказваюць даследаванні амерыканскіх псіхолагаў, нават дзеці дашкольнага ўзросту праз год лячэння з нагоды лейкозу больш ці менш дакладна ведаюць аб сваім дыягназе і прагнозе, які пагражае жыццю.

Распазнаная хлусня наносіць шкоду адносінам, сее недавер. Між тым давер неабходны для паспяховага лячэння. Яшчэ Гіпакрат прыйшоў да высновы, што "некаторыя хворыя, нягледзячы на ўсведамленне безвыходнасці, папраўляюцца толькі таму, што ўпэўненыя ў майстэрстве лекара”.

Разам з тым, калі хвораму ў патрэбны момант адкрываюць праўду, і ён прымае яе, яна аказвае станоўчае псіхалагічнае і духоўнае ўздзеянне як на самога хворага, так і на яго блізкіх. Узнікае больш даверу ў адносінах з роднымі, якім не даводзіцца рабіць выгляд, што ўсё ў парадку.

Заходнія медыкі на практыцы пераканаліся: як ні небяспечная для хворага жорсткая праўда, міласэрная хлусня можа нарабіць значна больш шкоды. Ілжывы або прыхаваны дыягназ можа заахвоціць хворага адмовіцца ад радыкальнага лячэння, якое магло б прывесці да поўнага вылечвання або падоўжыць жыццё на гады і дзесяцігоддзі. У такім выпадку ўтойванне дыягназу становіцца пагрозай жыццю пацыента і супярэчыць першай запаведзі медычнай этыкі –“не нашкодзь”. Толькі дакладная інфармацыя аб характары цячэння захворвання можа гарантаваць эфектыўнае лячэнне.

Утойваць праўду ад чалавека - значыць парушаць яго святое права прымаць самастойныя рашэнні. Праўда ўсталёўвае паміж лекарам і пацыентам адносіны супрацоўніцтва. Пацыент пачынае актыўна ўдзельнічаць у медыцынскіх прызначэннях і адказна ставіцца да лячэння, несці адказнасць за сваё жыццё. У выпадку смяротнай хваробы чалавек мае магчымасць скончыць справы, звязаныя са сваімі абавязкамі перад сям'ёй, працай, людзьмі свайго акружэння. У выпадку веруючага чалавека надыходзячая смерць накладвае абавязацельствы прымірыцца з Богам і бліжнім.

Прапаную інтэрв'ю з каардынатаркай групы падтрымання анкалагічна хворых, былой пацыенткай анколагаў Ірынай Жыхар, аб яе меркаванні ў дачыненні да паведамлення пацыентам сапраўднага дыягназу.

Беларуска, якая перамагла рак: Я думала, што больш ніколі не буду ўсміхацца

 

Караліна Буторына

Рэдагавана: 20 Студзеня 2016