Skip to main content

Як даць рады з залежнасцю ад камп’ютэрных гульняў?

kompСёння гульнявы свет вельмі развіты і даступны як для старэйшых, так і для малодшых. Досыць папулярным аб’ектам жаданняў становяцца рознага тыпу камп’ютэрныя гульні. Пры гэтым можа ўзнікнуць залежнасць, якую некаторыя спецыялісты класіфікуюць як адну з самых папулярных.

Часцей за ўсё ў групу рызыкі трапляюць хлопцы (мужчыны), бо ў іх ад прыроды больш, чым у жаночай паловы, развіты канкурэнтнасць, спаборніцкія матывы, імкненне да першынства, якое можна рэалізаваць таксама ў камп’ютэрнай гульні. А дзяўчаты (жанчыны) “падсаджваюцца” ў большасці на сацыяльныя сеткі. Часам адсутнасць “лайка” пад фатаграфіяй можа прывесці да дрэннага настрою ці нават незадаволенасці жыццём.

Тысячы людзей гадамі чакаюць з’яўлення новых версій камп’ютэрных гульняў, на якія гатовыя выдаткоўваць вялікія грошы. Прычын, па якіх людзі ўцякаюць у віртуальны свет, вельмі шмат. Але я б хацеў звярнуць увагу на некаторыя важныя моманты, якія спрыяюць уцягванню ў гульнявую залежнасць.

1. Наяўнасць уласнага (інтымнага) свету. Для залежнай асобы камп’ютэр становіцца другім, а можа, нават асноўным домам, дзе можна рабіць тое, што хочаш, бо гэта “межы маёй свабоды і адказнасці”.

2. Рэалістычнасць працэсаў і абстрагаванне ад навакольнага свету. Гуляючы ў камп’ютэрныя гульні, чалавек часта забывае пра справы ў рэальным, акружаючым яго свеце, нібыта ўцякаючы ад праблем і клопатаў. Віртуальны свет можа здавацца і быць больш прывабным.

3. Магчымасць прыняцця самастойнага рашэння. Чалавек кіруе персанажам, усяго толькі націснуўшы на клавішу або кнопку мышы. Да таго ж, у сюжэтах гульні прадугледжаны літаральна неабмежаваныя магчымасці: можна забіваць, ажываць, лётаць і г. д. Многія хацелі б мець абсалютную ўладу і не залежаць ні ад каго. Гульні якраз прадстаўляюць такую магчымасць.

Акрамя таго, узнікненне сацыяльных і фінансавых праблем можа падштурхнуць да паглыблення ў гульнявы свет. Многія людзі, расчараваўшыся ў сваіх адносінах, шлюбе, спрабуюць такім чынам уцячы ад балючых успамінаў і праблем ці хаця б прыглушыць іх на нейкі час. Таксама пры дапамозе камп’ютэра моладзь спрабуе быць самастойнай ад бацькоў або мець свае фінансы на асабістыя выдаткі. Вы, магчыма, здзівіцеся, але многія дзеці ўжо прыкладна з 6-га класа выкарыстоўваюць азартныя сервісы (анлайн-казіно) для таго, каб “падымаць грошы”.

Сёння ў псіхалагічнай літаратуры можна сустрэць шмат розных спосабаў, якія могуць быць эфектыўнымі ў барацьбе з гульнявой залежнасцю. Як пазбавіцца ад гэтай прыхільнасці?

• Устанавіць ліміт знаходжання ў альтэрнатыўнай рэальнасці. Спярша гэта можа быць не больш за 1-2 гадзіны ў дзень. Пасля варта паступова скарачаць час, ладзячы “выхадныя” без камп’ютэра.

• Уставаць з-за камп’ютэра па таймеры. Гэта павінна адбывацца незалежна ад таго, скончана пэўная місія або ўзровень у гульні ці не.

• Праводзіць больш часу з блізкімі. Наладзіць асабістую камунікацыю з сям’ёй, сябрамі, знаёмымі.

• Прыдумаць сістэму ўзнагарод і пакаранняў. “Санкцыі” за парушэнні павінны прыносіць карысць: гэта могуць быць фізічныя практыкаванні або адукацыйныя ўрокі, чытанне або заняткі творчасцю.

Існуюць сітуацыі, калі як дзіцяці, так і даросламу можа спатрэбіцца дапамога спецыялістаў. Важна памятаць, што ў гэтым няма нічога саромнага і надзвычайнага. Дзякуючы прафесійнай рэабілітацыі ў чалавека адновяцца ўсе псіхічныя функцыі, нармалізуецца фізічны стан здароўя і палепшыцца эмацыянальны фон.

Паводле “Слова Жыцця”, кс. Павел Салабуда

 

Рэдагавана: 12 Ліпеня 2024