У кансультацыйнай практыцы я нярэдка сустракаюся з парамі, якія аддаліліся адзін ад аднаго. Часам яны ўжо не адчуваюць ніякіх узаемных пачуццяў і нават сцвярджаюць, што сталі ненавідзець адзін аднаго.
Адной з галоўных праблем сямейнага крызісу з’яўляецца нявырашаны канфлікт. Часцей за ўсё ў сварках, якія прыводзяць да канфліктаў, эмоцыі бяруць верх, і сужэнцы, замест таго, каб шукаць згоды, пачынаюць нападаць адзін на аднаго. Гарачыя дыскусіі перарастаюць у абвінавачванні, што пазбаўляе іх канструктыўнага характару.
Стандартная схема зараджэння сямейнага канфлікту выглядае наступным чынам:
У сужэнцаў маецца сур’ёзная розніца ў падыходзе да праблемы, якая…
… застаецца нявырашанай, з-за чаго…
… з’яўляецца канфлікт, які…
… прыводзіць да распаду сужэнства.
Важна пастарацца зразумець такіх людзей і прыроду іх канфлікту, а таксама высветліць прычыны. Пры гэтым трэба ўлічваць, на якой стадыі развіцця знаходзіцца шлюб і які вопыт ён мае за плячыма. Так, напрыклад, сужэнствы да 5-ці гадоў і пасля 30-ці гадоў сумеснага жыцця будуць па-рознаму перажываць праблемы і шукаць выхад у цяжкіх сітуацыях. Маладая пара можа адразу прыняць рашэнне расстацца, не даючы адзін аднаму шансу, а старэйшыя сужэнцы, хутчэй за ўсё, перачакаюць пэўны час і пашукаюць адпаведны спосаб вырашэння праблемы.
Хацеў бы падкрэсліць, што праблем у сужэнскім жыцці шмат і яны маюць розны характар. Таму і метады кансультавання адрозніваюцца (напрыклад, дапамога пры сексуальных цяжкасцях у шлюбе і дапамога, звязаная з недахопам камунікацыі паміж мужам і жонкай ды інш.). Таксама могуць узнікнуць сітуацыі, калі праблема сужэнскага крызісу складаецца з мноства розных прычын.
Вельмі важна знайсці адпаведнага спецыяліста, напрыклад, каталіцкага сямейнага кансультанта: будзь гэта святар, псіхолаг або чалавек, адпаведным чынам падрыхтаваны да дапамогі ў складаных сітуацыях. Ён павінен быць сфарміраваны ў пытаннях сямейнага жыцця, памятаючы пра Божае і касцёльнае вучэнне, мець здаровыя маральныя прынцыпы. У сваёй практыцы я сустрэўся з сужэнскай парай, якая перажывала крызіс і пачула ад кансультанта па сямейным жыцці (які, напэўна, не быў належна падрыхтаваны і маральна сфарміраваны) параду на некаторы час знайсці палюбоўнікаў.
Што сужэнцы самастойна могуць зрабіць, каб узнавіць адносіны?
• Імкнуцца наладзіць гармонію ў шлюбе. Псіхолагі прапануюць вельмі просты рэцэпт: “Рабі ўсё, што робіць іншага чалавека шчаслівым”. У гэтых словах шмат праўды. Чалавек, які зведаў дабро, рана ці позна “адплаціць” тым жа.
• Заўважаць і задавальняць эмацыянальныя патрэбы партнёра. Прычым важна адзначыць, што ў мужчын і жанчын яны розныя. Так жанчыне патрэбна праяўленне пачуццяў і асаблівы клопат. Абдымаць, гаварыць пяшчотныя словы, дарыць падарункі… Яна ж не толькі глядзіць сябе, але і трымае ў парадку дом, клапоціцца пра агульных дзяцей. Жанчына хоча адчуваць, што заўсёды можа разлічваць на мужа і мае ў яго асобе гарантаваную падтрымку. А мужчына мае патрэбу ў адабрэнні і захапленні з боку жанчыны, нават калі гэтага не паказвае. Вялікае значэнне для яго мае таксама сексуальнае сужыццё, чаму жанчына можа не надаваць такой увагі.
Гэта толькі некаторыя моманты, на якія я звярнуў увагу і якія маглі б палепшыць клімат у сям’і, што перажывае крызісны перыяд. Спецыяліст дапаможа дэталёва разабраць складаную сітуацыю і пакажа магчымыя шляхі выхаду з яе.
Варта не забывацца пра першапачатковы Божы намер, які прадугледжваў стварэнне ідэальнага саюзу двух людзей. Сужэнства ад пачатку стварэння было і застаецца важным для Бога. І Ён таксама мае свой план выратавання для людзей, якія знаходзяцца ў шлюбных сувязях.
Паводле “Слова Жыцця”, кс. Павел Салабуда