Skip to main content

Шопінгаманія: што стаіць за жаданнем купляць?

upl 1649835273 158055 au2bnЦягам апошніх дзесяткаў гадоў імкліва расце колькасць велізарных гандлёвых цэнтраў. У краінах Еўропы ёсць цэлыя outlet villages (“гандлёвыя вёскі”). Распаўсюджанымі становяцца “шопінг-туры”, “шопінг-суправаджэнне”. Разам з тым, на піку папулярнасці зараз “онлайн-шопінг”, калі набыць амаль любую рэч ці паслугу можна нават не выходзячы з дому. Тавары на любы густ, масавыя распродажы і скідкі, рэкламныя кампаніі – усё гэта прыводзіць да таго, што людзі губляюць кантроль над сабой і несвядома набываюць многія тавары.

Як і ў выпадках з алкаголем, наркотыкамі, азартнымі гульнямі, інтэрнэтам, пры празмернай захопленасці шопінгам можа развіцца залежнасць, у прастамоўі – “шопагалізм”. Гэты тэрмін не навуковы. У медыцынскіх колах дадзенае псіхічнае расстройства называецца “аніяманія”: ад двух грэчаскіх слоў ὤνιος (“для продажу”) і μανία (“вар’яцтва”). Гэта значыць, у чалавека ўзнікае моцнае жаданне штосьці набыць без неабходнасці, дзеля самога працэсу.

Сёння пад “шопінгам” разумеецца не проста купля тавараў, а ўвесь комплекс паслуг, які ўключае і спадарожныя забавы (рэстараны, кафэ, кіно і г. д.). Гэта цэлая індустрыя, якая задавальняе самыя разнастайныя жаданні патэнцыйнага пакупніка. У сувязі з гэтым шопінг становіцца папулярнай формай баўлення часу таксама ў моладзі і дзяцей, якіх бацькі з маленства далучаюць да гэтай культуры.

Першы час шопінг працуе “ў плюс”, пастаўляючы чалавеку шчодрымі порцыямі “гармон шчасця” – дафамін. Усё часцей мы можам шукаць нагоду, каб схадзіць у гандлёвы цэнтр і зноў адчуць такі прыемны стан. З часам “мне трэба гэта купіць” скарачаецца да “трэба купіць”. Не важна – што, галоўнае – купіць. Шопінг набывае асаблівы асобасны сэнс, і “ўважлівая прычына” ўжо не патрэбна.

Людзей, якія пакутуюць на шопагалізм, называюць шапаголікамі. Яны часта ходзяць па крамах без выразнай мэты, праводзяць на маркетплэйсах увесь свой вольны час. Жаданне заняцца шопінгам у іх дамінуе над іншымі заняткамі.

Не здзяйсняючы пакупкі, шапаголік губляе задавальненне ад жыцця. У той жа час у сучасным постіндустрыяльным грамадстве дзесьці толькі трэць ад усіх вырабляемых тавараў прызначана для задавальнення “рэальных”, жыццёва важных патрэб чалавека, астатняе – адносіцца да “неабавязковай” групы (напрыклад, новая мадэль мабільнага тэлефона).

Што пабуджае людзей да спантанных пакупак? Вельмі часта прычынамі гэтага становяцца ўнутраныя праблемы: асабістая трагедыя, недахоп увагі, нізкая самаацэнка, адсутнасць магчымасцей для рэалізацыі ўласных здольнасцей, адзінота... Праз набыццё матэрыяльных рэчаў чалавек здымае эмацыянальнае напружанне. Аднак, вырашаючы псіхалагічныя праблемы з дапамогай шопінгу, ён маштабіруе іх і стварае іншыя. Акрамя гары непатрэбных рэчаў, у некаторых растуць даўгі, а таксама розныя непрыемнасці.

Псіхолагі нават выдзяляюць групу людзей, якія могуць знаходзіцца ў зоне рызыкі. Гэта, напрыклад, асобы, якія ў дзяцінстве не атрымлівалі неабходных рэчаў, як правіла, з матэрыяльна незабяспечаных сем’яў. Стаўшы дарослымі, яны імкнуцца кампенсаваць сабе ўсё тое, чаго не мелі раней. Гэта таксама тыя, хто не ведаў слова “не”. Такія людзі працягваюць купляць усё, што ім хочацца ў дадзеную хвіліну, і наўрад задумваюцца, ці будуць потым гэта выкарыстоўваць.

Некалькі парад, каб не трапіць у залежнасць ад шопінгу:

• складаць спіс рэчаў, якія трэба набыць;

• мець ліміт грошай на пакупкі;

• калі ёсць сумненні паміж “купляць” і “не купляць”, не дзейнічаць імпульсіўна, а вярнуцца да гэтага пытання пазней;

• знайсці альтэрнатыву шопінгу як форме баўлення вольнага часу.

З пазіцыі хрысціянскага вучэння, рэчы павінны служыць людзям, а не людзі – рэчам. Інакш рэчы, якімі ты валодаеш, рана ці позна завалодаюць табой. Таму шопагалізм – гэта грахоўная схільнасць, ад якой трэба пазбаўляцца. Жаданне пастаянна нешта купляць і назапашваць з’яўляецца духоўнай хваробай, “корань зла” якой крыецца ва ўнутраных праблемах чалавека. Іх трэба неадкладна вырашаць са спецыялістам.

Паводле "Слова Жыцця", кс. Павел Салабуда

 

Рэдагавана: 15 Красавік 2024