Як жыць справядліва?
Мы не заўсёды ў стане вызначыць, што такое справядлівасць, але сумленне адклікаецца тады, калі нас пакрыўдзяць або калі мы самі каго-небудзь крыўдзім. У сацыяльных адносінах справядлівасць адыгрывае вельмі важную ролю. Таму ўжо ў старажытнасці яна была вядома як адна з самых важных вартасцяў і трывалая аснова грамадскага жыцця. Яе правілы рэгулююць розныя сферы жыцця, дазваляюць людзям жыць у свеце і даюць адчуванне бяспекі.
Несправядлівасць стварае пачуцце крыўды, нязгоды, прыводзіць да барацьбы паміж людзьмі. У сферы працы мы гаворым пра справядлівасць у адносінах паміж працадаўцам і работнікам, звяртаючы ўвагу на правы і абавязкі абодвух бакоў. Справядлівасць можна коратка вызначыць як адданне кожнаму таго, што ён заслугоўвае. Яна грунтуецца на ўзаемным шанаванні правоў і абавязкаў.
Справядлівая аплата за працу
Працадаўца абавязаны справядліва ўзнагародзіць работніка. Аплата за працу павінна выплачвацца ў адпаведнасці з кантрактам, у срок і па якасці, на якую пагадзіліся абодва бакі.
Колькі павінен плаціць працадаўца? Эканаміст адкажа не задумваючыся: столькі, наколькі праца таго варта. Папа Ян Павел II у сваёй энцыкліцы Laborem Exercens пастуліраваў, каб справядлівая аплата была больш, чым фінансавы эквівалент працы працаўніка і каштоўнасці вырабленых дабротаў. Ён хацеў, каб працадаўца, пры вызначэнні памеру ўзнагароджання, звяртаў увагу на сітуацыю ў сям'і працаўніка і яе патрэбы. Справядлівая заработная плата дазваляе працаўніку забяспечыць сваёй сям’і годныя ўмовы жыцця.
На жаль, на практыцы вельмі цяжка адшукаць такі падыход з боку працадаўцы. Вельмі часта мы сустракаемся з сітуацыямі, у якіх, нягледзячы на працу і сістэматычны заробак, многія людзі жывуць у галечы, з цяжкасцю “зводзяць канцы з канцамі". Працадаўцы, якія выкарыстоўваюць складаную сітуацыю на рынку працы, прапаноўваюць працу ў неспрыяльных умовах, часта без прадастаўлення сацыяльных і медыцынскіх паслуг (так званыя "смеццевыя ўмовы"). Хочуць плаціць сваім супрацоўнікам як мага менш, але каб працавалі яны, што называецца, “па-чорнаму”. Бывае, што нелегальна падоўжваюць працуючым працоўны час, ускладаючы на іх дадатковыя задачы і абавязкі, што часцяком адымае шмат часу і патрабуе велізарнай працы. Не плацяць за працу звышурочна і ў святочныя дні.
Працадаўцы маюць права чакаць ад сваіх супрацоўнікаў добрага выканання даверанай ім працы, сумленнага выкарыстання працоўнага часу і адказнасці за давераную ім уласнасць.
Справядлівасць кажа супрацоўнікам, каб працавалі як мага лепш і як мага больш старанна. Супрацоўнік павінен характарызавацца справядлівым падыходам да прафесійных абавязкаў, сумленнасцю, прафесіяналізмам, пунктуальнасцю і падтрыманнем абавязацельстваў. Добры работнік клапоціцца аб павышэнні сваёй кваліфікацыі і захаванні прафесійнай этыкі.
Сакрэтнае выраўноўванне
Здараецца, што работнікі адчуваюць сябе абрабаванымі працадаўцам. Скардзяцца на нізкую заработную плату, дадатковую працу, адсутнасць справядлівага падыходу з боку працадаўцы. Яны адчуваюць сябе недаацэненымі і эксплуатуемымі. Маральнае багаслоўе ў сітуацыі несправядлівых ўзнагарод прадугледжвала магчымасць "тайнага выраўноўвання” – калі нізкааплатны работнік сам кампенсаваў сабе фінансавыя страты. Ён мог без ведама і згоды працадаўцы забраць інструмент, матэрыялы і фінансавыя рэсурсы – і гэта не было крадзяжом. Напрыклад, работнік рэстарана браў дадому ежу, якая заставалася, ці работнік банку выкарыстоўваў офісны кампутар у асабістых мэтах. Да такіх дзеянняў трэба падыходзіць вельмі асцярожна. Тут лёгка прыйсці да суб'ектыўнасці і несправядлівасці. Існуе небяспека таго, што тое, што павінна было аднавіць нанесеную шкоду, можа стацца крадзяжом.
Працадаўца, як і работнік, павінны працаваць сумленна. Гэта азначае, што яны пачнуць сумленны дыялог аб заработнай плаце, умовах працы, абавязках. Не ўсё можна вызначыць і запісаць у правілах працы і ўмовах. Неабходна, каб кожны з бакоў паважаў правы іншага. Пачуццё справядлівасці дапаможа ў вырашэнні нават самых складаных праблем і канфліктаў у інтарэсах у духу салідарнасці і братэрства.
Ці роўна – значыць справядліва?
Сацыяльная справядлівасць на працягу стагоддзяў застаецца самым вялікім жаданнем чалавецтва. Многія людзі ўдзельнічаюць у барацьбе за яе прыход або аднаўленне, але нягледзячы на гэта мы працягваем жыць у свеце несправядлівасці і велізарнай сацыяльнай кантрастнасці. У міжнародных адносінах, нацыянальных, як і сямейных справядлівасць застаецца нявыкананым пастулатам. Хрысціяне памятаючы пра словы Хрыста, якія Ён выказаў у Нагорнай пропаведзі: “Благаслаўлёныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны насыцяцца” (Мф. 5, 6), маюць маральны абавязак дзейнічаць у інтарэсах справядлівасці.
Справядлівасць у адносінах з бліжнімі праяўляецца ў шанаванні іх годнасці, выкананні абавязкаў у адносінах да іх. Сама па сабе яна не дастатковая. Часам абавязковае ўжыванне яе прынцыпаў прыводзіць да таго, што яна ператвараецца ў несправядлівасць. Правіла "усім аднолькава", якое некаторыя атаясамліваюць з справядлівасцю, можа быць крыўдным. Таму – як вучыў бл. Ян Павел II – неабходна ўмацоўваць справядлівасць любоўю і міласэрнасцю.
Крыніцa ekonomia.opoka.org.pl