Нягледзячы на сучасны крызіс сям’і, шмат гаворыцца пра тое, як пабудаваць удалы, гарманічны саюз. Заключаючы шлюб, людзі могуць разлічваць на трывалыя блізкія адносіны. Аднак трэба ўсведамляць: уступленне ў шлюб не з’яўляецца гарантыяй таго, што зносіны заўсёды будуць заставацца на ранейшым узроўні. Вядома, яны перажываюць трансфармацыю. Сужэнства – гэта пастаянны клопат аб саюзе з боку абодвух партнёраў. Узаемная адданасць і намаганні, гатоўнасць адкрывацца і нястомны пошук паразумення ўдасканальваюць міжасобасны кантакт.
Часта можна пачуць ад мужа ці жонкі: “Калі ты мяне любіш, то ведаеш, што мусіш зрабіць...”. Гэта мова кодаў, якая, на жаль, не арыентавана на ўзаемаразуменне. Важнай задачай з’яўляецца ўмацаванне адносін у шлюбе з захаваннем ідэнтычнасці абодвух партнёраў.
Вопыт сужэнскіх пар паказвае, што, каб мець шчаслівыя стасункі, неабходна ўлічваць наступныя фактары:
1. Прывабнасць. Яна можа быць рознай: знешняй, фізічнай, духоўнай, харызматычнай і інш. Гэта ключ, які стымулюе пазнаваць партнёра, адкрываючы яго з розных бакоў.
2. Падабенства. Важна мець супольныя інтарэсы, погляды і пры гэтым памятаць пра сваю індывідуальнасць. Тады лягчэй знаходзіць кропкі судакранання і сумесна прымаць рашэнні. Нярэдка людзі з’яўляюцца прывабнымі адзін для аднаго, але маюць мала агульнага – могуць узнікаць канфлікты. Такім чынам, вельмі важна шукаць тое, што аб’ядноўвае.
3. Узаемнасць. Неабходна быць адкрытымі адзін на аднаго, лаяльнымі. Задавальняць патрэбы кожнага ў аднолькавай ступені, ісці на ўступкі і будаваць адзінства. У сужэнстве больш дарэчнае “мы” замест “я”.
4. Блізкасць. Каб мець сапраўды інтымныя адносіны, сужэнцы павінны знаходзіць час адзін для аднаго, каб праводзіць яго разам, сам-насам. Выбудаваць блізкія адносіны таксама дапамагае праява ўвагі ў выглядзе пяшчоты, даверу. Ніколі не будзе залішнім паўтарыць “кахаю”, калі гэтага патрабуе сэрца.
Ворагамі сужэнства з’яўляюцца дрэнныя звычкі і прывязанасці, “трэція” асобы ў шлюбе, пражыванне з бацькамі на адной тэрыторыі, ператамленне, нуда, эгаізм. Звернем таксама ўвагу на Біблію, якая ў многіх месцах папярэджвае аб розных негатыўных з’явах адносна сужэнскіх адносін. Заахвочваю прачытаць знакі апошніх часоў, якія апісвае св. Павел у Другім пасланні да Цімафея (2 Цім 3, 1–9).
Не забывайма галоўнага: сужэнства мае вялікую духоўную каштоўнасць. Гэта дар, дадзены чалавеку Богам, пра які варта клапаціцца і ў ім узрастаць.
Як можна палепшыць клімат у сям’і
Размаўляйце – шмат! Дзяліцеся тым, што вас непакоіць. Задавайце пытанні. Аналізуйце, разбірайцеся ў праблемах, якія маюць месца ў шлюбе.
Паважайце асабістыя межы адзін аднаго. Кожны мае патрэбу ў прыватнай прасторы, часе, жаданнях, інтарэсах. Любому чалавеку неабходна яго “маленькая зона камфорту”.
Абдымайцеся, бярыцеся за рукі! Тактыльны кантакт вельмі важны. Ён дорыць людзям пачуццё бяспекі, клопату, адчування, што ты сапраўды важны.
Не выносьце сваё смецце на чужы сметнік. Няхай сямейныя непаразуменні застаюцца ў хатніх сценах. Распавядаючы бацькам, сваякам, сябрам пра канфлікты ў адносінах з партнёрам, будзеце мець напамін аб крытычных сітуацыях, якія маглі ўжо з часам забыцца.
Выбачайцеся. І выбачайце. Вельмі важна знаходзіць у сабе сілы для прымірэння, падыходзіць да гэтага са шчырым жаданнем і ў добрым настроі.
Прасіце аб дапамозе. Партнёр можа і не здагадвацца, што маеце ў нечым патрэбу. Таму канкрэтна гаварыце пра свае чаканні і спадзяванні.
Знаходзьце пазітыўныя моманты ў любой сітуацыі. Дзякуючы мысленню ў аптымістычным ключы многія напружаныя сітуацыі ідуць на спад, і нават сур’ёзныя, здавалася б, сваркі ўспрымаюцца зусім інакш.
Будуйце сумесныя планы. Яны збліжаюць людзей, даюць прадстаўленне аб будучыні. Чалавек, як след, адчувае сябе няўтульна, калі не ведае, чаго чакаць ад заўтрашняга дня.
Паводле “Слова Жыцця”, кс. Павел Садабуда