На працягу апошніх 60-ці гадоў узровень гвалту ў кінематографе павялічыўся амаль у 4 разы. Да такой высновы прыйшлі даследчыкі з Універсітэта штата Агаё. Пад кіраўніцтвам прафесара Брэда Бушма навукоўцы прааналізавалі 915 кінастужак, якія карысталіся найбольшай папулярнасцю ў ЗША з 1950 па 2012 гады.
Як высветлілася, самымі папулярнымі аказаліся фільмы, да прагляду якіх падлеткі дапускаюцца толькі з бацькамі. Менавіта ў гэтай катэгорыі фільмаў назіраецца павелічэнне колькасці сцэн гвалту, у прыватнасці - з ужываннем агнястрэльнай зброі. Яшчэ ў 1985-м фільмы дадзенай катэгорыі практычна не ўтрымлівалі такіх сцэн, але з сярэдзіны 2000-х намецілася ўстойлівая тэндэнцыя да іх колькаснага павелічэння.
Дыскусіі аб уплыве жорсткага кіно і камп'ютэрных гульняў на паводзіны людзей не ўтаймоўваюцца ўжо многія гады. Шэраг даследаванняў сапраўды пацвярджае, што гвалт у СМІ можа падштурхнуць чалавека да гвалту ў рэальным жыцці. У прыватнасці, такія дадзеныя выкладзены ў артыкуле “Уздзеянне медыя-гвалту на моладзь” аўтарства 8-мі аўтарытэтных амерыканскіх навукоўцаў, такіх як Леанард Беркавіц, Крэйг Андэрсан і іншых. Дарэчы, высновы навукоўцаў не такія адназначныя, як прынята лічыць. Сапраўды, жорстасць у медыя з'яўляецца фактарам, які можа справакаваць чалавека на гвалт. Аднак, наўрад ці яго можна лічыць асноўным, бо сваю ролю у гэтым таксама мае пол, сацыяльна-эканамічны статус і іншыя характарыстыкі асобы. Джэймс Фокс, прафесар крыміналістыкі з Бостанскага Паўночна-Усходняга універсітэта, наогул прытрамліваецца думкі, што людзі не схільныя змешваць мастацкую выдумку і рэальнасць. На баку скептыкаў і банальная логіка: жорсткі медыя-кантэнт штодня праглядаюць мільёны чалавек, аднак забойцамі становяцца адзінкі (гл. артыкул The New York Times « Does Media Violence Lead to the Real Thing?")
Больш таго, пасля выхаду фільма “Вызвалены Джанго”, Квенцін Таранціна заявіў, што гвалт у кіно прыносіць карысць: яно спрыяе “духоўнаму ачышчэнню” і “добрае для духа”. Невядома, ці адбываецца такое “ачышчэнне” пры праглядзе “Тэхаская разня бензапілой”, але вось дэструктыўны ўплыў медыяжорсткасці на грамадства сапраўды мае месца. Гаворка ідзе пра тое, што жорсткасць ў СМІ сапраўды спрыяе легітымізацыі гвалту.
Па-першае, штодзённы прагляд выдуманага (кіно) і рэальнага (навіны, тэлешоў) гвалту спрыяе яго рутынізацыі. Калі гвалт ўспрымаецца як неад'емная частка паўсядзённага жыцця, чалавек схільны ставіцца да яго нейтральна ці нават апраўдваць яго (гл. кнігу Peter Uvin «Aiding Violence: The Development Enterprise in Rwanda»). З гэтым сацыяльна-псіхалагічным феноменам чалавецтва сутыкаецца даволі рэгулярна: напрыклад, падчас пераследу яўрэяў нацыстамі, падчас распрацоўкі ядзернай зброі і ў многіх іншых выпадках. Падобны эфект стварае і засілле жорсткасці ў медыя.
Па-другое, гвалт у кіно з'яўляецца эстэтычна прывабным, што таксама спрыяе яго легітымізацыі ў вачах грамадства. Майстэрскія сілавыя прыёмы і харызматычныя акцёры – дзякуючы кінематографу гвалт становіцца прыгожым у літаральным сэнсе. "Рэкламны” эфект таксама не варта недаацэньваць. Кампанія па барацьбе з дэманстрацыяй курэння ў кіно была прадыктавана падобнымі меркаваннямі. Як высветлілі даследчыкі, курэнне на экране сапраўды матывуе падлеткаў да курэння (гл. артыкул «Smoking In Movies Influences Teens To Become Established Smokers»).
Па-трэцяе, кінематограф так ці інакш апраўдвае гвалт. Бо ў большасці жорсткіх кінастужак герой вымушаны звяртацца да гвалту дзеля самаабароны або з пачуцця помсты ці справядлівасці. Да нематываванага гвалту звяртаюцца хіба што негатыўныя персанажы, ды і то далёка не ўсе. Меркаванні адносна мэтазгоднасці гвалту сустракаюцца не так часта. Кемлівыя рэжысёры часта звяртаюцца да простай сюжэтнай камбінацыі "паляўнічы становіцца дзічынай”. У падобных фільмах гвалт і прыніжэньне, якія спазнаюць галоўныя героі, апраўдваюць выкарыстанне гвалту, як адказу. Таму глядач, назіраючы за расправай над кіношнымі нягоднікамі, успрымае гвалт над імі, як апраўданае і пажаданае.
Абаронцы кінематаграфічнай свабоды слова запярэчаць, што жорсткае кіно мае строгія ўзроставыя абмежаванні. У тэорыі, яны закліканы зніжаць негатыўны ўплыў кіно на несфармаваныя асобы – дзяцей і падлеткаў. Аднак законнасць гэтых абмежаванняў не варта пераацэньваць. У эпоху інтэрнэту (і інтэрнэт-пірацтва) пракантраляваць распаўсюджванне кіно і любога іншага медыя-кантэнту практычна немагчыма.
Такім чынам, сучасны кінематограф становіцца ўсё больш жорсткім. Гэта прыводзіць да зніжэння «узроўня адчувальнасці» да гвалту ў грамадстве – яно становіцца штодзённым. Акрамя таго, гвалт у кіно падаецца, як нешта эстэтычнае і апраўданае. У першым выпадку гаворка ідзе пра своеасаблівы рэкламны эфект жорсткага кіно, а ў другім - пра тое, што рэжысёры часта займаюць апраўдальную пазіцыю ў адносінах да гвалту. Усё разам гэта спрыяе “нармальнасці” ва ўспрыманні гвалту і жорсткіх паводзінаў закаранёных у свядомасці грамадства.
Паводле ideas4god.com