На жаль, далёка не ўсе хваробы можна вылечыць. Але ці павінен пацыент ведаць, што яго дыягназ смяротны? Праблема інфармавання цяжка хворых і паміраючых пацыентаў у абрэальным стане іх здароўя шырока абмяркоўваецца на розных форумах, прысвечаных пытанням і праблемам медыцынскай этыкі.
Паводле Кодэкса дэанталогіі “лекар абавязаны прадастаўляць чалавеку, якога ён аглядае, лечыць ці якому дае парады, сумленную, ясную і дарэчную інфармацыю пра стан яго здароўя і аб прапанаваных яму даследаваннях і лячэнні. Аднак у інтарэсах хворага і на падставах, якія лекар вызначае па сумленні, хворы можа быць пакінуты ў няведанні адносна небяспечнага дыягназу або прагнозу, калі такая жорсткая навіна мае вялікую верагоднасць быць шкоднай і нават небяспечнай, у тым ліку і самаму ўстойліваму да няшчасця чалавеку. Выключэннем з'яўляюцца выпадкі, калі ўзнікла захворванне, якое падвяргае рызыцы заражэння іншых асоб”.
У адрозненне ад “заходняй”медыцыны, яшчэ зусім нядаўна ў нас ніколі не паведамлялі хвораму пра цяжкую хваробу. Лекары не толькі маглі, але і былі абавязаны ўтойваць ад пацыентаў праўду ў дачыненні да іх здароўя. Нават у дакументацыі дыягназ не пісалі цалкам, а кадзіравалі. З аднаго боку гэта матывавалася тым, што сцеражэцца псіхіка хворага чалавека. Лічылася, што страх смерці набліжае смерць, аслабляючы арганізм. Таму паведамленне сапраўднага дыягназу прыраўноўвалася да смяротнага прысуду. Яшчэ адным важным аргументам было меркаванне, што “страшны”дыягназ ўскладняе лячэнне, бо калі пацыент перакананы, што яму ўжо нішто не дапаможа, эфектыўнасць практычна любога лячэння прыкметна зніжаецца.
Але з іншага боку, чалавек мае права ведаць праўду пра свой стан. Медыцынская тайна не можа быць супраць хворага, яна ўсталёўвалася ў інтарэсах пацыентаў. Таму пытанне, што лепш – “хлусня ў выратаванне”, ці праўда пра смяротнае захворванне – застаецца актуальным.
Пытанне наконт дапушчальнасці і апраўдання хлусні ў такіх сітуацыях пакуль не вырашана канчаткова ні сярод лекараў, ні ў грамадстве ў цэлым.
“Вядома ж, хворы павінен ведаць пра смяротную хваробу”, – не сумняваецца большасць пацыентаў. Пагроза смерці робіць больш адказным стаўленне хворага да лячэння і рэкамендацый лекараў. У чалавека ёсць шанцы завяршыць свае справы, распарадзіцца маёмасцю і пакінуць гэты свет з пачуццём адноснага спакою за блізкіх. І нарэшце, з'яўляецца магчымасць пражыць гэты невялікі адрэзак жыцця так, як яму хочацца, ажыццявіць нейкую запаветную мару.
Разам з тым, многія людзі не хочуць ведаць усяго пра сваю хваробу. Бо пакуль у чалавека ёсць надзея на выздараўленне, ён можа весці адносна паўнавартаснае жыццё, будаваць планы на будучыню, праводзіць дні размаўляючы, а не развітваючыся з роднымі і блізкімі. Акрамя таго, даведаўшыся пра страшную праўду, многія адчайваюцца, адчуваюць бессэнсоўнасць жыцця і здольныя на непапраўныя ўчынкі, аж да самагубства. Некаторыя замыкаюцца ў сабе, разрываюць адносіны са сваякамі, не жадаючы быць ім абузай.
Сярод неадназначнасці меркаванняў хрысціянства прапануе знайсці адказ на гэтае праблемнае пытанне. У сваёй кнізе “Дарыць жыццё. Біяэтыка ў публічнай дыскусіі з Царквой” святар Станіслаў Важэшак піша: “Мы нязвыклыя да смерці, і думка пра яе напаўняе нас страхам і робіць безабароннымі. Расце жаданне не толькі ўцячы ад смерці, але і “ліквідаваць” яе. Між тым пакуты і смерць былі і заўсёды будуць неаддзельнай часткай нашага жыцця, у якой мы даем магчымасць выказацца спагадзе і любові. Усвядомленае прыняцце надыходзячай смерці істотна важна для таго, каб пражыць тыя, што засталіся, моманты жыцця годным чынам, рэалізаваць свае асабістыя і духоўныя мэты. ( ... ) А ўважлівая, далікатная, поўная любові і клопату і, перш за ўсё, сардэчная падтрымка сям'і і сяброў – дазволіць пераадолець неспакой і страх, перамагчы пачуццё адзіноты і пакінутасці”.
Хочацца, каб кожны ўрач задумаўся над гэтай хвалюючай праблемай і, нягледзячы на эмацыйную афарбоўку сітуацыі, захоўваючы аб'ектыўнасць, знайшоў адказы на пытанні – ці казаць праўду, як казаць і што казаць пацыенту, асабліва цяжка хвораму і паміраючаму. Бо ў гэтай сітуацыі лекар літаральна трымае ў руках жыццё і смерць чалавека і ў шчыльную мае дачыненне да яго асабістых, духоўных і маральных праяў, яго ўзаемаадносін з сям'ёй і грамадствам.
Караліна Буторына