Skip to main content

Што рабіць, калі дзіця крадзе?

rebenokКожныя бацька і маці мараць аб лепшым для свайго дзіцяці. Імкнуцца зрабіць усё для таго, каб яно вырасла справядлівым, разумным і, вядома, сумленным.

Часта калі бацькі ловяць дзіця на крадзяжы або даведваюцца пра гэта ад іншых, яны ўпадаюць у паніку і пачынаюць біць ці крычаць на свайго сына ці дачку. У дадзенай сітуацыі варта, у першую чаргу, узгадаць, колькі гадоў дзіцяці. Не кожны выпадак такіх паводзін можна ахарактарызаваць як злачынства.

1. Ранняе дзяцінства (1–3 гады). Дзіця ў гэты перыяд вельмі часта бярэ ўсё, што яму падабаецца. Напэўна, бацькі хоць аднойчы былі сведкамі таго, як прынеслі дадому чужую цацку. Гуляючы з іншымі дзецьмі, малое проста паклала забаўку да сваіх, бо тая рэч яму вельмі спадабалася. Не варта тут думаць і баяцца, што дзіця вырасце злодзеем. Яно яшчэ да канца не ўсведамляе ў гэтым узросце, што ёсць рэчы свае і чужыя. Належыць спакойна і цярпліва тлумачыць, што цацка “не наша” і што якомусьці хлопчыку ці дзяўчынцы будзе сумна без яе.

2. Малодшы дашкольны ўзрост (3–5 гадоў). Гэта перыяд, калі дзіця пачынае разумець, якія паводзіны добрыя, а якія – дрэнныя. Многія лічаць, што ў дадзены час фарміруецца сумленне чалавека. Калі, напрыклад, дзіця забярэ ў кагосьці цацку, яму ўжо будзе сорамна і нават часам будзе адчуваць сябе вінаватым. Зноў жа, бацькі не павінны нервавацца, а як мага больш размаўляць са сваім дзіцём аб асабістай і чужой маёмасці.

3. Старэйшы дашкольны ўзрост (5–6 гадоў). У канцы дзіцячага садка дзіця ўжо добра разумее, што належыць яму, а што – іншай асобе. Часцей, калі яно нешта задумала скрасці, то зробіць гэта такім чынам, каб ніхто не заўважыў, можа схаваць “здабычу” ад бацькоў. У такой непрыемнай сітуацыі варта ўзяць сябе ў рукі і не сарвацца на дзіця. Перш за ўсё, неабходна размова замест крыку. Трэба дамовіцца, што на наступны дзень яно аддасць скрадзеную рэч і папросіць прабачэння за свой учынак. Калі гэта зробіць, пахваліце дзіця. Важна паказаць, што бацькі ад яго “не адмаўляюцца”, але не церпяць паводзін, звязаных з крадзяжом.

4. Малодшы школьны ўзрост (6–10 гадоў). У першыя гады навучання дзіця вельмі хоча заваяваць сэрцы аднагодкаў. Напрыклад, дробны крадзеж з мамінага кашалька дазволіць яму купіць больш прысмакаў, якія пазней можна будзе раздаць сябрам. Так атрымлівае іх прыхільнасць. Неабходнасць быць прынятым для дзіцяці ў гэты перыяд становіцца першараднай, і яно не думае пра папярэднія настаўленні бацькоў. На дадзеным этапе важнай тэмай размовы будзе тое, што сяброўства, каханне і да т. п. не купляюцца за грошы. Бацькам трэба нагадваць пра прынцып сумленнасці, які неабходна пастаянна набліжаць дзецям.

5. Старэйшы школьны ўзрост, падлеткі (10–18 гадоў). Гэта перыяд моднага і прывабнага адзення, забаў і гулянак, частых шпацыраў па крамах як роду баўлення вольнага часу; перыяд г. зв. кішэнных грошай. Бацькі не заўсёды могуць дазволіць усё гэта і, вядома, не на ўсё пагаджаюцца. Таму падлеткі часам наважваюцца на меншыя і большыя крадзяжы. Некаторым нават такая рызыка пачынае падабацца, і яны робяць гэта, напрыклад, “для спорту”. Нельга недаацэньваць такія паводзіны і думаць, што “дзіця перарасце”. Перш за ўсё, важнае значэнне мае размова на тэму, што падобнае зладзейства можа скончыцца дрэнна. Варта адкрыта гаварыць пра наступствы крадзяжу. Можна паказаць радыкальныя прыклады з жыцця іншых людзей, як маладыя людзі трапляюць у месцы пазбаўлення волі.

Таксама варта адрозніваць клептаманію ад крадзяжу. Клептаман – гэта чалавек, які спантанна жадае скрасці розныя прадметы, што, часцей за ўсё, не ўяўляюць ніякай каштоўнасці. Ён можа так рабіць нават супраць уласнай волі, каб звярнуць на сябе ўвагу або справіцца з расхістанымі эмоцыямі і г. д. Вядома, прычын дадзеных паводзін значна больш. Пры падазрэнні на клептаманію неабходна звярнуцца да псіхолага.

У канцы яшчэ раз коратка, што рабіць бацькам, калі дзіця крадзе:

 не панікаваць;

памятаць, што дзіця можа да канца не разумець сваіх учынкаў;

не казаць сыну ці дачцэ, што яны злодзеі;- не сароміць дзіця публічна, думаючы, быццам больш не будзе так рабіць;- у асабістай размове падрабязна расказаць, якія паводзіны непрымальныя і што такое крадзеж;

прыглядзецца да сямейных адносін, бо сям’я – месца праяўлення пачуццяў;

 выдзяляць больш часу сваім дзецям;

пры неабходнасці звяртацца па дапамогу да псіхолага або іншага спецыяліста.

Выхаваць малодшае пакаленне сумленным – вельмі важная задача. Мы ўсе як грамадская супольнасць прымаем у гэтым удзел, пачынаючы з бацькоў. Таму варта на кожным этапе жыцця даваць дзецям належны прыклад і быць для іх узорам.

Паводле "Слова Жыцця", кс. Павел Салабуда

 

Рэдагавана: 05 Снежня 2023